Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Асноўныя даты ізраільска-палестынскага канфлікту


Сёньня Генэральная Асамблея ААН у Нью-Ёрку мае галасаваць аб наданьні Палестынскай Аўтаноміі статусу краіны-назіральніка (nonmember observer state).

29 лістапада 1947 — Генэральная Асамблея ААН прымае рэзалюцыю, якая рэкамэндуе падзел тэрыторыі Палестыны на тры суб’екты: арабскую дзяржаву, габрэйскую дзяржаву і горад Ерусалім. На другі дзень выбухаюць сутычкі паміж палестынскімі і габрэйскімі вайсковымі фармаваньнямі.

14 траўня 1948 — абвяшчэньне дзяржавы Ізраіль. Выбухае арабска-ізраільская вайна, якая заканчваецца замірэньнем у 1949 г. Заходні бераг ракі Ярдан знаходзіцца пад кантролем Ярданіі, паласа Газы пад кантролем Эгіпту. У паласе Газы ўзьнікае палестынскі ўрад, які самаліквідуецца праз 10 гадоў.

1964 — Ясір Арафат стварае Арганізацыю вызваленьня Палестыны.

5-10 чэрвеня 1967 — «шасьцідзённая вайна», у выніку якой Ізраіль займае Заходні бераг і Паласу Газы. Арганізацыя вызваленьня Палестыны спачатку перабіраецца ў Ярданію, а потым, у выніку ярданскага-палестынскага канфлікту, перамяшчаецца ў Лібан.

1982 — выбухае вайна Ізраілю зь Лібанам. Арганізацыя вызваленьня Палестыны перамяшчаецца ў Туніс. У 1985 годзе Ізраіль выводзіць войскі зь Лібану, пакідаючы пад сваім кантролем 10-кілямэтровую паласу лібанскай тэрыторыі уздоўж мяжы.

1987 — гэтак званае першае паўстаньне палестынцаў супраць Ізраілю на Заходнім беразе і ў Паласе Газы.

1988 — лідэр Арганізацыі вызваленьня Палестыны Ясір Арафат у аднабаковым парадку абвяшчае Палестынскую дзяржаву ў межах да арабска-ізраільскай вайны 1967 году.

1993 — сакрэтныя ізраільска-палестынскія перамовы ў Осла, закончаныя падпісаньнем дэклярацыі ў Вашынгтоне, якая прадугледжвала ўвядзеньне мясцовага самакіраваньня на Заходнім беразе і ў Паласе Газы пад назвай Палестынскай аўтаноміі. Арганізацыя вызваленьня Палестыны вяртаецца на палестынскую зямлю.

2000 — другое паўстаньне палестынцаў супраць Ізраілю. Сутычкі трываюць да 2005 году.

2006 — ХАМАС перамагае на выбарах у Паласе Газы, і гэтая перамога прыводзіць да новага ўзброенага канфлікту паміж ізраільцянамі і палестынцамі. Замірэньне наступае ў 2009.

Лістапад 2012 — ракетны абстрэл Ізраілю ХАМАСам з Паласы Газы. Новае замірэньне.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG