Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Драўляны Гомель чакае ахоўнага статусу ці зносу


Руіны дому № 23

Руіны дому № 23

У Гомелі працягваюць руйнаваць драўляныя дамы, якія вызначалі аблічча гораду на пачатку ХХ стагодзьдзя.

Даўшы дазвол на знос, гарадзкія ўлады самі так і ня вырашылі, што й як зь лепшых узораў драўлянага дойлідзтва захаваць для нашчадкаў.

Актывісты моладзевай гісторыка-краязнаўчай суполкі «Талака» 28 лістапада зьвярнуліся ў гарвыканкам, каб даведацца пра лёс сваіх прапановаў па захаваньні лепшых драўляных дамоў на вуліцы Валатаўской. Пісьмовыя прапановы яны дасылалі ў Міністэрства культуры, а копіі — непасрэдна ў гарвыканкам.

Прадстаўніца гарвыканкамаўскага аддзелу культуры, які абавязаны клапаціцца пра захаваньне гісторыка-культурнай спадчыны, паведаміла:

«Да нас дайшлі дакумэнты, і мы зараз будзем рыхтаваць адказ Міністэрству культуры».

Руйнаваньне дому № 23, архіўнае відэа


Намесьніца кіраўніка краязнаўчай суполкі «Талака» Марыся Тульжанкова, якая хадзіла ў гарвыканкам, кажа, што аддзел культуры, па сутнасьці, толькі зараз пераняўся праблемай захаваньня гістарычных драўляных дамоў, хоць пра гэта даўно пісала незалежная прэса і нават мясцовая афіцыйная:

«Толькі сёньня атрымаў гарвыканкам ліст зь Міністэрства культуры з нашымі прапановамі — яго яшчэ не расьпісалі й нікуды не дасылалі. Аб’екты падлягаюць ахове, пакуль ня вырашыцца нешта — ці надаваць ім статус гісторыка-культурнай каштоўнасьці, ці не надаваць. Гэта будынкі на вуліцы Валатаўской №№ 15, 17, 19, 20, 22, 23 і 24».

Пакуль паперы блукаюць па кабінэтах, драўляныя дамы на вуліцы Валатаўской працягваюць руйнаваць. Ужо разбурылі дамы № 23, 25.

Брыгадзір падрадчыкаў, якія сёньня руйнавалі дамы на няцотным баку вуліцы Валатаўской, апавёў:

«Усё ідзе ад заказчыка. Фронт працы вызначаны праектна-каштарыснай дакумэнтацыяй: два драўляныя дамы 23 і 25 па Валатаўской. І сказалі — у бліжэйшы час яшчэ й крайні дом (ня памятаю ягонага нумару, падаецца, 21) будзе таксама зносіцца. Тэрміны ня вызначаныя, але хутка выканаем».

Дом № 17: у сьпіс ахоўнай спадчыны ці на дровы?

Дом № 17: у сьпіс ахоўнай спадчыны ці на дровы?

Зьнесены дом на Сожаўскай вуліцы

Зьнесены дом на Сожаўскай вуліцы

Забудоўцам вуліцы Валатаўской выступае менскае акцыянэрнае таварыства «Электрапрам». На месцы зруйнаваных драўляных дамоў плянуюць паставіць шматпавярховікі. Ад дома № 23, які меў разьблёныя аканіцы й фігурны ганак са шпілем, засталася кучка бярвеньня і будаўнічага друзу. Яшчэ раней пайшоў на злом двухпавярховы дом на рагу вуліц Сожаўскай і Карла Маркса. Падрадчыкі падбіраюцца да дома, дзе нейкі час жыла мэцэнатка княгіня Ірына Паскевіч, а пасьля месьцілася музычная вучэльня, у якой выкладалі вядомыя беларускія кампазытары, у прыватнасьці, Рыгор Пукст.

Мясцовыя краязнаўцы лічыць, што з драўляных дамоў, якія зараз няшчадна руйнуюцца, на той жа вуліцы Валатаўской альбо на Пляханава, у колішнім гістарычным раёне Спасава Слабада, можна было стварыць музэй драўлянага дойлідзтва пад адкрытым небам.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG