Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пуцін пра сваю сьпіну: трэба ж некаму пляткарыць


Уладзімер Пуцін

Уладзімер Пуцін

Афіцыйны візыт у Маскву прэм’ер-міністра Японіі Ёсіхіка Ноды, які плянаваўся на сьнежань гэтага года, адкладзены на нявызначаны тэрмін.

Прычынай, паводле японскага прэм’ера, стала «дрэннае самаадчуваньне прэзыдэнта Расеі Ўладзімера Пуціна», паведамляе ВВС.

Прэс-сакратар Пуціна Дзьмітрый Пяскоў лічыць, што візыт японскага прэм’ера ў Маскву яшчэ можа адбыцца ў бліжэйшыя месяцы.

«Спадзяемся, што візыт адбудзецца, і зыходзім з таго, што ён пройдзе ў другой палове студзеня», — прыводзіць словы Пяскова ИТАР-ТАСС.

У кастрычніку агенцтва Рэйтэр са спасылкай на некалькі ананімных крыніц у расейскім урадзе паведаміла, што Ўладзімер Пуцін пакутуе ад болю ў сьпіне і яму ў найбліжэйшай будучыні можа спатрэбіцца апэрацыя.

Тады прэс-сакратар прэзыдэнта абверг гэтае паведамленьне. «Я са свайго боку магу сказаць, што гэта не адпавядае рэчаіснасьці», — заяўляў Пяскоў расейскім СМІ.

27 лістапада кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка заявіў пра праблемы са здароўем ва Ўладзімера Пуціна, якія раней адмаўляла прэсавая служба расейскага прэзыдэнта. У інтэрвію агенцтву Reuters, адказваючы на пытаньне, ці гуляе ён у хакей з Пуціным, Лукашэнка сказаў:

«Ён кажа, мы яшчэ не гатовыя з тваёй камандай гуляць. Хрыбетнік дзесьці пашкодзіў ён. У дужаньні. Дужаўся дзесьці на дыване і пашкодзіў хрыбетнік. Таму адкладаецца наша сустрэча. Я ведаю яго гэтую праблему. Ён любіць дужацца. Дужаўся, дужаўся, падняў чалавека, кідаў праз сябе, падвярнуў пазваночнік».

Паводле расейскіх СМІ, прэс-сакратар прэзыдэнта Расеі Дзьмітрый Пяскоў заявіў, што чуткі пра «сьпіну Пуціна» моцна перабольшаныя і на прадукцыйнасьць прэзыдэнта не ўплываюць.

Пуцін «пры гэтым ня мае намеру кідаць свае спартыўныя справы. І таму, як у любога спартоўца, у яго можа і сьпіна там крыху захварэць, і рука, і нага — гэта ніколі не перашкаджала яго працаздольнасьці».

Адказваючы на пытаньне, як кіраўнік дзяржавы рэагуе на чуткі пра яго хваробу, Пяскоў адказаў, што Пуцін «у курсе і ўспрымае ён гэта цалкам нармальна — трэба ж камусьці пра нешта пляткарыць. Таму ўсё гэта ўспрымаецца з разуменьнем».

Яшчэ на гэтую тэму

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG