Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што Палестыне дасьць статус краіны-назіральніка ААН


Жыхар Газы з партрэтамі кіраўніка Палестынскай аўтаноміі Махмуда Абаса

Жыхар Газы з партрэтамі кіраўніка Палестынскай аўтаноміі Махмуда Абаса

Сёньня Генэральная Асамблея ААН у Нью-Ёрку мае галасаваць аб наданьні Палестынскай Аўтаноміі статусу краіны-назіральніка (nonmember observer state).

Мяркуецца, што адпаведная рэзалюцыя будзе зацьверджаная безь ніякіх праблемаў, паколькі для яе прыняцьця патрэбная звычайная большасьць галасоў краінаў-сябраў ААН, якіх на дадзены момант 193. Чакаецца, што супраць рэзалюцыі будуць галасаваць толькі некалькі краінаў, сярод іх Ізраіль, ЗША, Канада і, магчыма, Нямеччына ды Нідэрлянды.

Статус краіны-назіральніка ў ААН — гэта максымум міжнароднага прызнаньня, якое Палестынская Аўтаномія можа атрымаць на дадзены момант.

Летась ЗША заблякавалі ў Радзе Бясьпекі ААН просьбу Палестынскай Аўтаноміі аб наданьні ёй поўнага сяброўства ў ААН (member state). Каб атрымаць поўнае сяброўства, дзяржаве патрэбная папярэдняя згода Рады Бясьпекі ААН. Інакш кажучы, 9 з 15 сябраў Рады Бясьпекі ААН мусяць прагаласаваць за наданьне поўнага сяброўства пры адсутнасьці вэта з боку пяці сталых сябраў Рады Бясьпекі ААН.

Што Палестынскай Аўтаноміі, якая цяпер мае статус сталага назіральніка ААН (permanent observer), дасьць новы статус краіны-назіральніка (nonmember observer state)?

Новы статус дасьць палестынцам права атрымаць сяброўства ў некаторых міжнародных арганізацыях, уступ у якія ім пакуль забаронены. У прыватнасьці, як сьцьвярджаюць камэнтатары падзеяў на Блізкім Усходзе, Ізраіль найбольш баіцца, што Палестынская Аўтаномія выкарыстае свой новы статус у ААН, каб далучыцца да Міжнароднага крымінальнага суду і паспрабаваць узбудзіць супраць Ізраілю справы за акупацыю сваёй тэрыторыі на заходнім беразе ракі Ярдан ды, ня выключана, за меркаваныя ізраільскія ваенныя злачынствы.

Новы статус таксама дасьць палестынцам права ўдзельнічаць у дэбатах Генэральнай Асамблеі ААН ды ўступаць у міжнародныя органы ААН. Гэтае апошняе, як папярэджваюць назіральнікі, можа схіліць ЗША, галоўнага фінансавага спонсара ААН, адмовіцца ад свайго фінансаваньня такіх органаў. Падобнае адбылося ў мінулым годзе ў адносінах да ЮНЭСКА, калі гэтая арганізацыя прыняла ў свае шэрагі Палестынскую Аўтаномію.
XS
SM
MD
LG