Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Равяку правяраюць адносна атрыманьня сродкаў ад Бяляцкага


Тацяна Равяка

Тацяна Равяка

Падатковыя органы правяраюць сябра рады праваабарончага цэнтру «Вясна», прэзыдэнта Беларускага Дома правоў чалавека Тацяну Равяку адносна атрыманьня сродкаў ад Алеся Бяляцкага.

Падчас праверкі даходаў і маёмасьці праваабаронцы высьветлілася, што падаткоўцам перададзеныя зьвесткі з крымінальнай справы супраць кіраўніка праваабарончага цэнтру «Вясна» Алеся Бяляцкага. Хоць падатковая інспэкцыя ня выявіла ў дакумэнтах, прадстаўленых праваабаронцай, парушэньняў, зьвязаных з утойваньнем прыбыткаў.

Тацяна Равяка ўжо двойчы, 20 і 27 лістапада 2012 году, была апытаная падатковым інспэктарам па Першамайскім раёне Валянцінай Буравай адносна сумаў, якія фігуруюць у крымінальнай справе Бяляцкага і якія праваабаронца нібыта ёй пералічваў.

Паводле Буравай, гэтая інфармацыя была перададзеная ў раённую інспэкцыю «вышэйстаячымі органамі Міністэрства падаткаў і збораў РБ». Але Валянціна Бурава не змагла адказаць, з чыёй ініцыятывы яны былі туды перададзеныя.

Тацяне Равяцы было прапанавана адказаць на пытаньні, датычныя наяўнасьці рахункаў у літоўскім банку, мэтаў іх адкрыцьця, характару пераводаў на іх сродкаў. У пратаколе апытаньня адзначаецца, што «ў інспэкцыі маюцца копіі выпісак з рахункаў АО DnB NORD банк, Вільнюс, Літва, згодна зь якімі атрымальнікам грашовых сродкаў выступае Тацяна Равяка» (ад А. Бяляцкага). Аднак самі выпіскі інспэктарка прадставіць адмовілася. Праваабаронца, у сваю чаргу, адмовілася камэнтаваць інфармацыю без азнаямленьня з дакумэнтамі.

Інспэктар Бурава паведаміла, што па атрыманай са справы Бяляцкага інфармацыі падатковая будзе праводзіць праверку, па выніках якой будзе прынята рашэньне, ці залічваць сродкі, якія нібыта былі пералічаныя Тацяне Равяцы, як яе асабісты прыбытак, які ня быў задэкляраваны і зь якога ня выплачаныя падаткі.

Праваабарончы цэнтар «Вясна» расцэньвае дадзеныя захады падатковых органаў як перасьлед праваабаронцаў за прафэсійную дзейнасьць.

У справе Алеся Бяляцкага ў дакумэнтах зь літоўскага і польскага банкаў, якія леглі ў аснову прысуду па абвінавачаньні ва ўхіленьні ад падаткаў, былі зьвесткі пра сродкі, якія Бяляцкі пералічваў на праваабарончую дзейнасьць сваім калегам, у тым ліку Тацяне Равяцы.

Усе асобы, якія ўзгадваліся ў дакумэнтах, былі дапытаныя ў якасьці сведак. Яны не адмаўлялі атрыманьня сродкаў на канкрэтную дзейнасьць, аднак, спасылаючыся на Канстытуцыю, адмовіліся даваць паказаньні адносна іх выдаткоўваньня.

У выніку перадачы зьвестак з крымінальнай справы кіраўніка праваабарончага цэнтру «Вясна» ў падатковыя органы паўстала сытуацыя, калі сродкі, якія былі прызнаныя асабістым прыбыткам Алеся Бяляцкага, могуць быць прызнаныя і асабістым прыбыткам яшчэ і ягоных калегаў, адзначае сайт «Вясны».

Праваабаронца Алесь Бяляцкі быў асуджаны на чатыры з паловай гады пазбаўленьня волі з канфіскацыяй маёмасьці і кампэнсацыяй «шкоды», якую нібыта нанёс сваімі дзеяньнямі. Алесь Бяляцкі не прызнаў сваёй віны, але ягоныя паплечнікі сабралі вызначаныя судом сродкі, каб пагасіць гэтую «шкоду», якая ўключала ў сябе падаткі і пеню з агульнай сумы.
XS
SM
MD
LG