Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь падтрымала Палестыну


Прэзыдэнт Палестынскай аўтаноміі Махмуд Абас пасьля рашэньня Генасамблеі ААН.
Прэзыдэнт Палестынскай аўтаноміі Махмуд Абас пасьля рашэньня Генасамблеі ААН.

Генэральная асамблея ААН прагаласавала ў чацьвер у падтрымку рэзалюцыі, якой палестынскае прадстаўніцтва ў Генасамблеі павышае свой статус да «назіральніка, дзяржавы-не сябра ААН» зь цяперашняга «назіральніка, недзяржаўнага ўтварэньня».

За рэзалюцыю галасавалі 138 краін, 9 (Ізраіль, Канада, Маршалавы выспы, Мікранэзія, Наўру, Палаў, Панама, ЗША, Чэхія) былі супраць і 41 устрымаліся. Усяго ў ААН 193 дзяржавы-члены. Беларусь прагаласавала ў падтрымку рэзалюцыі.

Пасьля галасаваньня амбасадар ЗША ў ААН С’юзан Райс заклікала Ізраіль і палестынцаў аднавіць мірныя перамовы.

Перад галасаваньнем амбасадар Ізраіля ў ААН Рон Прозараў паўтарыў пазыцыю сваёй краіны, што прызнаньне ў ААН Палестыны як дзяржавы ўжо цяпер толькі адкіне назад блізкаўсходні мірны працэс.

Прэзыдэнт Палестынскай нацыянальнай адміністрацыі Махмуд Абас заклікаў перад галасаваньнем «выдаць Палестыне пасьведчаньне аб нараджэньні».

Прызнаньне за Палестынай дзяржаўнага статусу ў Генасамблеі, нават бяз сяброўства ў ААН і толькі ў якасьці назіральніка, дае палестынцам магчымасьць станавіцца сябрамі і розных агенцтваў ААН.

Ізраіль, як і ЗША і яшчэ шэраг краін, выступаюць супраць прызнаньня ў ААН палестынскай дзяржаўнасьці ўжо зараз і адзначаюць, што стварэньня палестынскай дзяржавы можна дасягнуць толькі праз наўпроставыя ізраільска-палестынскія перамовы. Іншыя ж заяўлялі, што палестынцы даўно павінны атрымаць дзяржаўнасьць, прадугледжаную рэзалюцыямі ААН яшчэ ў 1947 годзе.

Палестынцы ўжо аднабакова абвяшчалі сваю дзяржаўнасьць у 1988 годзе, і з тых часоў яе ў той ці іншай форме прызналі больш за 120 дзяржаў сьвету. Але сама Арганізацыя Аб’яднаных Нацый такога кроку яшчэ не рабіла.

Раней палестынцаў прадстаўляла ў ААН пад назвай «Палестына» на правах назіральніка, як недзяржаўнае аўтварэньне, Арганізацыя вызваленьня Палестыны — у свой час вядучая палестынская арганізацыя, прызнаная як адзіны законны прадстаўнік палестынцаў у сьвеце, якая зараз існуе толькі фармальна менавіта з мэтай такога прадстаўніцтва.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG