Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нью-Ёрк. Паліцыянт дорыць бамжу чаравікі


Разьмешчаная ва аўторак на старонцы паліцыі Нью-Ёрку ў Facebook фатаграфія, на якой 25-гадовы афіцэр Лоўрэнс Дэпрыма адорвае пажылога бамжа чаравікамі і шкарпэткамі, кранальна апусьціўшыся перад ім на адно калена, стала сапраўдным хітом у сацыяльных сетках. Усяго за тры дні здымак зарабіў амаль 500 тысячаў «лайкаў» інтэрнэт-карыстальнікаў.



Як апісваецца ў блогу The Lookout на Yahoo, 14 лістапада паліцэйскі, патрулюючы Таймс-сквэр, убачыў на асфальце сівога бамжа з голымі сьсінелымі ад холаду нагамі. Дэпрыма адразу ж адправіўся ў суседнюю краму і неўзабаве вярнуўся да бамжа з чаравікамі за 100 даляраў. «Было холадна, і я ўбачыў пухіры на яго нагах», — патлумачыў журналістам афіцэр, які адслужыў у паліцыі тры гады.

Выпадковым сьведкам шчодрага жэсту стала дырэктар па сувязях з грамадзкасьцю акруговага офісу шэрыфа ў штаце Арызона Джэніфер Фостэр, якая прыехала па справах у Нью-Ёрк. Яна сфатаграфавала паліцэйскага і паслала здымак па электроннай пошце ў паліцыю Нью-Ёрка, суправадзіўшы яго пахвалой ў адрас Дэпрыма.

Выкладзеная на старонку ў Facebook фатаграфія выклікала сотні камэнтароў і расчуліла блогераў. Але не абышлося і бяз сумненьняў — некаторыя выказалі здагадку, што гэта пастановачны кадар. Адзін з скептыкаў прапанаваў зьвярнуць увагу на тое, што бомж прадбачліва разьмясьціўся побач з абутковай крамай. Джэніфер Фостэр запэўнівае, што Дэпрыма паняцьця ня меў, што яна яго здымала, і відавочна не чакаў ні ад каго ніякіх падзякаў.

А што думаеце вы?

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG