Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жыхарка Касьцюкоўкі: Куды ні ідзеш, усюды гэтыя шпрыцы валяюцца


У Касьцюкоўцы

У Касьцюкоўцы

Рабочы пасёлак Касьцюкоўка, дзе месьціцца першынец савецкай пяцігодкі — завод «Гомельшкло», набывае нядобрую славу цэнтру, дзе пашыраецца колькасьць ВІЧ-інфікаваных.

Абласны цэнтар гігіёны й эпідэміялёгіі падае несуцяшальную статыстыку: з 403 выяўленых у Чыгуначным раёне выпадкаў ВІЧ-інфэкцыі — 143 прыпадае на Касьцюкоўку, на яе 10 тысяч жыхароў. Гэта ў 3 разы болей, чымсьці ў сярэднім у Гомельскай вобласьці, і амаль у 12 разоў болей, чымсьці ў сярэднім у Беларусі.

Пасёлак атрымаў сваё разьвіцьцё дзякуючы менавіта шкляной вытворчасьці. Цяпер тут жыве 10 тысяч чалавек, і гэта адміністрацыйная частка Чыгуначнага раёну Гомелю, хаця й аддаленая ад абласнога цэнтру ў паўночным напрамку на 6 кілямэтраў.

Па колькасьці ВІЧ-інфікаваных, так бы мовіць, на душу насельніцтва Касьцюкоўка пераўзыходзіць любы раён Гомелю. Яна трывала замацавалася на другім месцы пасьля Сьветлагорску — самага праблемнага гораду ў краіне па ВІЧ/СНІДзе.

Сталая жыхарка Касьцюкоўкі, былая працаўніца шклозаводу спадарыня Валянціна лічыць, што распаўсюд ВІЧ-інфэкцыі падаграюць незанятасьць людзей і наркаманія:

«Моладзь жыве бяз мэты — ім няма куды падзецца. П’юць, калюцца — вось і вынік. Куды ні ідзеш, усюды гэтыя шпрыцы валяюцца: і ў пад’езьдах знаходзіш, і каля дому, і ў парку — усюды. Пад гэтым кайфам, дык яны што глядзяць — адзін ці два шпрыцы? Ім абы ўкалоцца. Што ў іх грошы ёсьць на пакупку шпрыцаў? Яны вядуць такі лад жыцьця, што ім усё адно».
Пад гэтым кайфам, дык яны што глядзяць — адзін ці два шпрыцы? Ім абы ўкалоцца.


Жанчына кажа, што ў пасёлку ёсьць нават цэлыя сем’і, дзе без наркотыкаў не абыходзяцца:

«У нашым доме, дзе я жыву, сям’я ўся — маці, дачка, сястра яе, вядуць такі лад жыцьця — там у кватэры зборышчы пастаянныя. Там усё, што хочаш: і колюцца, і ВІЧ знойдзеш. У іх там ва ўсіх гэты ВІЧ ёсьць».

Мясцовы жыхар Аляксандар у свой час сам «сядзеў», як ён кажа, нават не на іголцы, а на сыстэме. Ён кажа, што калі чалавек ня здолее адмовіцца ад наркотыкаў, ён абавязкова «падчэпіць» ВІЧ:

«Калі адзін чалавек захварэў, у кампаніі будуць усе хворыя: адным шпрыцам колюцца. Разумею, што цяпер не праблема купіць шпрыц, але ўсё адно. Напрыклад, а 12 гадзіне ночы — дзе ты яго купіш? Можа, ён і не адзін, можа, два, але кампаніі ж большыя бываюць».

Суразмоўца апавёў, што наркаманію й ВIЧ у Касьцюкоўку «падвезьлі» спачатку з расейскага Краснадару, а пасьля й са Сьветлагорску.

І цяпер гэтую трэба спыняць. Аляксандар кажа, што калі ягоныя ўласныя дзеці крыху падрастуць, абавязкова раскажа ім пра такую жыцьцёвую небясьпеку, як наркаманія й СНІД:

«Я буду размаўляць пра гэта, калі падрастуць, калі гадоў чатырнаццаць будзе. Вельмі шмат было знаёмых, каму і я казаў, і іншыя казалі, каб кінулі. Ніхто не схацеў — зацягвае».

Сёлета ў Касьцюкоўцы за 10 месяцаў зарэгістравалі 5 новых носьбітаў ВІЧ-інфэкцыі, у Гомелі ў цэлым — 59 чалавек.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG