Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Уласевіч: Будаўніцтва АЭС супярэчыць Канстытуцыі


Прэсавая служба Міністэрства замежных спраў Беларусі паведамляе: падчас выступу ў штаб-кватэры МАГАТЭ ў Вене на нарадзе па вывучэнні сацыяльна-эканамічных наступстваў укараненьня ядзернай энэргетыкі начальнік упраўленьня эканамічнага супрацоўніцтва і ўстойлівага разьвіцьця МЗС Юрый Ярашэвіч заявіў, што рэалізацыя нацыянальнай ядзерна-энэргетычнай праграмы ажыцьцяўляецца з улікам высокай ступені залежнасьці краіны ад імпарту энэргарэсурсаў і росту патрэбы ў электраэнергіі.

Спадар Ярашэвіч таксама адзначыў, што ядзерная энэргетыка зьяўляецца адным з інструмэнтаў зьніжэньня аб’ёмаў выкідаў парніковых газаў у атмасфэру і «рухуючай сілай для разьвіцьця новых тэхналёгій і вытворчасьцяў».

Але перакананасьць дыплямата не падзяляюць прадстаўнікі антыядзернага руху. Мікола Ўласевіч, грамадзкі актывіст з Астраўца, дзе і плянуецца ўзьвядзеньне першай беларускай АЭС, нагадвае: разьвіцьцё ядзернай праграмы цалкам супярэчыць палажэньням, прапісаным у Канстытуцыі:

Мікола Ўласевіч

Мікола Ўласевіч

«У артыкуле 18 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь наўпрост гаворыцца пра тое, што Беларусь імкнецца да бязьядзернага статусу і нэўтралітэту. І калі Асноўны закон дзяржавы прадпісвае Беларусі быць і заставацца бязьядзернай, то ў дадзеным выпадку рашэньне пра будаўніцтва атамнай электрастанцыі, без усялякага сумневу, павінна прымацца як мінімум на рэфэрэндуме. Але ў беларусаў дазволу на будаўніцтва АЭС не прасіў ніхто».

Цяпер на астравецкай пляцоўцы вядуцца пераважна зямельныя працы — вывозіцца грунт з катлавану пад першы энэргаблёк. Капаць пад другі пачнуць у наступным годзе.
XS
SM
MD
LG