Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выдалі перапіску Ельцына і Лукашэнкі


Маскоўскі кірмаш некамэрцыйнай літаратуры «Нон-фікшн» праходзіў днямі ў Маскве ў Цэнтральным доме мастака. Каб трапіць на кірмаш, даводзілася адстаяць немалую чаргу, а да прылаўкаў з кнігамі было не прабіцца.

Тут і праўда ёсьць на што паглядзець. Дзясяткі самых прэстыжных расейскіх выдавецтваў, СМІ і ўсіх, хто хоць неяк зьвязаны са словам, прадстаўлялі тут кніжныя навінкі. На выставе можна было атрымаць аўтографы самых папулярных расейскіх і замежных аўтараў: ад стваральніцы моднай дзіцячай сэрыі «Часадзеі» Натальлі Шчэрбы да Яўгена Грышкаўца. На расейскую мову традыцыйна перакладаюць шмат замежнай літаратуры. А вось Беларусь тут прадстаўленая адзінкавымі назвамі. У двухтамовым выданьні перапіскі першага расейскага прэзыдэнта Барыса Ельцына ёсьць ягоныя лісты Аляксандру Лукашэнку. На стэндзе выдавецтва «Роспэн» сьціпла прадстаўленыя нядаўна выдадзеныя мэмуары Станіслава Шушкевіча.

«Мы ня ведаем маладых беларускіх аўтараў, — кажа дырэктар выдавецтва „Час“ Барыс Пастарнак. — Перш чым трапіць у Расею, маладыя беларускія пісьменьнікі мусяць самі выйсьці на беларускі рынак».

Сам родам зь Беларусі, Пастарнак толькі за апошнія гады выдаў збор твораў Быкава, кнігі Някляева, Барадуліна і Алексіевіч. Някляева, жартуе Пастарнак, надрукавалі адмыслова пад прэзыдэнцкую кампанію паэта. Кампанія не ўдалася, але кніжка выйшла харошая.
XS
SM
MD
LG