Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Андрэй Гайдукоў ўжо ў Віцебску. У СІЗА


Андрэй Гайдукоў

Андрэй Гайдукоў

Арыштаваны за «здраду дзяржаве» 23-гадовы апэратар наваполацкага «Нафтану» цяпер знаходзіцца ў Віцебскім сьледчым ізалятары № 2.

Яго перавялі сюды зь менскага СІЗА КДБ. З хлопцам плянуе сустрэцца адвакат, а яшчэ на сустрэчу разьлічвае і маці арыштаванага Вольга Гайдукова.

Таксама 3 сьнежня будзе разглядацца скарга Андрэя Гайдукова на меру стрыманьня. Хлопец мае некалькі сур’ёзных хранічных хваробаў, таму сваякі спадзяюцца, што зьняволеньне ў СІЗА яму зьменяць на падпіску аб нявыезьдзе.

Бацькі дагэтуль не атрымалі ад сына ніводнага ліста. Вестка дайшла толькі да ягонай сяброўкі. Паводле маці арыштаванага, гэты ліст быў адпраўлены 2 тыдні таму, і зьмест яго даволі аптымістычны.

Андрэй Гайдукоў пад вартай ужо амаль месяц. 8 лістапада яго затрымалі ў Віцебску «падчас закладкі тайніка са зьвесткамі, якія цікавяць замежныя спэцслужбы», — так гаворыцца ў афіцыйным паведамленьні КДБ.

Сябры і родныя хлопца мяркуюць, што абвінавачаньне ў шпіянажы беспадстаўнае. І што прычына затрыманьня — у ягоных апазыцыйных поглядах.

Незадоўга да арышту Андрэй Гайдукоў зьбіраўся зарэгістраваць грамадзкую арганізацыю «Саюз маладых інтэлектуалаў». 29 лістапада ў Полацку адбыўся ўстаноўчы сход аргкамітэту суполкі. Адзін з прапанаваных кірункаў дзейнасьці грамадзкіх актывістаў — гэта падтрымка палітвязьняў, і ўсіх, хто цярпіць за свае палітычныя перакананьні, паведамляе сайт freeregion.info.
XS
SM
MD
LG