Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мінэканомікі тлумачыць, чаму зьнізіўся экспарт


Алесь Герасіменка

Алесь Герасіменка

На сайце Міністэрства эканомікі Беларусі зьявілася афіцыйнае тлумачэньне прычынаў дыспрапорцыі, якая склалася ў сальда зьнешняга гандлю за студзень-верасень 2012 году.

Перадусім адзначаюцца нэгатыўныя тэндэнцыі на запавольваньне экспарту. У прыватнасьці, агульнае зьніжэньне экспарту да жніўня перавысіла 400 мільёнаў даляраў, ці 11%. І адбылося гэта за кошт наступных пазыцый:

1. Значнае скарачэньне экспарту растваральнікаў і адсутнасьць экспарту змазачных матэрыялаў;

2. Зьніжэньне экспарту нафтапрадуктаў склала 14,6% ( у тым ліку экспарт біядызэлю зьнізіўся на 35,2%);

3. Пачынаючы ад траўня зьніжаецца экспарт калійных угнаеньняў — фізычныя аб’ёмы паставак зьменшыліся на 28,5% ад экспарту жніўня.

Такім чынам, эканамічныя ўлады вымушаныя прызнаць, што «эканамічны прарыў», пра які рапартавала кіраўніцтва краіны, у значнай ступені базаваўся на пастаўках за мяжу растваральнікаў ды разбаўляльнікаў.

Яшчэ сёлета ўвесну падобным бізнэсам заклапаціліся ўлады Расеі, якія дагэтуль схільныя лічыць, што пад выглядам згаданай прадукцыі нафтахіміі, якая не абкладаецца мытам, на экспарт шлі звычайныя нафтапрадукты — бэнзін ды салярка.

У адказ на ціск Масквы прэм’ер-міністар Беларусі Міхаіл Мясьніковіч запэўніў, што апошнія цыстэрны з растваральнікамі былі адпраўленыя на Захад у жніўні. Пасьля гэтага, маўляў, іх вытворчасьць спыненая.

Эканамічны аглядальнік Алесь Герасіменка кажа, што словам кіраўніка ўраду збольшага можна давяраць:

«Мы ў прынцыпе бачым, што па жніўні наш зьнешнегандлёвы балянс рэзка пагоршыўся. А паколькі ў папярэднія месяцы гэты балянс відавочна аздаравіўся якраз за кошт інтэнсіўнага экспарту нафтапрадуктаў, то простае і лягічнае заключэньне дазваляе сьцьвярджаць: хутчэй за ўсё, экспарт нафтапрадуктаў сапраўды істотна зьменшыўся. І найперш за кошт усё тых жа растваральнікаў».
Расейскі бок сьцьвярджае, што страты бюджэту Расеі ад беларускага ценевага бізнэсу могуць скласьці 2,5 мільярда даляраў. Аднак у Менску працягваюць настойваць, што Беларусь нікому і нічога ня вінная.
XS
SM
MD
LG