Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СНІД: 34 мільёны хворых у сьвеце. У Беларусі – 14 тысяч


Усясьветны дзень барацьбы са СНІДам праводзіцца 1 сьнежня штогод. Упершыню ён быў праведзены ў 1988 годзе.

Паводле зьвестак ААН на 2011 год:

34.000.000 чалавек ва ўсім сьвеце жылі зь ВІЧ-інфэкцыяй.

2,5 мільёна чалавек заразіліся ВІЧ.

1,7 мільёна чалавек памерлі ад захворваньняў, абумоўленых СНІДам.

8 мільёнаў чалавек, якія жывуць зь ВІЧ, атрымалі лячэньне.

У 2011 годзе было на 700 000 менш новых выпадкаў інфікаваньня ВІЧ, чым у 2001 годзе.

На Блізкім Усходзе і ў Паўночнай Афрыцы колькасьць людзей, якія заразіліся ВІЧ, павялічылася на 35% у пэрыяд паміж 2001 і 2011 гадамі.

У Грузіі, Казахстане, Кыргызстане і Малдове колькасьць новых выпадкаў ВІЧ-інфэкцыі вырасла больш чым на 25%.

У Расеі колькасьць новых выпадкаў інфэкцыі рэзка ўзьнялася зь менш чым 40 000 у 2006 годзе да больш чым 60 000 у 2011 годзе.

Як паведамляе Аддзел прафіляктыкі ВІЧ/СНІД ГУ «Рэспубліканскі цэнтар гігіены, эпідэміялёгіі і грамадзкага здароўя», на 1 лістапада 2012 году ў Беларусі зарэгістраваны 14.001 выпадак ВІЧ-інфэкцыі (115,9 на 100 тысяч насельніцтва). За 10 месяцаў 2012 году выяўлена 1046 ВІЧ-інфікаваных (за 10 месяцаў 2011 году – 992). Тэмп росту склаў 5,4%.

У Гомельскай вобласьці зарэгістравана 6848 выпадкаў ВІЧ-інфэкцыі, у Менскай – 1 949, у Менску – 2005, у Магілёўскай вобласьці – 815, у Берасьцейскай – 1066, у Віцебскай – 743, у Гарадзенскай – 575.

Пераважная колькасьць ВІЧ-інфікаваных – гэта маладыя людзі ва ўзросьце ад 15 да 29 гадоў. Агульная колькасьць выпадкаў ВІЧ-інфэкцыі ў гэтай узроставай групе складае 8 308.

45,2% (6333 чалавек) інфікаваных вірусам імунадэфіцыту чалавека заразіліся парэнтэральным шляхам (пры нутравенных уводзінах наркатычных рэчываў), удзельная вага асоб, інфікаваньне якіх адбылося полавым шляхам, складае 52,3% (7318 выпадкаў).

У цэлым у краіне ўдзельная вага жанчын у агульнай колькасьці ВІЧ-інфікаваных складае 39,7% (5562 чалавек), мужчын – 60,3% (8439 чалавек).

З 1987-га да 1 лістапада 2012 году ад ВІЧ-інфікаваных маці нарадзілася 2185 дзяцей, у тым ліку за 10 месяцаў 2012 году – 182. Дыягназ «ВІЧ-інфэкцыя» пацьверджаны 210 дзецям, народжаным ад ВІЧ-інфікаваных маці (за 10 месяцаў 2012 году –12), зь іх 10 памерлі. Усяго ў краіне сярод дзяцей ва ўзроставай групе ад 0 да 14 гадоў зарэгістравана 225 выпадкаў ВІЧ-інфэкцыі.

Сярод ВІЧ-інфікаваных пацыентаў памерла 3008 чалавек (у тым ліку ў стадыі СНІДу – 1676). За 10 месяцаў 2012 году памерла 317 чалавек (10 месяцаў 2011 году – 354), у тым ліку ў стадыі СНІДу – 219 (10 месяцаў 2011 году – 226).
XS
SM
MD
LG