Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Імпартная бытавая тэхніка можа значна падаражаць


У 2013 годзе імпартная бытавая тэхніка ў Беларусі можа даволі істотна падаражэць. Гэта здарыцца, калі беларускую прапанову аб падвышэньні ўвазнога мыта на імпартныя тэлевізары, СВЧ-печы, кандыцыянэры і пыласосы падтрымаюць партнэры па Адзінай эканамічнай прасторы — Расея і Казахстан. Экспэрты кажуць, што ў такім выпадку цана асобных прыладаў можа адразу падскочыць аж на 80 эўра.

Сёньня ў бальшыні беларускіх крамаў цэны на тэлевізары альбо пыласосы, што айчынныя, што замежныя, прыкладна аднолькавыя. Гэта і ёсьць галоўнае тлумачэньне беларускай ініцыятывы. Калі цэны супастаўляльныя, то людзі выбіраюць пераважна «Samsung» альбо «LG», а не «Гарызонт» — тлумачыць эканаміст Леў Марголін:

Леў Марголін

Леў Марголін

«Для нас гэта актуальна яшчэ і таму, што хлынуў такі паток „неарганізаванага“ імпарту. Бо цяпер, калі жыхару Беларусі трэба купіць той жа тэлевізар, ён едзе ў Польшчу альбо Літву і набывае там. Згодна з правіламі Мытнага зьвязу ён прывозіць пакупку дамоў бяз мытных плацяжоў. Больш за тое, ён яшчэ і вяртае частку грошай праз так званы „tax free“, то бок вяртаньне падатку на дададзеную вартасьць».

Ва ўсім цывілізаваным сьвеце фірмы змагаюцца за пакупніка, падвышаючы якасьць сваёй прадукцыі і зьніжаючы цэны на яе. Ну, а ў Беларусі падыход да гэтага застаецца ранейшы, можна сказаць, савецкі: праз дадатковыя падаткі на прадукцыю замежных канкурэнтаў зрабіць яе даражэйшай, — адзначае Леў Марголін:

«Гэта, вядома, ня рынкавы крок. Ні ў якім разе ня рынкавы. І я сумняваюся, што Расея і Казахстан падтрымаюць гэтыя захады. Расея толькі стала сябрам Усясьветнай гандлёвай арганізацыі, і наўрад ці ёй патрэбныя нейкія складанасьці з УГА. А па-другое, шмат якія ўсясьветна вядомыя гандлёвыя маркі бытавой тэхнікі зараз вырабляюцца непасрэдна ў Расеі, тут працуюць новыя заводы. Таму для расейцаў беларуская ініцыятыва яшчэ і неактуальная».

Сумняваецца ў падтрымцы беларускай прапановы Масквой і Астаной маскоўскі палітоляг Дзьмітры Балкунец:

чаму Расея і Казахстан павінны стымуляваць неканкурэнтаздольныя беларускія прадпрыемствы

«Таму што любыя абмежаваньні на ўвоз прадукцыі вядуць да таго, што канкурэнцыя падае, а адпаведна і якасьць. І наўрад ці расейскія спажыўцы гатовыя будуць пераплачваць за тавар толькі таму, што беларускія ўлады хочуць падтрымаць вытворцаў „Гарызонта“. Гэта пытаньне да беларускай бытавой тэхнікі, якую вырабляюць на „Гарызонце“, „Інтэграле“, іншых прадпрыемствах. І калі яны ня могуць канкурыраваць на ўсясьветным рынку, то гэта да іх пытаньне, а не да расейскіх і казахстанскіх калегаў, якія чамусьці павінны стымуляваць неканкурэнтаздольныя беларускія прадпрыемствы».

Спадар Балкунец кажа, што ў гэтай справе нельга ствараць прэцэдэнт:

«Беларусь ня толькі па бытавой тэхніцы спрабуе закрывацца праз рознае мыта, але і па іншых галінах. Нават расейскія тавары на беларускі рынак не заўжды пускаюць. Сёньня Менск кажа, што давайце падвысім мыта на імпартную бытавую тэхніку, заўтра — на харчы, пасьлязаўтра — яшчэ на нешта. Я лічу. што гэта няправільна. І гэта — ня выйсьце з сытуацыі».

Галоўны навуковы супрацоўнік Казахскага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў Мурат Лаўмулін сказаў «Свабодзе», што пазыцыю Казахстану вызначыць вышэйшае кіраўніцтва краіны:

«Калі будзе рашэньне на палітычным роўні падтрымаць Беларусь, то падтрымаем. Куды дзенемся?! Можа, яшчэ для мытні гэта будзе добра — чым вышэйшыя тарыфы, тым большы хабар. А што тычыцца спажыўцоў, бізнэсоўцаў, то яны, вядома, будуць незадаволеныя».
XS
SM
MD
LG