Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Шпіёна» Гайдукова перавозяць у Віцебск. Зьмянілася абвінавачаньне?


Затрыманы 8 лістапада наваполацкі актывіст Андрэй Гайдукоў знаходзіўся пад вартай у менскім СІЗА КДБ паводле абвінавачаньня ў здрадзе дзяржаве. Маці затрыманага паведаміла, што яго пераводзяць зь Менску ў Віцебск, але прычыны ёй не вядомыя.

Пра тое, што сына пераводзяць з СІЗА КДБ, Вольга Гайдукова даведалася ад адваката:

«Я прасіла, каб адвакат напісала заяву на сустрэчу з сынам, каб яны паразмаўлялі пра ягоную справу. Адвакат мне патэлефанавала і паведаміла, што яго пераводзяць у Віцебск. Ёй так сказаў сьледчы Алег Барысевіч. Я ня ведаю, як да гэтага ставіцца. Бо спачатку казалі, што яго адвезьлі ў Менск, бо ў Віцебску, дзе ён быў затрыманы, няма структуры КДБ для ўтрыманьня падазраваных. Цяпер, атрымліваецца, яго можна трымаць і тут. Можа, памянялася абвінавачаньне? А можа, яго вырашылі перавесьці таму, што сьледчы зь Віцебску, і яму не выпадае езьдзіць у Менск? Карацей, адны загадкі. Адвакат сама не ведае падрабязнасьцяў».

Вольга Гайдукова дакладна ня ведае, дзе сын знаходзіцца ў дадзены момант: яшчэ ў Менску, ужо ў Віцебску ці ў дарозе. Не ведае яна, і дзе яго будуць утрымліваць. Хутчэй за ўсё, у віцебскім СІЗА, мяркуе маці.

Яна спадзяецца, што адвакату ўдасца дамовіцца наконт сустрэчы з Андрэем на наступным тыдні, і тады хоць нешта высьветліцца.

Ніводнага ліста ад сына яна дагэтуль так і не атрымала, хаця ён іх пісаў. Пакуль яна ня ведае і таго, на якую віцебскую адрэсу накіроўваць свае допісы.

У менскі СІЗА КДБ Андрэя Гайдукова зьмясьцілі пасьля затрыманьня ў Віцебску, якое адбылося 20 дзён таму. 23-гадовага апэратара наваполацкага прадпрыемства «Нафтан» вінавацяць паводле крымінальнага артыкулу "Здрада дзяржаве ў форме агентурнай дзейнасьці«.Згодна з афіцыйнай інфармацыяй, хлопца затрымалі «падчас закладкі тайніка са зьвесткамі, якія цікавяць замежныя спэцслужбы». Гэтае абвінавачаньне многія лічаць бязглуздым, а перасьлед Гайдукова зьвязваюць зь яго апазыцыйнымі поглядамі і тлумачаць спробамі застрашыць моладзевых актывістаў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG