Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Інвалід: Дай бог здароўя Лукашэнку


У раёне, дзе жыве шмат інвалідаў, няма лавак. Старыя адпачываюць і грэюцца каля цеплатрасы

У раёне, дзе жыве шмат інвалідаў, няма лавак. Старыя адпачываюць і грэюцца каля цеплатрасы

У Магілёўскай вобласьці да катэгорыі інвалідаў аднесена больш за 52 тысячы чалавек. Значная іх частка – беспрацоўныя. Яны жывуць на сацыяльныя пэнсіі, якія не перавышаюць 2 мільёнаў рублёў. У Міжнародны дзень інвалідаў наш магілёўскі карэспандэнт пагутарыў зь людзьмі з абмежаванымі магчымасьцямі пра іхнае жыцьцё.

Магілёўскія вуліцы Вавілава і Цыялкоўскага – раён кампактнага пражываньня інвалідаў па зроку. Бальшыня невідушчых жыве ў межах гэтых вуліц усё сваё жыцьцё. Зрэдку выбіраюцца, як тут кажуць, «у горад».
Вуліца Цыякоўскага дагледжаная і адрамантаваная

Вуліца Цыякоўскага дагледжаная і адрамантаваная


Вуліца Цыялкоўскага – цэнтральная ў гэтым раёне. Нядаўна яе адрамантавалі. Падправілі і тутэйшы Дом быту. Паставілі сьвятлафоры. У дварах жа мала што зьмянілася. У адным стаіць, нібыта помнік, прыбіральня. У іншых – разьбітыя дарогі і напаўразваленыя сараі.
Прыбіральня ў двары

Прыбіральня ў двары


На вуліцы Цыялкоўскага гутару зь сьляпым спадаром сталага веку.

«Я інвалід другой групы. Грошы не хапае. Я ня ежджу нікуды. Зрок у мяне кепскі. Мне сын прыносіць прадукты і ўсё астатняе. Жонка ў мяне памерла. Цяпер я адзін жыву. Вось па сто тысяч дадалі да пэнсіі 1 кастрычніка. А сёньня ў нас сход для інвалідаў, але, відаць, нічога даваць ня будуць».

У інвалідаў, якія выбраліся ўдзень у мясцовыя крамы і на рынак, пытаюся, што для іх Міжнародны дзень інвалідаў і ці пражываюць яны яго неяк адмыслова:

Спадарыня сталага веку: «Ну, так сабе – троху пражываю, і ладна. Вялікі дзякуй нашаму Лукашэнку, каб яму Бог здароўя даў і каб працаваў ён і нас мацаваў. Хоць малая ў нас пэнсія, але ж гэта наш заробак. Што рабіць? Ну, малавата. Ну, зь мяне дастаткова».

Спадарыня: «Як заўжды, як інвалід пражывае, так і я жыву. Нічога ён для мяне ня значыць. Пэнсіі на аднаго чалавека хапае. А вось калі ёсьць сям’я, як у мяне ўнук – у яго бацька ёсьць, а маці памерла, дык гадую. Мне цяжка, канечне. Усё, што ёсьць, даношваю. На харчы хапае – што таньней бяру».
Двары непадалёк ад вуліцы Цыялкоўскага

Двары непадалёк ад вуліцы Цыялкоўскага


Спадарыня: «А як адзначаць інваліднасьць? Гэта ж дрэнна, што інваліды. Цяпер усё такое дарагое. А пэнсія, наколькі яна павялічылася – на мізер. А паглядзіце вось на цэны – гэта жах».

За прамінулы год як зьмянілася жыцьцё – палепшылася ці пагоршылася, – цікаўлюся далей у мінакоў:

Спадарыня сталага веку: «Паляпшэньня ніякага няма. Я інвалід другой групы. Дый сказаць, што і зусім кепска, таксама не скажу. Дарагія лекі. Наагул, канечне, пэнсіі хапіла б на жыцьцё, але лекі, кватэра. Як я жыву адна, то выходзіць, зразумела, цяжкавата».

Спадарыня сталага веку: «Дзетка, ня дай Бог быць інвалідам. Ня дай Бог нікому хрышчонаму. Як улада ставіць, так і жывём. Нічога тут не паробіш. Лекі для нас – самае галоўнае. Зь ядой яшчэ можна зьмірыцца, а вось лекі – гэта невыносна як дарагія. У параўнаньні з заробкамі, то паміраць трэба. Але не параўнаць жа, як мы зь бежанцаў прыехалі пасьля вайны».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG