Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларус: У Канадзе інвалідаў можна ўбачыць паўсюль


Пажылы чалавек шпацыруе ў электравазку
Пажылы чалавек шпацыруе ў электравазку

3 сьнежня абвешчаны ААН Міжнародным днём інвалідаў (International Day of Persons with Disabilities).

Яго мэта – прыцягнуць увагу да праблем людзей з абмежаванымі фізычнымі і псыхічнымі магчымасьцямі, да абароны іх годнасьці, правоў і дабрабыту, іх інтэграцыі ў палітычнае, эканамічнае, сацыяльнае і культурнае жыцьцё грамадзтва.

Паводле зьвестак ААН, сёньня ў сьвеце прыкладна мільярд людзей, або каля 15% насельніцтва, якія маюць нейкую форму інваліднасьці.

Беларус Зьміцер Леановіч, які жыве ў Таронта, напісаў нам, як адчуваюць сябе інваліды ў гэтай краіне. Канада першая ў сьвеце ўключыла ў сваю Канстытуцыю палажэньне аб роўнасьці гэтых людзей. Згодна з канадзкім заканадаўствам, у краіне забароненая дыскрымінацыя інвалідаў і заахвочваецца разьвіцьцё іх абароны ад дыскрымінацыі пры атрыманьні імі жыльля, працы, розных відаў паслуг ды тавараў.

«Першае, што кінулася ў вочы, калі апынуўся ў Канадзе, як шмат у ёй людзей на інвалідных вазках ці сьляпых з сабакамі-праваднікамі, – піша Зьміцер Леановіч. – Гэтыя людзі ў крамах, грамадзкім транспарце, іх аўтамабілі паркуюцца на аўтастаянках. Літаральна паўсюль – у любым офісе, грамадзкім памяшканьні г.д. – маюцца адмысловыя прыбіральні для гэтых людзей. Дарэчы, слова «інваліды» ў Канадзе не прынята ўжываць, толькі «people with disabilities» (людзі з абмежаванымі магчымасьцямі).

Да гэтай катэгорыі належыць і мой сябар Павал, які 22 гады таму прыехаў у Антарыё зь Беларусі, стаў інвалідам у сувязі з сардэчным захворваньнем. Складаная кардыялягічная апэрацыя, якая была зробленая гэтаму 50-гадоваму чалавеку ня так даўно, дала шанцы на жыцьцё, аднак цалкам працаздольнасьці не вярнула. Парой Паўлу цяжка рухацца, пераносіць розныя нагрузкі і г.д. Сем месяцаў таму я дапамагаў яму пераяжджаць зь ягонай здымнай кватэры ў сацыяльную, у дом, які спэцыяльна пабудаваны менавіта для людзей з абмежаванымі магчымасьцямі. Гэта двухпакаёўка з мэбляй, посудам, мікрахвалёўкай, тэлевізарам. На цокальным паверсе маецца гараж. Тым, што сярод інвалідаў нямала кіроўцаў, у Канадзе нікога ня зьдзівіш. Дарэчы, практычна ў любы жылы дом, офіс, грамадзкую ўстанову можна без праблемаў заехаць на вазку. З улікам people with disabilities тут пабудаваныя ліфты, пандусы, зьезды, уваходы... Таксама пры такіх дамах маюцца свае сацыяльныя цэнтры, дзе можна адпачыць, заняцца спортам, паплаваць у басэйне.
Кватэра, якую далі інваліду
Кватэра, якую далі інваліду

Са сваёй пэнсіі ($ 1300) Павал плаціць за жытло прыкладна 30%. На сьціплае жыцьцё хапае – мэдычнае абслугоўваньне ў краіне бясплатнае.
Адмысловы аўтобус каля сацыяльнага дому
Адмысловы аўтобус каля сацыяльнага дому

Дарэчы, напачатку Паўлу была прапанаваная іншая сацыяльная кватэра ў доме, дзе таксама прадугледжанае і сацыяльнае абслугоўваньне з улікам фізычных і псыхічных асаблівасьцяў большасьці кватарантаў. Аднак тое жытло было даражэйшым і сябар спыніўся на другім варыянце.
Пасадка ў адмысловы аўтобус
Пасадка ў адмысловы аўтобус

Побач з домам Паўла – усё неабходнае: аптэка, дзе, як і паўсюль можна набыць неабходныя такім людзям хадункі і вазкі. Звычайныя вазкі каштуюць прыкладна $ 250-350, найбольш распаўсюджаныя – з электраматорамі – $ 1200-1300.
Аптэка пры паліклініцы. Вазкі. Цана $ 250-350
Аптэка пры паліклініцы. Вазкі. Цана $ 250-350

Таксама побач з домам некалькі крамаў ды кавярняў. Адно з найбольш любімых месцаў сябра – кавярня сеткі Second Cup. Блізка каля дому – прыпынкі грамадзкага транспарту, які абсталяваны пандусамі. Што да мэтро, то большасьць станцыяў абсталяваныя адмысловымі ліфтамі. Гэтак жа існуе адмысловы сэрвіс для інвалідаў Wheel Transit. Вельмі распаўсюджаныя аўтобусы для інвалідаў і адзінокіх старых людзей. Такі аўтобус прыяжджае на дом і вязе жыхароў па патрэбным маршруце. Гэтак жа можна выклікаць адмысловае таксі. Але гэта ўжо не грамадзкі транспарт.

Для тых інвалідаў, якія маюць уласныя аўтамабілі, прадугледжаныя таксама і адмысловыя месцы на паркоўках.
Кнопка, якой адчыняюць дзьверы
Кнопка, якой адчыняюць дзьверы

Адзначу, што людзей з абмежаванымі магчымасьцямі не сустрэнеш на вуліцах Таронта з працягнутай рукой. Яны патрабуюць да сябе такога ж стаўленьня, што і да іншых. Самі авалодваюць тэхнікай манэўраваньня ў транспарце, тэхналёгіяй пакупак у крамах і іншым, вучацца ва ўнівэрсытэтах, набываюць розныя прафэсіі.

Дзяржава цалкам субсыдуе ўсіх інвалідаў, пакрываючы ім усе іх патрэбы. Ім абсалютна не абавязкова працаваць. Але, тым ня менш, яны імкнуцца працаваць. На працу іх бяруць без абмежаваньняў. Аніводзін працадаўца ня можа адмовіць інваліду ў працоўным месцы. Прадпрымальнікі кажуць: інваліды могуць працаваць там жа, дзе і здаровыя людзі, толькі для гэтага ім патрэбныя прыстасаваньні».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG