Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Краіна, дзе час спыніўся ў 1994 годзе...»


Валянцін Жданко

Валянцін Жданко

Новая перадача сэрыі «Паштовая скрынка 111». Эфір 28 лістапада 2012 году

У пошце «Свабоды» традыцыйна шмат водгукаў на многія перадачы нашага радыё, у якіх абмяркоўваюцца найбольш вострыя грамадзкія праблемы. З аднаго з такіх лістоў пачну сёньняшнюю размову.

Наш даўні сябар Васіль Валошка з Радашкавічаў напісаў пасьля таго, як пачуў аналітычную праграму «Экспэртыза Свабоды» з удзелам палітоляга Вольгі Абрамавай і філёзафа Валянціна Акудовіча — на тэму пасьлявыбарчай сытуацыі ў Беларусі. Асабліва зачапіла спадара Валошку тое, што Вольга Абрамава назвала Лукашэнку «выключна таленавітым палітыкам». Слухач з гэтай нагоды піша:

«У чым жа яго выключны талент? У тым, што спыніў час у сваёй краіне ў 1994 годзе? Сапраўды, патрэбныя надзвычайныя здольнасьці, каб пры такой нізкай цане на газ мець такую высокую інфляцыю і за адзін толькі год абрынуць нацыянальную валюту на 300 працэнтаў. А якія выдатныя стартавыя магчымасьці меў гэты чалавек на пачатку 90-х гадоў! У спадчыну ад СССР Беларусі засталіся заводы-гіганты, інфраструктура, шматлікія вайсковыя базы... Напрыклад, Польшча падчас краху камуністычнай сыстэмы мела ня лепшую эканоміку. І дзе цяпер Польшча, а дзе — мы?

Калісьці Лукашэнка ў якасьці адмоўнага прыкладу любіў прыводзіць Украіну: маўляў, вунь да якога жабрацтва давяла аранжавая рэвалюцыя — усе ўкраінцы кінуліся на заробкі ў Расею. А цяпер зь Беларусі ўцякае людзей больш, чым з Украіны (калі браць у працэнтах да ўсяго насельніцтва). Прычым без усялякіх рэвалюцый, толькі дзякуючы «таленту» кіраўніка.

А можа, «талент» у тым, што нашы доблесныя спэцслужбы, якія, як хваліцца Лукашэнка, за лічаныя гадзіны знайшлі віцебскіх тэрарыстаў і за 7 хвілін разагналі дзясяткі тысяч мірных дэманстрантаў, — чамусьці больш як за 10 гадоў ня здолелі знайсьці сьлядоў тых зьніклых палітыкаў, якія ўяўлялі рэальную пагрозу для пажыцьцёвай улады дыктатара?

...А як пры Лукашэнку навучыліся пускаць пыл у вочы! У дварах — армія дворнікаў, падбіраюць кожны недакурак, кожны лісточак, што ўпаў з дрэва. Звонку — глянец і бляск. А ў гэты ж час у падвалах безупынку цякуць іржавыя трубы, якія не мянялі па
40–60 гадоў і зь якіх людзі вымушаны піць ваду...

...А які талент трэба, каб хлусіць, адкрыта гледзячы ў вочы. Напрыклад, абяцаць, што ніякай дэвальвацыі ня будзе — а пасьля гэтага абясцэніць рубель утрая. Ці заявіць, што будаўніцтва АЭС без рэфэрэндуму ня будзе — і тут жа распачаць будаўніцтва без усялякага ўліку грамадзкай думкі. Ці паабяцаць, што палітычныя вязьні будуць вызваленыя — а замест гэтага яшчэ больш зьдзекавацца зь іх...

Свой «талент» гэты чалавек ужо шмат гадоў прымяняе толькі дзеля аднаго — каб утрымаць асабістую ўладу. Самастойна сысьці ён ня можа — хоць па ўсім відаць, што вельмі стаміўся, і з гэтай прычыны здароўе ў любы момант можа рэзка падвесьці. А ня можа ён сысьці таму, што дзякуючы свайму «выключнаму таленту» загнаў сябе ў кут. А як з гэтага кута выкараскацца — думаю, ён і сам ня ведае«
.

Палітыкі ўваходзяць у гісторыю па-рознаму. Адны — тым, што пакідаюць пасьля сябе магутную і багатую краіну, другія — ставячы сумнеўныя рэкорды па працягласьці ўтрыманьня ўлады. Беларусь за апошнія 18 год ніякіх фэнамэнальных дасягненьняў не дамаглася: дынамікай эканамічнага жыцьця суседзяў не абагнала; паводле ўзроўню дабрабыту грамадзянаў застаецца на адным з апошніх месцаў у Эўропе; ніякага міжнароднага аўтарытэту ў сьвеце ня мае. Калі яна чым і пазнавальная сёньня, дык хіба што сваім сумнеўным статусам «апошняй дыктатуры Эўропы» і рэкордным для цяперашняй эпохі тэрмінам утрыманьня ўлады ў адных руках. Ці дастаткова гэтага, каб пакінуць адметны сьлед у гісторыі?

Спашлюся на прыклад Партугаліі — сувымернай зь Беларусьсю эўрапейскай краіны, якая з 1932 па 1968 год мела ўласнага Лукашэнку — Антонію Салазара. Мэтай сваёй дыктатуры ён абвясьціў стабілізацыю. Нягледзячы на амбітныя пляны, Партугалія амаль усе чатыры дзесяцігодзьдзі ягонага кіраваньня заставалася адной з самых адсталых краін Заходняй Эўропы.

Але што цікава: калі больш як праз трыццаць год пасьля сьмерці дыктатара ў краіне праводзілася агульнанацыянальнае інтэрактыўнае галасаваньне на шоў пад красамоўнай назвай «Вялікі партугалец», то перамаглі на ім ня Вашку да Гама, не Луіш ды Камойньш і ня Генрых Мараплавец. Першае месца, атрымаўшы 41 працэнт галасоў, заняў менавіта Антонію Салазар, які 36 гадоў утрымліваў аднаасобную ўладу з дапамогай гвалту, рэпрэсій і перасьледу іншадумцаў.

Наступны кароткі ліст даслаў нам Юры Насевіч з Баранавічаў. Слухач зьвяртаецца на «Свабоду» з просьбай і прапановай (цытую допіс):

«Перадачамі „Свабоды“ цікаўлюся даўно і пастаянна. Зь пераходам на новыя хвалі чуваць ваша радыё ў нашай мясцовасьці нармальна. Прынамсі, гэта датычыць Баранавічаў і пасёлка Лагішын Пінскага раёну.

Паважаны Валянцін Жданко, у мяне ёсьць такая прапанова. Як вядома, журналісты „Свабоды“ рыхтуюць адмысловую тэлепраграму „Зона Свабоды“ на спадарожнікавым тэлеканале „Белсат“. Ці магчыма, каб тэлегледачы падчас трансьляцыі гэтай праграмы ў жывым эфіры маглі выказвацца з дапамогай СМС наконт праблемаў, што абмяркоўваюцца ў праграме?»
.

Тэлепраграма «Зона Свабоды» трансьлюецца пакуль што ў запісе, спадар Юры: праскія журналісты нашага радыё рыхтуюць і запісваюць яе загадзя. Але прапанова ваша вельмі цікавая: зваротная сувязь аўтараў і ўдзельнікаў праграмаў са слухачамі і гледачамі — гэта якраз тое, што дапамагае журналістам і прыцягвае ўвагу да перадачы. Абавязкова перакажу вашу прапанову стваральнікам «Зоны Свабоды».

Наступны кароткі ліст-водгук — ад Аляксея Карачынскага зь вёскі Зялёная Нізіна Дзяржынскага раёну. Слухач піша:

«Заўсёды зь вялікім задавальненьнем слухаю перадачы Беларускай Свабоды. Прыцягвае тое, што яны цікавыя і зьмястоўныя. Вось, напрыклад, 7-га лістапада спадар Жданко, камэнтуючы лісты слухачоў, выказаў меркаваньне, што дзень кастрычніцкага перавароту паступова страціў сваё былое значэньне. Вельмі слушнае назіраньне. Магу толькі дадаць: гэтае, так бы мовіць, „сьвята“ выглядае ў наш час як „Дажынкі“ трэцяга гатунку — то бок відовішча нягеглае і нават недарэчнае.

Вядома, на гэтую тэму можна напісаць вельмі многа, але ж ня буду адцягваць вашу ўвагу ды назаляць.

Акрамя таго, спадзяюся, што маё сапраўднае прозьвішча і месца жыхарства ня будуць агучаныя ў эфіры — бо я чалавек просты і папулярнасьці не дамагаюся»
.

Імя аўтара і назву вёскі мы, зважаючы на просьбу слухача, зьмянілі. Мне якраз гэтая просьба падалася асабліва адметнай. Здавалася б, якая ў тым небясьпека — публічна выказацца наконт стаўленьня да гадавіны бальшавіцкай рэвалюцыі?.. А вось жа жыве ў людзях ва ўмовах сёньняшняй беларускай рэчаіснасьці гэтая боязь: як бы чаго ня выйшла... Раптам прыйдуць з кампэтэнтных органаў ды скажуць: «А-а, гэта той самы Карачынскі, які на „Свабоду“ піша...»

З прапановай і просьбай зьвяртаецца да нас у сваім лісьце Ганна Шэраман зь Вілейкі. Слухачка піша:

«Вы — адзіная ўстанова, куды можна зьвярнуцца з маёй спэцыфічнай просьбай. Пакуль гэта ня тычылася маёй сям’і — я да гэтага больш-менш спакойна ставілася. Але цяпер нас зачапіла канкрэтна — і я зразумела, наколькі гэта складаная праблема.

Мяне вельмі цікавіць цэнтар „Навінкі“ пад Менскам. Зь якой мэтай яго стваралі? Як праводзяць экспэртызу? Чула, што гэтая ўстанова — адна з самых буйных у Эўропе. На жаль, нідзе не чытала пра гэты цэнтар, пра які даволі шмат розных размоў і чутак. Калі можна — любыя падрабязнасьці. Можа, падрыхтуеце адмысловую перадачу на гэтую тэму?»
.

Калі гэты шпіталь стваралі напрыканцы 1918-га году, ён называўся «1-й Савецкай працоўнай калёніяй душэўнахворых Навінкі». Цяпер гэта — «Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтар псыхічнага здароўя», самы буйны ў Беларусі шпіталь такога профілю. На жаль, з праблемамі псыхіятрыі, наркатычнай і алькагольнай залежнасьці сутыкаюцца вельмі многія людзі — так што падобныя ўстановы неабходныя. Падрабязна пра дзейнасьць псыхіятрычнага шпіталя можна даведацца на сайце цэнтру — там шмат спэцыяльнай інфармацыі пра мэтодыкі і экспэртызы, якія вас, спадарыня Ганна, цікавяць.

Нячаста, але сустракаюцца ў нашай пошце лісты ад людзей, якія просяць фінансавай альбо іншай матэрыяльнай падтрымкі. Такі ліст даслаў днямі Антон Мелюх зь вёскі Багданаўка Лунінецкага раёну. Слухач піша:

«З кожным днём у нас усё вельмі і вельмі даражэе. Крамы становяцца падобнымі да музэяў: паглядзець можна, а ўзяць няма як. А ў маёй гаспадарцы нічога няма. Я жыву ў вельмі-вельмі цяжкіх умовах. Сам я — інвалід другой групы зь дзяцінства. Мне 57 год. Бацька і маці памерлі, і застаўся я круглым сіратой. Ці нельга было б мне падарыць якую часовую грашовую дапамогу — каб купіць прадукты і лекі».

Радыё Свабода, спадар Антон, не зьяўляецца дабрачыннай ці гуманітарнай арганізацыяй і ня мае магчымасьці аказваць такую фінансавую дапамогу. Відавочна, найперш вам варта зьвярнуцца ў райвыканкам, ва ўпраўленьне сацыяльнай абароны, якое абавязана апекавацца людзьмі, што трапілі ў такія складаныя жыцьцёвыя абставіны. Магчыма, размова тут павінна весьціся ўжо і не пра разавую грашовую дапамогу, а пра месца ў адмысловым інтэрнаце: бо як на схіле гадоў жыць самотнаму інваліду ў аддаленай вёсачцы, ня маючы ўласнай гаспадаркі і сродкаў для існаваньня...

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на «Свабоду». З вамі быў Валянцін Жданко. Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, паштовая скрынка 111.

Праграма «Паштовая скрынка 111» выходзіць у эфір кожную сераду.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
XS
SM
MD
LG