Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка «страціў» паўмільярда даляраў зьнешняга доўгу


Усясьветныя мэдыі працягваюць разьбіраць на цытаты выказваньні Аляксандра Лукашэнкі ў інтэрвію аўтарытэтнаму брытанскаму агенцтву Reuters.

Прыкладам, дзелавыя выданьні, сярод іншага, заўважылі нестыкоўку коштам у 500 мільёнаў даляраў. Адказваючы на пытаньне журналістаў пра неабходнасьць браць Менску новыя крэдыты, каб аплаціць ранейшыя пазыкі, Лукашэнка заявіў, што такой патрэбы зусім няма: «Маючы валавы ўнутраны прадукт пад 60 мільярдаў даляраў і бюджэт з усіх крыніцаў пад 20 мільярдаў даляраў, я думаю, вы разумееце, што 2,5 мільярда даляраў — гэта невялікая праблема».

Незалежныя экспэрты адзначаюць, што, па-першае, сума выплаты па даўгах на 2013 год Лукашэнкам істотна заніжаная, па-другое, кампэнсацыйныя грошы маюцца толькі ў тэорыі, а ў рэальнасьці іх трэба на гэтыя мэты ўсё роўна аднекуль пераарыентаваць.

Эканамічны аглядальнік Зьміцер Заяц: «Ёсьць пагашэньне асноўнага доўгу і пагашэньне па працэнтах. 2 мільярды 300 мільёнаў даляраў — якраз пагашэньне асноўнага доўгу, а яшчэ блізу 800 мільёнаў даляраў (дакладней, крыху меней за акругленую лічбу) — гэта пагашэньне працэнтаў. У выніку атрымліваецца блізу 3 мільярдаў 72 мільёнаў даляраў».

У 2013 годзе Беларусь мусіць пагасіць асноўную частку зьнешняга доўгу па набраных раней крэдытах, агулам — больш за 3 мільярды, што на паўмільярда болей, чым падлічыў Аляксандар Лукашэнка.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG