Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Марат Новікаў: Маю каманду ператвараюць у ізгояў


Марат Новікаў

Марат Новікаў

Працэс нацыяналізацыі акцыянэрных таварыстваў, які пачаўся з кандытарскіх фабрык «Камунарка» і «Спартак», працягваецца. За давядзеньне долі дзяржавы да кантрольнага пакету акцый прагаласавалі акцыянэры бабруйскага «Чырвонага харчавіка»; падчас інспэкцыі Аляксандрам Лукашэнкам прадпрыемства «Івацэвічдрэў» быў звольнены генэральны дырэктар і, як і ў выпадку з кандытарамі, на навядзеньне парадку кінуты кіраўнік профільнага канцэрну. Пра рэпрыватызацыю па-беларуску — колішні стратэгічны акцыянэр «Камунаркі» і «Спартака» Марат Новікаў. Праз тэлефон зь Нью-Ёрку ён пагутарыў зь Ігарам Карнеем.

— Так, я ў курсе таго, што адбываецца. Людзі, напэўна, разумеюць, што супраціўляцца бессэнсоўна. Вы ж самі цудоўна разумееце: галасуй, не галасуй — рашэньне ўсё роўна будзе прынятае такое, якое неабходна ўладам. Натуральна, не магу гаварыць за супрацоўнікаў прадпрыемстваў, але ў прынцыпе ня ведаю, чым людзі кіруюцца. Таму што яны ж самі сябе шчэмяць, ухваляючы такія рашэньні, шчэмяць свае інтарэсы — і маральныя, і матэрыяльныя. Што да мяне, то, шчыра кажучы, я вельмі далёкі ад думкі, што дзяржава зробіць лепш, чым зробіць прыватнік. Я абсалютны прыхільнік прыватнага бізнэсу, я жыву ў дзяржаве, якая практычна цалкам існуе ва ўмовах прыватнай уласнасьці.

Я бачу, што дзяржава ня можа сёньня так апэратыўна і сынхронна кіраваць працэсамі ва ўмовах, якія сфармаваліся ў сьвеце. Я перакананы: на такое здольныя толькі сучасныя мэнэджэры. Часам трэба вынесьці тэрміновае рашэньне, і яго можа прыняць толькі гаспадар. Таму што дзяржава, якая б яна ні была добрая ці дрэнная, разваротлівая ці тармазнутая, у дзяржаве ў любым выпадку ўсё павінна ўзгадняцца, разумееце. А пакуль праходзіць пэрыяд узгадненьня, эканоміка можа ісьці ці ўніз, ці ісьці ўверх. Зразумела, ніколі пасьпяваць за гэтым ня будзеш, калі ты зьвязаны дзяржаўнымі ланцугамі. Вось і ўсё.

— Апошнія дні на цытаты расьцягнутыя выказваньні Аляксандра Лукашэнкі ў інтэрвію агенцтву Reuters. Кіраўнік краіны заяўляе, што ня бачыць праблемаў з працэсамі прыватызацыі ў Беларусі, а калі сыдзецца ў цане, то можа прадаць нават «ласыя кавалкі».

— Зразумела, што перамовы могуць весьціся. Але ж вы самі разумееце: людзі, якія гатовыя ўкладаць ня проста грошы, а грошы вельмі вялікія, канечне, павінны быць застрахаваныя ня толькі эканамічна, але і палітычна. На жаль, пакуль такой стабільнасьці няма, каб хтосьці ўклаў у Беларусь сродкі і быў перакананы, што яны застануцца цэлымі. Усе бачаць, як спантанна выносяцца ўсялякія дзіўныя рашэньні, спускаюцца ўказы, загады, і ў выніку ўсё залежыць ад надвор’я, а не ад законаў эканомікі. Шчыра кажучы, я сам у замяшаньні, чаму такое адбываецца.
Не выключаю: кіраўніка дзяржавы ўсё ж дэзынфармуюць, што гэта прынясе карысьць


На тым жа нядаўнім інвэстыцыйным форуме спадар Мясьніковіч запэўніваў, што ня будзе больш такой самадзейнасьці і г.д., і г.д. Але ўсё ў прынцыпе працягваецца. Таму я толькі дзіўлюся, чаму працэс гэты адбываецца. Не выключаю: кіраўніка дзяржавы ўсё ж дэзынфармуюць, што гэта прынясе карысьць. Можна, вядома, па-рознаму разважаць, але я думаю, што ідзе дэзынфармацыя і яго чарговым разам падстаўляюць. Ня ведаю, увесь сьвет ужо даўно так не жыве і не працуе, няўжо нехта яшчэ спадзяецца збудаваць нейкую новую эканамічную мадэль? Ня думаю, што такое здарыцца ў сэнсе менавіта станоўчага эфэкту.

— Марат Міхайлавіч, як вы вырашаеце свае адносіны з «Камунаркай», «Спартаком»? Намінальна акцыямі прадпрыемстваў працягваеце ж валодаць?

— Так, але, ведаеце, намецілася выразная тэндэнцыя на адлучэньне, разумееце? Проста незразумела, на якой падставе. Яны, у прынцыпе, ківаюць наверх — маўляў, наверсе кажуць, каб нас крыху паціснулі. Нават такое ідзе, што перасьледуюцца людзі проста за кантакты з намі, ажно да звальненьня. Прычым пра гэта ў адкрытай форме гаворыцца на плянэрках новым кіраўніцтвам абедзьвюх фабрык. Мы як ізгоі атрымаліся, хоць прэзыдэнт сказаў — няхай працуюць інвэстары, як і працавалі. Адзінае — што, маўляў, няхай прадаюць па такіх коштах, па якіх «трэба прадаваць». Як быццам мы прадавалі па нейкіх спэцыяльна прыдуманых коштах, каб разваліць вытворчасьць.

А калі ідзе такое адлучэньне, то я ня думаю, што гэта ад дырэктараў паходзіць. Я думаю, што гэта паходзіць, як мінімум, ад мясцовай улады. Людзі, здараецца, намагаюцца перавыканаць тое, што ім дадзена паўнамоцтвамі. Зрэшты, як заўсёды. Таму нельга выключаць, што пастаўленая мэта пазбавіцца ад нас увогуле. Бо яшчэ раз кажу: адчуваецца, што ідзе адлучэньне. Людзям адкрыта і наўпрост кіраўніцтва фабрык на плянэрках кажа, ні для кога гэта не сакрэт: будзеце кантактаваць (пры гэтым нават адкрыта называючы мяне) — будзеце звольненыя. Як быццам мы прыносім ці прыносілі нейкую шкоду сваім жа фабрыкам.

— Ці рэальна было б разруліць сытуацыю на месцы? Вы не зьбіраліся наведаць Беларусь пасьля разносу, учыненага прэзыдэнтам?

— Ходу назад няма, я так разумею. Тое, што кіраўнік дзяржавы зрабіў, — ён жа не расьпішацца цяпер, што зрабіў няправільна. Увогуле жыцьцё пакажа, хто і што правільна рабіў, хто меў рацыю. А сёньня, вядома, усё робіцца дзеля таго, каб паказаць, што зараз павінна лепей быць. Але я ня бачу пакуль ні посьпехаў, ні прарываў. Наадварот: я бачу, што і па заробках пытаньні ўзьнікаюць. Могуць не выплочваць заробак таго ўзроўню, які быў раней. І пры гэтым сьпіхнуць на нас, што гэта мы няправільна налічвалі. Але ж мы — правільна ці няправільна — іх выплочвалі. І прыбыткі агромністыя зрабілі.
Могуць не выплочваць заробак таго ўзроўню, які быў раней. І пры гэтым сьпіхнуць на нас, што гэта мы няправільна налічвалі


Вось гэтыя нашы прыбыткі, напэўна, кагосьці і падкасілі. Гэта як адзін вялікі расейскі начальнік сказаў: трэба было красьці, а вы сацыялізм будавалі. Таму і паплаціліся. І ён у нечым мае рацыю. Сёньня мы з гэтым сутыкнуліся, і гэта адваротны бок мэдаля. Бо каб мы тыя прыбыткі скралі, якія ёсьць сёньня на прадпрыемствах, іх папросту не было б. І, пэўна, ніхто б не зайздросьціў. І не казалі б: вось бачыце, столькі прыбытку, што яны зьвезьці ня могуць у сваю Амэрыку ці яшчэ кудысьці. Таму, мабыць, была стратэгічная памылка, што, апярэджваючы час, мы будавалі прадпрыемствы, раскручвалі іх, давялі да ўсясьветнага ўзроўню. А то спадар Русы, яшчэ ня ўнікнуўшы ў сутнасьць справы, толькі прыйшоўшы на пасаду, кажа: нічога новага ня зроблена, ніякага маркетынгу ды г.д. Але калі ўзяць сёньня любы камунараўскі ці спартакаўскі выраб, то ён створаны 5–6 гадоў таму. Старога ўвогуле нічога не засталося. Нават кадраў старых не засталося, ня тое што асартымэнту. Усё рабілася і раскручвалася пад усясьветны ўзровень, пад усясьветны рынак. У Беларусі сам па сабе рынак малаёмісты; беларусы не багатыя людзі на сёньняшні дзень. Таму, вядома, галоўная мэта — рынак Расеі, рынкі блізкага і далёкага замежжа. Вось на гэта і была мая асноўная стаўка.

— На вашу думку, у цяперашняга кіраўніцтва фабрык стратэгіі разьвіцьця проста няма?

— Стратэгіі ніякай няма, гэта адназначна. Данчанка адпрацаваў 9 гадоў старшынёй канцэрну — вельмі добрая, між іншым, пляцоўка для ініцыятыў — і нічога на той пасадзе не зрабіў. Уяўляеце: 9 гадоў адбыў на пасадзе, нічога не зрабіўшы! Хоць бы якое-небудзь адно перапрацоўчае прадпрыемства запусьціў. Увогуле нічога! Амаль 10 гадоў чалавек проста праседзеў, і ніхто не зьвяртаў увагі. Усё нармальна. Таму проста паставілі людзей, якія выконваюць тэхнічныя функцыі «зачысткі»: найперш прыбіраюць усе маратаўскія кадры. А Марат стварыў структуру, на якой ужо 19 гадоў працуюць супэрспэцыялісты. Гэта ж такія прафэсіяналы сёньня на прадпрыемствах, а іх усіх паціхеньку прыбіраюць.
Людзі, якія ўчынілі растраты, крадзяжы — іх усіх назад запрашаюць працаваць


А з кім жа вы будзеце працаваць? Самае цікавае, што на «Камунарку» запрашаюць людзей, якіх мы проста павыганялі. Людзі, якія ўчынілі растраты, крадзяжы — іх усіх назад запрашаюць працаваць. Лёгіка такая: ага, яны пакрыўджаныя Маратам, значыць, прыйдуць і будуць рабіць працу з падвойнай энэргіяй. То бок, разумееце, усё пачынае будавацца на жульлі. Незразумела, да чаго гэта прывядзе. Я думаю, зноў жа, што паколькі інфармацыйнай базы няма, ідзе поўная дэзынфармацыя, таму камусьці выгадна, каб усё пайшло па такім дрэнным сцэнары. У мяне такое адчуваньне, ня ведаю. Паглядзім, час пакажа, чаму ўсё было зроблена менавіта так.

— Лукашэнка абяцаў працаўладкаваць звольненых кіраўніц «Камунаркі» і «Спартака». У якім яны зараз статусе?

— Алеся Валянцінаўна, я ведаю, у дэкрэтны адпачынак сышла. У яе маленькае дзіця, і ёй яшчэ год можна быць у дэкрэтным адпачынку. Натальля Канстанцінаўна пакуль адпачывае, гэта я таксама ведаю. То бок ніхто ня кінуўся адразу іх кудысьці працаўладкоўваць. Дый я ня думаю, што ім прапануюць такія месцы, якія іх задаволяць. У гэтым я перакананы. Але хачу вам сказаць, што такія дырэктары, высокаклясныя мэнэджэры, як яны, знойдуць сабе і самі працу, тут ніякіх пытаньняў няма. Сёньня з кадрамі праблема надзвычайная, знайсьці добрага супрацоўніка — гэта вялізная задача для ўсіх кіраўнікоў як у Беларусі, так і ў Расеі. Мы рэальна з гэтым увесь час сутыкаемся, таму кажу так упэўнена.

У сярэдзіне кастрычніка Аляксандар Лукашэнка памяняў дырэктарат на кандытарскіх фабрыках «Камунарка» і «Спартак». Зьвінаваціўшы кіраўніц менскага і гомельскага прадпрыемстваў Натальлю Кот і Алесю Самсонаву ў змове з амэрыканскім стратэгічным інвэстарам Маратам Новікавым, якая абярнулася стратамі для абодвух калектываў, на іх месцы ён прызначыў дзяржаўных чыноўнікаў. Загадам кіраўніка краіны зьліквідаваныя назіральныя рады абодвух акцыянэрных таварыстваў. На «Камунарку» наводзіць парадак кінулі старшыню канцэрну «Белдзяржхарчпрам» Івана Данчанку, на «Спартак» — начальніка ўпраўленьня гандлю і паслугаў Гомельскага аблвыканкаму Алега Жыдкова. Гэтаксама Лукашэнка запатрабаваў павялічыць дзяржаўную долю на «Камунарцы» да 57% (з ранейшых 22%), на «Спартаку» — да 60% (з 13%). Марат Новікаў да «рэарганізацыі» меў 34% на «Камунарцы» і 54% на «Спартаку».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG