Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Кантралёр — культавая фігура для беларусаў»


Што можа сказаць пра стан беларускага грамадзтва гісторыя з кантралёркай у аўтобусе, якую пабіў адзін з пасажыраў? Чаму гэтае здарэньне ўсхвалявала ўсё грамадзтва, чаму многія людзі выказвалі сымпатыі да дзеяньняў пасажыра? Ці можна сказаць, што ў Беларусі адбываецца тое, што немагчыма ў цывілізаваных краінах?

Сьвятлана Калінкіна

Сьвятлана Калінкіна

Аляксандар Старыкевіч

Аляксандар Старыкевіч

Віталь Цыганкоў

Віталь Цыганкоў

На гэтыя пытаньні адказваюць галоўны рэдактар інтэрнэт-газэты «Салідарнасьць» Аляксандар Старыкевіч і шэф-рэдактар газэты «Народная воля» Сьвятлана Калінкіна.


«Кантралёрка паводзіла сябе так, нібыта яна абараняе галоўныя дасягненьні радзімы»


Цыганкоў: «Гісторыя з кантралёркай у тралейбусе стала адной з самых папулярных тэмаў дыскусій у інтэрнэце. Якія высновы можна зарабіць пра стан грамадзтва, пра псыхалягічны настрой беларусаў, улічваючы рэакцыю на гэтую гісторыю?»

Калінкіна: «Мне здаецца, што гэта найперш прыкмета таго, што ў грамадзтве вельмі высокі ўзровень агрэсіі. Што з боку кантралёркі, якая паводзіла сябе так, нібыта яна абараняе галоўныя дасягненьні радзімы, што з боку пасажыраў. Гэта вельмі прыкрая гісторыя. У любым выпадку, немагчыма глядзець, як зьбіваюць жанчыну, кім бы яна не была. Зь іншага боку, незразумелая такая ўзаемная нянавісьць аднаго чалавека да іншага. Як незразумелая й такая агрэсія кантралёркі. Таму ўсё гэта сьведчыць пра глыбокую псыхалягічную хваробу нашага грамадзтва».

Цыганкоў: «Пасьля першага відэа ў інтэрнэце зьявілася і другое, дзе гэтая кантралёрка паводзіла сябе вельмі груба, яшчэ год таму. І ў сваіх камэнтарах чытачы заяўлялі, што яе паводзіны добра вядомыя ў Наваполацку, што гэта самы страшны кантралёр у горадзе».

Калінкіна: «Так, натуральна, я гэта чытала. Але ў любым выпадку я не магу апраўдаць зьбіцьцё жанчыны. Выглядае, што гэта не зусім звычайны кантралёр. Мы ўсе езьдзім у грамадзкім транспарце і бачым, што часьцей за ўсё кантралёры — нармальныя людзі, і моцна не чапляюцца да дзяцей, нават да п’яных. Ім таксама цяжка жыць, як і пасажырам. Трэба быць сапраўды вельмі канфліктным чалавекам, каб так змагацца за той талёнчык. Але, паўтаруся, гэта не нагода да таго, каб цягаць жанчыну за валасы».


«Беларусь усё ж хутчэй адносіцца да цывілізаваных краінаў»


Цыганкоў: «Аляксандар, на вашу думку, ці магчымая ў іншых эўрапейскіх краінах такая сытуацыя, каб пасажыры адмаўляліся плаціць за білецік, і каб кантралёр рэзка, з ужываньнем сілы, нападаў на пасажыра?»

Старыкевіч: «Я б тут не казаў пра нейкую адмоўную ўнікальнасьць Беларусі ў дадзеным аспэкце. Мне падаецца, што Беларусь, нягледзячы на ўсе сёньняшнія хібы, зьвязаныя з уладай і станам пэўнай часткі грамадзтва, усё ж хутчэй адносіцца да цывілізаваных краінаў. У кожнай краіне можна знайсьці значна больш жудасныя рэчы. Казаць, што здарылася нешта такое неймавернае, што адрозьнівае Беларусь ад іншых, я б ня стаў».

Цыганкоў: «Я маю на ўвазе, што ў Беларусі ёсьць даўняя традыцыя недаверу ці нават нянавісьці да шараговых прадстаўнікоў улады. У заходніх краінах пасажыры не спрачаюцца з кантралёрамі і тым больш ня лезуць у бойку зь імі».

Старыкевіч: «Мы бачым амаль штодня па „Эўраньюс“, як дэманстранты уступаюць у бойку з паліцыянтамі, і гэта ня ёсьць чымсьці дзіўным. Так што я не падзяляю пакі падыход».

Цыганкоў: «На форумах у інтэрнэце многія выказвалі сваю падтрымку таму пасажыру, які пабіў кантралёрку. Чаму гэта адбываецца, пра што гэта сьведчыць?»


«Нават маленькі бунт выклікае падтрымку і сымпатыю»


Калінкіна: «Мяне больш за ўсё зьдзівіла, што такія жарсьці разгарэліся за капейкі. А тое, што сымпатыі людзей былі на баку пасажыра — гэта ня дзіўна. У нас увогуле агульная баязьлівасьць у грамадзтве, і таму нават маленькі бунт выклікае падтрымку і сымпатыю. Людзі самі не гатовыя бунтаваць, але калі нехта за іх гэта робіць, яны гэта падтрымліваюць.

Па-другое, вы слушна казалі пра традыцыйнае стаўленьне да кантралёраў, вахцёраў, дробных чыноўнікаў як да самых нізкіх прадстаўнікоў улады, зь якімі і хапае толькі сілы спрачацца і нешта даказваць.

Цыганкоў: «Чаму гэтая гісторыя стала настолькі папулярнай? Можа, таму, што людзі ставяць сябе на месца ўдзельнікаў канфлікту й разважаюць, як бы яны паводзіліся ў такой сытуацыі?»


«Кантралёр мае асаблівае становішча ў мазгах нашых грамадзянаў»


Старыкевіч: «Так, усе мы езьдзім у грамадзкім транспарце і сутыкаемся з кантралёрамі, бачым падобныя сытуацыі. Увогуле, кантралёр — нейкая культавая асоба ў нашым грамадзтве. Калісьці мяне моцна ўразіла ідэя паставіць помнік кантралёру. Не абстрактнаму, а канкрэтнаму, які стаяў на станцыі мэтро „Кастрычніцкая“ і вельмі зласьліва кідаўся на людзей, якія спрабавалі неяк прайсьці ў мэтро. Было вельмі дзіўна, калі адзін журналіст выступіў з ініцыятывай сабраць грошы на помнік гэтаму кантралёру. Дзякуй Богу, хапіла розуму, і нікуды далей гэта не пайшло. Аднак само тое, што такая ідэя ўзьнікла, сьведчыць, што кантралёр мае асаблівае становішча ў мазгах нашых грамадзянаў. Таму і ня дзіўна, што гэтая гісторыя стала такой папулярнай».

Калінкіна: «Мы ўжо былі сьведкамі, калі эмоцыі выплёскваюцца і на іншых узроўнях. Нядаўна адзін пэнсіянэр у Берасьцейскай вобласьці спрабаваў спаліць старшыню сельсавету разам з сабой, іншы сыпануў пяском у вочы такому ж кіраўніку.

У сытуацыі з кантралёрам кожны мог бачыць на відэа, як гэта ўсё адбывалася, таму гэта і стала такім папулярным. У нас увогуле ў масавай сьвядомасьці існуе такі падзел: ёсьць нейкія „высокія“ палітычныя тэмы, якія альбо нецікавыя, альбо імі страшна цікавіцца, і ёсьць побытавыя папулярныя тэмы.

Яшчэ раз паўтаруся, гэта брыдкае відэа. Вельмі непрыемна глядзець, што толькі адзін чалавек заступіўся за кантралёрку, і непрыемна глядзець, як яна, што сабака, кідаецца на маці зь дзецьмі. Гэта сьведчаньне глыбокай псыхалягічнай праблемы нашага грамадзтва».
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG