Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экспэрт: кормім Расею і Казахстан, ды яшчэ і за свае грошы


віцэ-прэм’ер Міхаіл Русы

віцэ-прэм’ер Міхаіл Русы

91% усіх сельскагаспадарчых прадуктаў, якія Беларусь прадае за мяжу, прыпадаюць толькі на дзьве краіны — Расею і Казахстан.

Аграрыі Беларусі, перад якімі Аляксандар Лукашэнка настойліва ставіць задачу прадаваць харчы па ўсім сьвеце, з гэтым не спраўляюцца. Бо 91% усяго сельскагаспадарчага экспарту Беларусі, прыпадае толькі на дзьве краіны — Расею і Казахстан. Гэтыя дадзеныя 28 лістапада прывёў на сумесным паседжаньні абедзьвюх палат Нацыянальнага сходу Беларусі віцэ-прэм’ер Міхаіл Русы.

Ён сказаў, што Беларусь прадае прадукты харчаваньня ў 50 краін сьвету. Аднак дзевяць дзясятых усяго экспарту ідзе толькі ў дзьве краіны — Расею і Казахстан. Тады на кожную з астатніх дзяржаў у сярэднім прыпадае менш за 0,02%.

Пэрспэктывы пашырэньня замежнага рынку цьмяныя. Наадварот, са слоў віцэ-прэм’ера, тут узьнікае моцная канкурэнцыя з боку эўрапейскіх краінаў, Новай Зэляндыі і Аўстраліі. Ня бачыць пэрспэктываў і эканаміст Міхась Залескі:

«Нічога дзіўнага ў гэтым няма. Бо акрамя расейцаў у Расеі і Казахстане, ніхто больш нашу прадукцыю есьці ня хоча. Ім што, цэзію са стронцыем, пэстыцыдаў, гербіцыдаў, антыбіётыкаў не хапае?!»

Віцэ-прэм’ер баіцца, што хутка беларускім вытворцам будзе цяжэй і на рынках Расеі і Казахстану:

«У сувязі з уваходам Беларусі ў Мытны зьвяз з Расеяй і Казахстанам, а празь яго фактычна і ва Ўсясьветную гандлёвую арганізацыю, ужо ў бліжэйшай пэрспэктыве сытуацыя будзе непазьбежна абцяжарвацца. У адпаведнасьці з правіламі УГА абавязкі яе чальцоў — прыярытэтныя параўнальна з абавязкамі любых рэгіянальных зьвязаў. А гэта азначае, што дачыненьні Расеі з чальцамі Мытнага зьвязу будуць другаснымі параўнальна з УГА».

Трэба не бедаваць, а шукаць новыя рынкі збыту, па-іншаму працаваць на традыцыйных рынках — раіць Міхась Залескі:
Як у нас былі традыцыйныя каналы паставак яшчэ з часоў СССР, так яны і застаюцца


«Як у нас былі традыцыйныя каналы паставак яшчэ з часоў СССР, так яны і застаюцца. Калі ўзяць, напрыклад, Расейскую Фэдэрацыю, то 47% нашага харчовага экспарту ідзе на Маскву і Падмаскоўе. Значная частка ідзе таксама ў Пецярбург і Ленінградзкую вобласьць. Як гэта было заплянавана яшчэ Дзяржплянам СССР».

Міхаіл Русы сёньня казаў пра велізарныя грошы, якія дзяржава ўкладае ў аграрны комплекс. Для прыкладу — ён сказаў, што толькі на ўгнаеньні ў наступным годзе будзе выдзелена 16 трыльёнаў рублёў. 16,6 трыльёна — на паліўна-змазачныя матэрыялы.

Такую сытуацыю Міхась Залескі называе «даволі драматычнай»:

«Таму што наш экспарт грунтуецца на калясальных датацыях — непасрэдных і ўскосных. І калі мы ўважліва разгледзім, што мы экспартуем, то высьветліцца, што мы экспартуем нашы датацыі. Мы кормім за нашы грошы сельскую гаспадарку. А яна ня можа разьлічыцца ўжо нават па лізінгавых плацяжах. І атрымліваецца, што мы кормім за нашы грошы расейскіх і казахскіх спажыўцоў».

Агаворка віцэ-прэм'ера


«Трэба дамагчыся, каб заробак у сельскай гаспадарцы дасягнуў 8, а ў пэрспэктыве і 10 мільёнаў даляраў у месяц», — сказаў падчас выступу Міхаіл Русы. І хоць ён адразу выправіўся, што, зразумела, гаворка ідзе не пра даляры, а пра беларускія рублі, Авальная заля адрэагавала сьмехам.

Мабыць, дэпутаты прыгадалі, як пару год таму Аляксандар Лукашэнка казаў на сустрэчы з расейскімі журналістамі, што ў Беларусі даяркі атрымліваюць заробак у тысячу даляраў за месяц. Пасьля журналісты доўга шукалі такіх даярак, але так і не знайшлі.
XS
SM
MD
LG