Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На працэсе ў Ленінскім судзе Менску абвінавачаны заявіў, што падчас папярэдняга расьсьледаваньня прызнаньні ў яго выбівалі бязьлітаснымі катаваньнямі. Што дазволена сьледчаму падчас допыту і пры якіх абставінах катаваньні становяцца нормай?

Мянчук Павал Плакса, якога цяпер судзяць у Ленінскім судзе Менску за кватэрныя крадзяжы, адмовіўся ў судзе ад часткі прызнальных паказаньняў, заявіўшы, што яго катавалі ў Ленінскім райаддзеле міліцыі. Паводле абвінавачанага, міліцыянты нібыта «навесілі» на яго злачынствы, якіх ён не рабіў, каб падвысіць паказальнікі раскрывальнасьці. Маці абвінавачанага Жульета Парцянка пералічыла зь яго словаў журналістам мэтады сьледчых.

«Клалі на жывот, зьвязвалі рукі і ногі. Казаў на судзе, што зьвязвалі дротам і надзявалі кайданкі на рукі. Прывязвалі рукі да ног. І лупілі палкай, нагамі. Скакалі на сьпіну. Заломвалі пальцы. Рукі і ногі былі сінія, нават чорныя».

Паводле праваабаронцы Андрэя Бандарэнкі з арганізацыі «Плятформа», якая распавяла пра гэтую гісторыю, вось як адрэагавалі ў пракуратуры на скаргі Паўла Плаксы на дзеяньні міліцыянтаў:

«Пракуратура зусім не зьвярнула ўвагі на тое, што чалавека катавалі падчас папярэдняга сьледзтва. Больш за тое, там нават не спрабавалі расьсьледаваць заявы аб бесчалавечным абыходжаньні: не апыталі супрацоўнікаў РАУС, пацярпелага, мэдыкаў з хуткай дапамогі, якіх да яго выклікалі тройчы яшчэ да таго, як ён падпісаў прызнаньне. То бок пракуратура тут заняла фармальную пазыцыю, проста зазначыўшы, што факты не пацьвердзіліся».

Які захады ўзьдзеяньня на падсьледнага дазваляе закон? Генэрал-лейтэнант міліцыі ў адстаўцы, былы сьпікер Вярхоўнага Савету Мечыслаў Грыб кажа, што закон увогуле не дазваляе фізычнага ўзьдзеяньня і ставіць пэўныя абмежаваньні для працэдуры допыту. У прыватнасьці, забароненыя начныя допыты, але пры тэрміновым затрыманьні падазронага ў асабліва небясьпечным злачынстве дазваляецца і начны допыт, калі гэта зьвязана зь недапушчэньнем новага злачынства. Аднак законнасьць начнога допыту мусіць праверыць пракуратура, заўважае Мечыслаў Грыб. Былы міліцыянт адзначае, што пры жаданьні сьледчыя лёгка абыходзяць закон, тлумачачы гэта нібыта мэтамі якраз захаваньня законнасьці. «Гэтак было раней і, на жаль, захавалася», — кажа спадар Грыб і згадвае славутую «віцебскую справу» 1970-х гадоў, калі сьледчыя ў пошуках сэрыйнага забойцы атрымлівалі прызнальныя паказаньні ад невінаватых:

«У віцебскай справе той сьледчы па асабліва важных справах — ён жа нікога ня біў, не катаваў. Але ён проста прымушаў чалавека стаяць. Па 5–10 гадзінаў, суткі і больш. Пасьля такога стаяньня, калі ў чалавека ўсё амярцьвее, ён ужо пагаджаўся падпісваць што заўгодна».
Выбіваньне патрэбных паказаньняў — гэта тое, з чым змагаюцца з савецкіх часоў


Мечыслаў Грыб мяркуе, што ў гісторыі з абвінавачаным Паўлам Плаксам не спрацавала пракуратура, якая мусіла зьвярнуць увагу ўжо і на тое, што чалавека пасьля арышту больш за 10 дзён трымалі ў пастарунку РАУС. «Выбіваньне патрэбных паказаньняў — гэта тое, з чым змагаюцца з савецкіх часоў. Але выніку ня будзе, пакуль назіральныя органы ня будуць выконваць свае абавязкі», — кажа Мечыслаў Грыб. Паводле яго, ня выканаў свае абавязкі і начальнік РАУС, якому кожны дзень дзяжурны мусіць дакладваць, хто знаходзіцца ў пастарунку і за што. «Толькі тры гадзіны можна чалавека пратрымаць у райаддзеле без афармленьня, а потым кожны ягоны крок трэба дакумэнтаваць. Пры начальніку, у якога парадак наладжаны, такога не магло б здарыцца», — мяркуе Мечыслаў Грыб.

У Грузіі, напрыклад, паводле заканадаўства, паказаньні, дадзеныя на папярэднім сьледзтве, ня ўлічваюцца, калі яны супярэчаць паказаньням, дадзеным у судзе. Былы дэпутат Юрась Беленькі згадвае, што калі прымаўся закон аб міліцыі, то шмат дыскусіяў было вакол таго, як прадухіліць фальшаваньне доказаў.

Юрась Беленькі

Юрась Беленькі

«Такое правіла было б і нам карысным. Але значна важней, каб была забясьпечана незалежнасьць пракуратуры і судоў. Тады любы міліцыянт сто разоў бы падумаў, перад тым як выбіваць патрэбныя яму паказаньні, бо гэта наўпрост вяло б яго ў турму. А зараз пракуратура і суды часта пакрываюць грахі міліцыі», — мяркуе Юрась Беленькі. Былы дэпутат згадаў, што да прыходу ва ўладу Аляксандра Лукашэнкі генэральнага пракурора і судзьдзяў прызначаў парлямэнт, а зараз прызначае прэзыдэнт.

У пракуратуры Менску адмовіліся камэнтаваць заявы Паўла Плаксы пра катаваньні ў міліцыі. «Пакуль ідзе суд, мы гэта камэнтаваць ня можам, але па выніках суду магчымыя новыя праверкі», — сказаў «Свабодзе» прэсавы сакратар пракуратуры Менску Сяргей Балышаў.

Суд над Паўлам Плаксам павінен скончыцца 6 сьнежня. Пракурор папрасіў для абвінавачанага 11 гадоў зьняволеньня.
XS
SM
MD
LG