Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У францускім выдавецтве выйшла кніга Карбалевіча пра Лукашэнку


Вокладка кнігі "Аляксандр Лукашэнка - апошні дыктатар Эўропы".

Вокладка кнігі "Аляксандр Лукашэнка - апошні дыктатар Эўропы".

«Цынізм, мэгаляманія, папулізм... гэта інгрэдыенты дыктатуры Аляксандра Лукашэнкі», — выйшла першая кніга-біяграфія Лукашэнкі на францускай мове.

У Парыжы прэзэнтуюць кнігу палітычнага аглядальніка «Радыё Свабода» Валера Карбалевіча на францускай мове «Аляксандр Лукашэнка — апошні дыктатар Эўропы».

Кніга, якая выйшла ў выдавецтве Francois Bourin Editeur, мае 448 старонкі. Наклад — 5 тысячаў.

У кнізе аўтар спрабуе дасьледаваць фэномэн Лукашэнкі, як гэтаму чалавеку на працягу такога вялікага часу ўдаецца заставацца ва ўладзе, як адбывалася фармаваньне гэтай сыстэмы.

У афіцыйным апісаньні кнігі на сайце выдавецтва сказана:

«Жорсткасьць, цынізм, мэгаляманія, хлусьня, беззаконьне, пошласьць, папулізм… гэта інгрэдыенты дыктатуры Аляксандра Лукашэнкі, апошняга тырана Эўропы. Як мірная Беларусь магла скаціцца ў дыктатуру праз тры гады пасьля падзеньня камунізму? Як кіраўнік калгасу без падтрымкі партыі ці любой грамадзкай структуры мог прасунуцца да вяршыні дзяржавы? Гэтая кніга — адзіная біяграфія на францускай мове пра тырана зь Беларусі — уяўляе сабой падарожжа ў абсурд…»

Уступ да кнігі напісаў Стэфан Шмялеўскі, былы амбасадар Францыі ў Беларусі.

Валер Карбалевіч — аналітык «Свабоды», аўтар перадачы «Экспэртыза Свабоды» і палітычных блогаў на нашым сайце. Сёлета ў траўні ён атрымаў прэмію «Свабодная прэса Ўсходняй Эўропы» імя Герда Буцэрыюса за «сьмеласьць, гатоўнасьць абараняць свабоду слова і дэмакратычныя каштоўнасьці».


ПРЭЗЭНТАЦЫЯ КНІГІ АДБУДЗЕЦЦА

Валеры Карбалевіч

Валеры Карбалевіч

Серада 28 лістапада 18:30 (па францускім часе) у Editeurs réunis 35, rue de la Montagne Sainte-Geneviève - 75005 Paris

Чацьвер 29 лістапада з 12 да 13:30 (па францускім часе) у CERI (з удзелам Штэфана Шмялеўскага) - 56, rue Jacob - 75006 Paris

Чацьвер 29 лістапада а 18:30 (па францускім часе) , Librairie du Globe - 67 boulevard Beaumarchais - 75003 Paris, паказ фільму «Звычайны прэзыдэнт» і дыскусія з удзелам Валерыя Карбалевіча

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG