Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва «Ўсходнім партнэрстве» Беларусь — аўтсайдэр


29 лістапада ў Стакгольме пачаўся IV форум грамадзянскай супольнасьці праграмы «Ўсходняе партнэрства».

У ім удзельнічаюць прадстаўнікі грамадзкіх арганізацыяў шасьці краінаў праграмы — Азэрбайджану, Армэніі, Беларусі, Грузіі, Малдовы і Ўкраіны. Разам зь імі працуюць і прадстаўнікі грамадзянскай супольнасьці краінаў Эўразьвязу.

І эўракамісар Штэфан Фюле, які адкрыў форум, і астатнія выступоўцы адзначалі, што праграма па-рознаму прыжываецца ў кожнай з шасьці яе краінаў-удзельніц. У лідэрах называлі Малдову, месца аўтсайдэра замацавалася за Беларусьсю, — паведаміў «Свабодзе» намесьнік старшыні руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч:

Юрась Губарэвіч

Юрась Губарэвіч

«Камісар Штэфан Фюле аддаў вялікую ўвагу тым падзеям, якія адбываюцца ў рамках праграмы «Ўсходняе партнэрства». І коратка распавёў пра сытуацыю ў кожнай з шасьці дзяржаваў праграмы. Што тычыцца Беларусі, то высокі эўрапейскі чыноўнік назваў непрымальнай для Эўразьвязу сытуацыю, калі тут застаюцца за кратамі палітзьняволеныя і калі тут з боку беларускага ўраду няма ніякіх бачных зрухаў да дэмакратызацыі краіны.

Разам з тым эўракамісар згадаў, што Беларусь па-ранейшаму застаецца ўдзельніцай «Усходняга партнэрства», а беларуская грамадзянская супольнасьць мае магчымасьць удзельнічаць у праграмах «Усходняга партнэрства».

Сяргей Мацкевіч

Сяргей Мацкевіч

Старшыня рабочай групы Асамблеі няўрадавых арганізацыяў Беларусі Сяргей Мацкевіч кажа, што ўрадавыя структуры Беларусі ігнаруюць усялякія ініцыятывы «Ўсходняга партнэрства». І таму ў Стакгольме неабходна гаварыць найперш пра гэта:

«Трэба пераасэнсоўваць сытуацыю. Таму што ў Беларусі адназначна „Ўсходняе партнэрства“ прабуксоўвае. І патрэбныя новыя прапановы з нашага боку, каб гэтыя праграмы ўсё ж такі не ўпустую праходзілі.

Мы ўвесь час сутыкаемся зь нежаданьнем уладаў супрацоўнічаць з грамадзянскай супольнасьцю. У нас нават на тых кірунках, дзе можна супольна працаваць — напрыклад, энэргетыка альбо экалёгія, дзе ўлады могуць не разглядаць супрацоўніцтва як пагрозу для свайго існаваньня, — і там кантактаў няма. Хоць гаворка ідзе толькі пра набліжэньне да эўрапейскіх стандартаў у гэтых галінах. Улады бачаць плюсы ад супрацоўніцтва, але на яго не ідуць. Мабыць, думаюць, што такія мадэлі камунікацыі, з удзелам грамадзтва, будуць больш шкоднымі ў пэрспэктыве».

Калі і цяпер у грамадзянскай супольнасьці Беларусі няма кантактаў з уладамі, то нядаўнія заклікі філёзафа і мэтадоляга Ўладзімера Мацкевіча зрабіць гэту супольнасьць больш радыкальнай у палітычным кантэксьце, мабыць, яшчэ болей абцяжараць дачыненьні? — пытаюся ў Юрася Губарэвіча. У адказ чую:

«Я ня думаю, што заявы Ўладзімера Мацкевіча могуць істотна паўплываць на гэтую сытуацыю. У нашай сытуацыі мяч знаходзіцца на баку беларускіх уладаў. Калі б яны жадалі пераменаў у Беларусі, жадалі дэмакратызацыі, то іх асноўным партнэрам у гэтых дзеяньнях магла б стаць грамадзянская супольнасьць».

Стакгольмскі форум скончыцца 30 лістапада.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG