Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дакумэнтальны фільм «Днюка» рэжысэраў Андрэя Куцілы і Аляксандра Налівайкі, прысьвечаны жыхарам палескай глыбінкі, уганараваны на многіх міжнародных фэстывалях. Але аўтары наўрад ці маглі ўявіць, што стужка атрымае ў жыцьці працяг, не прадугледжаны ніякім сцэнарам. Дарэчы, у палескім абыходку само слова «днюка» мае сымбалічны падтэкст — «забіць чарговы дзень». Пра некіношныя драмы рэальных герояў — Ігар Карней.

Вёска Лышча Пінскага раёну. Тут Андрэй Куціла і Аляксандар Налівайка правялі амаль год, зьбіраючы матэрыял для будучага фільму. Кажуць, што напоўніцу акунуліся ў спэцыфічны мікракосмас людзей, якія дагэтуль жывуць адасоблена ад праблемаў «вялікай зямлі». Цярплівасьць была адзначаная на кінафорумах у Галяндыі, Славаччыне, Польшчы, Украіне, на менскім «Лістападзе». Але, як кажа Андрэй Куціла, атмасфэра дабрадушша была парушаная, калі яму патэлефанавала адна з галоўных гераінь палескага летапісу Антаніна Астапаўна Корзун і са сьлязьмі расказала, што яе дарослага сына Валеру да сьмерці зьбіў 18-гадовы сын мясцовага сьвятара:

«Ужо больш за два гады, як фільм зьняты, я зь ім ад’езьдзіў не па адным фэстывалі, але кантакт трымаем, да яе заяжджаю, бо сапраўды вельмі клясная бабуля, вельмі добры чалавек. Асабіста да нас як да ўнукаў ставілася, бо мы ж там у яе і жылі, і сталаваліся. Тэлефануе ў сьлязах: што рабіць, сына забілі. Забойца — сын мясцовага сьвятара — ходзіць па вёсцы, а да гэтага пяць гадоў стаяў на ўліку ў міліцыі. Шчыра кажучы, яе сын таксама, скажам так, не падарунак, але з тых, хто і мухі не пакрыўдзіць. Самае цікавае, што гэты сьвятар мне калісьці на гэтую бабулю і ўказаў. Я шукаў гераіню для фільму, мы спыніліся ў вёсцы, зайшоў у царкву, паразмаўляў, яны там якраз з гэтым сынам фарбавалі падлогу. Стаў пытацца пра нейкіх цікавых, адметных людзей. І ён мне сказаў, што сапраўды ёсьць такая, якая і сьпявае, і выдатная ткальля, і нават падказаў нумар дому. Карацей, такая вось гісторыя».
Забойца — сын мясцовага сьвятара — ходзіць па вёсцы, а да гэтага пяць гадоў стаяў на ўліку ў міліцыі

Антаніна Астапаўна расказвае, што яе 52-гадовы сын Валеры жыў недалёка, з жонкай і дзецьмі. Неяк позна ўвечары да іх у хату прыйшоў мясцовы хлопец Уладзіслаў. Шукаў чалавека, які нібыта таксама знаходзіўся ў гэтым доме. Праз што пачалася спрэчка — сьледзтва лішне ня кажа, але факт, што хлопец стукнуў гаспадара, ды так, што той чатыры тыдні правёў у рэанімацыі і пасьля яшчэ тыдня ў агульнай палаце памёр. Аднак вінаваты ня толькі застаўся на волі: як кажа жанчына, бацькі Ўладзіслава ледзь не адлучылі яе ад царквы:

«Вы паверце, што я кудысьці ня здужаю хадзіць, я ледзьве-ледзьве жывая. Куды мне зьвярнуцца — я сама ня ведаю. А тут і ягоныя бацькі на мяне накінуліся — ты на нас нагаворваеш. Ну, можа, я з гора вялікага і сказала, што яны так свайго сына выхавалі. Дык я ж маю рацыю, ці ня праўда? Можа, і сказала, а што мне яшчэ гаварыць? Я ж іх не чапаю, на памінкі паклікала. Але засталася вінаватай. Зайшла ў царкву, хацела малебен заказаць. Запытала, як што пісаць. Дык матушка мне нічога не сказала. Запытала бацюшку, а той кажа — ты на нас гаворыш. Што я магу сказаць? Мне так цяжка, неспакойна. Ён жа, Валера, тут, у нашай вёсцы жыў, заўсёды да мяне і прыйдзе, і дапаможа, і пагаворыць. А то забіў сына і мяне ў магілу разам заганяе. Я не магу, я ня выжыву…»

Мясцовыя праваахоўнікі кажуць, што гісторыя выйшла досыць рэзанансная — хоць бы таму, што галоўным фігурантам стаў сын сьвятара. Намесьнік начальніка Пінскага раённага аддзелу Сьледчага камітэту Вадзім Галавач удакладняе, чаму вінаваты быў узяты пад варту, але ўрэшце апынуўся на волі:

«Ведаем такога, у нас справа была, сапраўды. Была ўжытая амністыя: паколькі ён на той момант быў непаўналетні, згодна з законам, вызвалены ад адбыцьця пакараньня. Так, віну сваю прызнаў, бо амністыя калі ўжываецца, то чалавек мусіць пагадзіцца з высновамі сьледзтва ў тым, што менавіта ён сваімі дзеяньнямі прывёў да гібелі чалавека. То бок ён ува ўсім прызнаўся, з амністыяй пагадзіўся. І паколькі быў непаўналетні на момант злачынства, да яго з санкцыі пракурора была ўжытая амністыя. Пры гэтым ён застаецца вінаватым: сапраўды, гэта ён, ён гэтага нават не аспрэчваў. Прызнаўся ў тым, што біў яго нагамі і г. д.».
Была ўжытая амністыя: паколькі ён на той момант быў непаўналетні


Сьледчы Сяргей Курадавец, які вёў справу пра забойства жыхара вёскі Лышча, удакладняе, што малады чалавек праходзіў паводле артыкула Крымінальнага кодэксу «Прычыненьне сьмерці па неасьцярожнасьці», які, разам зь яго непаўналецьцем, дазволіў застацца на волі:

«Калі абвешчаная амністыя, то мы, органы папярэдняга сьледзтва, ня маем права адмовіцца ад яе ўжываньня. У амністыі першачарговыя два фактары. Па-першае, артыкул, па якім чалавек ідзе, па-другое — яго статус. У дадзеным выпадку — яго непаўналецьце. А паколькі ягоны артыкул па амністыі 2012 году, якая была, і па якім мы яго падазравалі, пад яе падпадае, плюс тое, што ён зьяўляецца непаўналетнім, — амністыя да яго і ўжытая. Каб хоць артыкул быў іншы і ён быў непаўналетні, то ён пад амністыю не падпадаў бы. Гэтыя фактары проста супалі, і мы ня мелі права паступіць неяк інакш».

Карэспандэнт: «Вырашальным стала тое, што не ішоў забіваць наўмысна?»

«Наўмыснае прычыненьне цялеснага пашкоджаньня — гэта калі б’еш чалавека з мэтай прычыненьня яму цяжкіх пашкоджаньняў. То бок, прыкладам, я наношу ўдар у жывот. Я ўжо сам павінен усьведамляць, што я прычыню цяжкія цялесныя пашкоджаньні, якія могуць пацягнуць за сабою нават сьмерць. Але калі, напрыклад, чалавек чалавеку наносіць удар кулаком у галаву — усе ж б’юцца мужчыны, зь дзяцінства — ніхто ж не разьлічвае, што ад яго ўдару чалавек памрэ. Упадзе, аб штосьці ўдарыцца, атрымае пашкоджаньні, ад якіх памрэ. Але ён мусіць гэта мець на ўвазе. Вось гэта і называецца прычыненьне сьмерці па неасьцярожнасьці. Іншымі словамі, мець на ўвазе павінен, але ня мэта ў яго — прычыніць менавіта такія цялесныя пашкоджаньні. І ён прызнаў: так, я нанёс удар, але забіваць я яго не хацеў. І ўвогуле ён кажа, што нанёс толькі адзін удар».

Зразумела, што гераіні фільму «Днюка» Антаніне Корзун ад такіх юрыдычных тонкасьцяў лягчэй ужо ня будзе. Але крымінальны паварот гісторыі можа вярнуць на знаёмае месца аўтараў фільму. Андрэй Куціла не выключае, што возьмецца за разьвіцьцё тэмы, але крыху зь іншым прыцэлам: як жывуць і спраўляюцца з сваім горам звычайныя беларускія жанчыны?

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG