Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэлегацыя Беларусі ў ААН незадаволеная ціскам праз спорт


Дэлегацыя Беларусі заклікала ўсясьветную супольнасьць мацаваць ролю Генасамблеі ААН у справе разьвіцьця міжнароднага алімпійскага руху і барацьбы з нэгатыўнымі зьявамі ў спорце.

Падчас абмеркаваньня на 67-й сэсіі Генасамблеі ААН дакладу «Спорт на карысьць разьвіцьця і міру» прадстаўнік Беларусі згадаў пра Алімпійскія гульні ў Лёндане. Ён паскардзіўся на выкарыстоўваньне спартыўных мерапрыемстваў «для аказаньня ціску на сувэрэнныя дзяржавы».

Беларускія дыпляматы заклапочаныя «гонкай спонсараў і фармацэўтычных гігантаў», неаб’ектыўным судзействам, допінгавымі скандаламі, «выбарачнай, заснаванай на дваістых стандартах дзейнасьцю міжнародных алімпійскіх чыноўнікаў».

Дэлегацыя Беларусі прапануе стварыць мэханізмы дзеля ўмацаваньня міжнароднага супрацоўніцтва і пазьбяганьня непрыязных жэстаў.

Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка ня змог трапіць на Алімпіяду ў Лёндане, бо яму ня выдалі візы на ўезд на тэрыторыю Вялікабрытаніі. Гэтае рашэньне ў амбасадзе Вялікабрытаніі ў Менску патлумачылі тым, што Лукашэнка ўваходзіць у сьпіс асобаў, якім забаронены ўезд у краіны Эўразьвязу. А гэтая забарона застаецца ў сіле і падчас Алімпійскіх гульняў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG