Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёўскія бадзягі: «Жыцьцё нас ня мілуе»


З набліжэньнем халадоў на вуліцах беларускіх гарадоў паболела асобаў бяз пэўнага месца жыхарства. Багата такіх людзей у горад на зімоўку павярталася зь вёсак.

Бадзягі ранкам зьбіраюцца ля кантэйнэраў са сьмецьцем, а падвечар — хаваюцца ў закінутых дамах ды пры цеплатрасах. У кожнага зь іх свая гісторыя бадзяжніцтва.

У магілёўскім мікрараёне «Мір-1» ранкам непадалёк ад кантэйнэра са сьмецьцем гутару з шасьцідзесяцігадовай бяздомнай. У адной руцэ яна трымае кавалак белага хлеба і плястыкавую бутлю. Кажа, што ідзе па ваду. Начуе ў мясцовых пад’ездах. Пытаюся, як зьбіраецца зімаваць:

«Аднойчы ў сьнезе спала я. Апранутая я была. У мяне былі лямцавыя боты. Шавялілася. Туды пабягу — туды. Мяне людзі ня крыўдзяць. Яды дадуць — таго-сяго. Во робу мне далі, каб я прыкметная была. Бутэлькі зьбіраю. Потым нясу і здаю. Вось так і жыву зіму. Бывае, у бальніцы начую, але мяне выганяюць адтуль. Там жа цяжка хворыя. За імі дагляд патрэбны. А за мной ня трэба. Ноч пераначую там і іду адтуль. У мяне ўсё будзе, я не прападу».

У беспрытульнай жанчыны ёсьць сваякі і нават дзеці. Але дзе, яна дакладна ня ведае. Кажа, што непісьменная. Як прызналася жанчына, бадзяецца яна па сьвеце амаль усё сваё жыцьцё.

Зь іншым бадзягам, які назваўся Паўлам, сустрэўся таксама ля кантэйнэраў са сьмецьцем непадалёк ад будынка аблвыканкаму. Павал заявіў, што ў сьмецьці ён ня рыецца. Шукае часовы прыработак. Да бадзяжніцтва прывёў канфлікт у сям’і. На вуліцы з 1995 году. Да гэтага меў прыстойны заробак, пашану.

«Бутэлькі я не зьбіраю. Тыя, хто да кантэйнэраў прывык, тыя ўжо пра працу ня думаюць, я ж яшчэ падзарабіць нешта магу, але здароўе аслабла. Сплю на бэтоне ў пад’езьдзе, калі знайду які адчынены. Адчуваю, што ныркі адвальваюцца. Нібыта яшчэ і працоўны чалавек. Пяцьдзясят толькі, але ж мне ніколі ніхто не дапамагаў. Колькі разоў ні зьвяртаўся — ніхто. Хутчэй за ўсё, хутка памру. У мяне ўжо ногі адымаюцца. Вось каб на бэтонцы заснуць, мне трэба напіцца. Тады пасплю пару гадзінаў».

Лета і пачатак восені Павал правёў у вёсцы.

«Я два месяцы таму прыехаў з працы. Прыватнік мяне запрасіў. Сказаў даглядаць 12 сьвіней. А што мне? Харчаваньне. Але ж грошы ён мне не плаціў. А хочацца і зубы паставіць. Нібыта можна і неяк жыць далей. Але ж баюся, што ўсё ўжо».
Бяздомны Павал

Бяздомны Павал


Ля кантэйнэра са сьмецьцем гутару зь яшчэ адным бадзягам. У руцэ той трымае кайстру з бутэлькамі і харчамі, навыбіранымі са сьметніцы. Кажа, што моцна п’е. Гэта і прывяло да бадзяжніцтва. У Магілёве ў яго ёсьць сваякі, якія час ад часу даюць яму перабыць непагадзь, але потым выпраўляюць на вуліцу. Начуе ў закінутым доме непадалёк ад будынка гарвыканкаму.

«Нідзе не працую. Атрымліваю заробак, і мяне выганяюць з працы, бо я алькаголік. Два-тры месяцы папрацую, заробак атрымліваю — і п’яны. Начальнік мне кажа: «Ідзіце. Нам такія работнікі не патрэбныя».

Карэспандэнт: «А не спрабавалі кінуць?»

Бадзяга: «Ай! Я не зьбіраюся».

Карэспандэнт: «А ці даўно так п’яце?»

Бадзяга: «Зь першай клясы. Мой бацька ляжаў п’яны тады пад сталом. І было паўпляшкі віна недапітага. Я гэтую бутэльку ўзяў, ды зь сябрам выпілі. Вось мяне так і прывяло да такога жыцьця».

Колькі бадзягаў у Магілёве, невядома. Людзі бяз пэўнага месца жыхарства сноўдаюць па вуліцах у пошуках ежы, адзежы ды, у каго няма, цёплага з дахам начлегу. Здараюцца між імі і даволі жорсткія сутычкі, пра гэта апавядаюць самі бадзягі. Сваім жыцьцём не задаволеныя, але зьмяніць яго — ня ведаюць як, ды асабліва ўжо і ня прагнуць. Пра гэта зазначае бадзяга Павал:

«Лёс жа нас ня мілуе. Ад сумы і турмы ж ніхто не застрахаваны. Мала хто ў турму трапіў, ці як у мяне з жонкай выйшла, што кінула. Такіх кілямэтар ходзіць. Ай, як шмат. Ой, многа, ой, як многа».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG