Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адміністрацыя выканкаму Менскага раёну на запыт газэты «Наша Ніва» паведаміла, што СТАА «БелРэстІнвэст» — забудоўнік рэстараннага комплексу «Бульбашъ-хол» — распрацаваў комплекс работ па мэмарыялізацыі Курапатаў, які накіраваны на разгляд у Міністэрства культуры. Аднак у Міністэрстве культуры паведамілі, што ім нічога не вядома пра згаданы праект.

На пытаньне, што ўяўляе сабой праект мэмарыялізацыі Курапатаў ад СТАА «БелРэстІнвест», якія менавіта работы плянуе праводзіць кампанія-забудоўнік, кіраўнік аддзелу культуры Менскага раёну Сьцяпан Кудзін адказаў неахвотна і коратка:

«Да нас ніхто не зьвяртаўся, і я ў вочы ня бачыў гэтага праекту ніколі».

У Міністэрстве культуры паведамляюць, што таксама нічога ня ведаюць пра праектныя намеры забудоўнікаў «Бульбаш-холу». Аднак намесьніца кіраўніка ўправы захаваньня гісторыка-культурнай спадчыны Аксана Сматрэнка паведаміла наступнае:

«БелРэстІнвэст» прыслалі нам сваю дакумэнтацыю ў сувязі з тым, што мы выдалі прадпісаньне па выкананых працах на гэтай тэрыторыі. Яны таксама напісалі, што яны могуць распрацаваць такі праект, калі ім даручаць. Даручэньне гэтае можа даваць не Міністэрства культуры, а выканаўчыя органы мясцовай улады — вось і ўсё«.

Навуковая кіраўніца Курапацкага мэмарыялу ад грамадзкасьці Мая Кляшторная мяркуе, што праекту мэмарыялізацыі Курапатаў ад «Бульбашъ-холу» сапраўды няма яшчэ і таму, што такі дакумэнт ня можа зьявіцца ў вельмі сьціслыя тэрміны:

«Я нічога ня чула пра праект, і калі б тое сапраўды было, то самі разумееце: мэмарыялізацыя — не такая простая справа, і Міністэрства культуры дамагаецца яе даўно. І гэта ж ня значыць, што апусьціцца да такога: „Бульбашъ-хол“, які сам апынуўся ў Курапатах незаконна, будзе займацца яшчэ і мэмарыялізацыяй».

Старшыня Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч таксама мяркуе, што вакол Курапатаў зараз вядзецца слоўная гульня:

«Я магу адкамэнтаваць толькі адно: на інфармацыйнай хвалі інвэстар вырашыў згуляць. Забудзецца гэтая тэма — ён забудзецца пра свае абяцанкі-цацанкі. Хоць працы на аб’екце прыпыненыя, яны былі проста ня ўзгодненыя. Зробяць праект, узгодняць яго, выправяць усе заўвагі, чым прывядуць работы ў прававое рэчышча».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG