Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гастарбайтэр: Дапамагчы беларускім вязьням у Лібіі можа Прымакоў


Суд у Лібіі, архіўнае фота

Суд у Лібіі, архіўнае фота

Сытуацыю вакол чатырох грамадзянаў Беларусі, якія ад жніўня 2011 году ўтрымліваюцца ў Лібіі, абмеркавалі 27 лістапада на сустрэчы начальніка ўпраўленьня Афрыкі і Блізкага Ўсходу Міністэрства замежных спраў Ігара Ляшчэні з новым Часовы павераным ў справах гэтай паўночнаафрыканскай краіны ў Беларусі Абубакерам Атавілем. Пра гэта паведамілі ў прэсавай службе МЗС.

Справа грамадзянаў Беларусі, Расеі і Ўкраіны разглядалася сёлета ў чэрвені. Ваенны трыбунал Трыпалі абвінаваціў усіх затрыманых у супрацоўніцтве з рэжымам Муамара Кадафі й асудзіў большую частку да 10 гадоў зьняволеньня, а аднаго грамадзяніна Расеі — да пажыцьцёвага тэрміну. Яшчэ адзін беларус застаецца ў статусе падазраванага і чакае судовага рашэньня.

Абвінавачаныя абвяргаюць усялякую датычнасьць да абслугоўваньня ўлады Кадафі, сьцьвярджаючы, што ехалі на заробкі на нафтавых радовішчах. Спробы дыпляматаў і праваабаронцаў паўплываць на лібійскае правасудзьдзе пакуль плёну не даюць. Як паведамляюць зь месца юрысты, апошні месяц для зьняволеных стаў ці ня самым складаным: іх не выводзяць на прагулкі, не дазваляюць прымаць душ, яны адрэзаныя ад любой зьняшняй інфармацыі.

Жыхар Смалявічаў Фёдар Страх больш за год працаваў у Лібіі й пасьпеў эвакуявацца акурат у разгар супрацьстаяньня паміж урадавымі войскамі і паўстанцамі. На яго перакананьне, усе спробы націснуць на лібійскае кіраўніцтва будуць неэфэктыўнымі да таго часу, пакуль ня зьявіцца аўтарытэтны чалавек, да якога там гатовыя будуць прыслухацца. Паводле суразмоўцы, галоўная праблема эўрапейскіх перамоўнікаў у тым, што яны ня ўлічваць мясцовай спэцыфікі:

«Трэба на рэчы глядзець зь іх пункту гледжаньня, а ня з нашага. А мы ж прызвычаіліся усё ацэньваць з нашай, эўрапейскай пазыцыі — упарта, бескампрамісна. Але там пытаньні так ня вырашыш, асабліва такія тонкія. Калі, прыкладам, пайшлі хваляваньні, мы, не падумаўшы, пачалі выказваць свой пункт гледжаньня, нешта ім раіць, то яны вельмі нэрвова на гэта рэагавалі, усім выглядам паказваючы, што ня нам іх вучыць. І гэта сапраўды ня самы лепшы варыянт паводзінаў. Зь імі трэба паводзіць сябе вельмі акуратна, бо можна толькі нашкодзіць. Я заўсёды ў гэтым сэнсе ўспамінаю колішняга расейскага прэм’ера Прымакова. У яго, дарэчы, адпаведная мянушка была паміж дыпляматамі — „хітры ліс“. Толькі так, праз пэўную хітрасьць, разуменьне, можна нечага дамагчыся. Ужо даўно трэба было ехаць у Расею (а, можа, яшчэ і цяпер ня позна), каб заручыцца хоць бы падтрымкай гэтага дагэтуль аўтарытэтнага ў тым рэгіёне чалавека».
XS
SM
MD
LG