Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Учора кіраўнік Беларусі даў працяглае інтэрвію брытанскаму інфармацыйнаму агенцтву Reuters. Нават павярхоўны аналіз выказваньняў кіраўніка дзяржавы паказвае, што ён шмат у чым быў не зусім дакладны. Ці не зусім шчыры.

Лукашэнка: У гэтым годзе мы не выкарыстоўвалі наогул золатавалютных рэзэрваў, ні грама, а наадварот, хоць і нязначна, але яны прырасьлі.

Толькі па выніках кастрычніка золатавалютныя рэзэрвы Беларусі ў вызначэньні МВФ скараціліся на $102,8 млн, у нацыянальным вызначэньні аб’ём золатавалютных рэзэрваў скараціўся на $126,7 млн.

За год у цэлым рэзэрвы сапраўды павялічыліся пры вызначэньні паводле мэтодыкі МВФ, але скараціліся пры вызначэньні паводле нацыянальнай мэтодыкі.

Лукашэнка: Усе нашы дамоўленасьці і ўмовы, пастаўленыя Міжнародным валютным фондам, выконваем, як ніводная іншая дзяржава. І яны нас ніколі не папракалі, і папракнуць не могуць.

«Пры захаваньні цяперашняй палітыкі — як макраэканамічнай, так і структурнай — уладам Беларусі будзе вельмі складана захаваць дасягнуты ўзровень жыцьця, забясьпечыць яго павышэньне» — пра гэта заявіў 29 кастрычніка на брыфінгу ў Менску кіраўнік місіі МВФ у Беларусі Дэвід Хофман. «Менавіта таму мы рэкамэндуем уладам ўстаць на шлях правядзеньня глыбокіх структурных рэформ, — працягнуў кіраўнік місіі.

Лукашэнка : У нас на гэтую тэму (пра крыніцы даходаў ад прыватызацыі) катэгарычна забаронена размаўляць. Не таму што ў нас няма і не павінна быць прыватызацыі, а таму, што нельга жыць за тое, каб прадаваць нацыянальны здабытак.

У 2011 годзе быў прададзены «Газпрому» 50-адсоткавы пакет акцый «Белтрансгазу», які яшчэ належаў ураду Беларусі. «Газпром» стаў адзінаасобным уладальнікам беларускай кампаніі.

Лукашэнка: Мы ўжо, па патрабаваньні Эўразьвязу і асобных палітычных дзеячаў ЭЗ, зрабілі столькі крокаў, што можна было б прабегчы або прайсьці 10 кілямэтраў. Але абяцаных насустрач крокаў мы не атрымалі. Рабіце высновы. Мы гатовыя, але не трэба да нас прыяжджаць на перамовы і ставіць перад намі ўмовы. Мы ўжо гэтых умоў выканалі не адзін дзясятак, перада мной іх ставілі і я іх выконваў. У адказ мы атрымалі ўзмацненьне санкцый.

Ты павінен зьвярнуцца да прэзыдэнта, каб цябе памілавалі. Па ўсіх, хто зьвярнуўся, хоць яны і не былі вартыя вызваленьня, я прыняў рашэньне аб памілаваньні. Адзін ці два не зьвярнуліся, яны кажуць, што ў турме ім лепш, яны тады героямі будуць. Добра, будзьце ў турме.


Існавалі выпадкі, напрыклад, Аляксандар Казулін, калі палітзьняволеных вызвалялі без напісаньня прашэньняў аб памілаваньні. Нягледзячы на патрабаваньне Эўразьвязу і ЗША аб вызваленьні і рэабілітацыі палітвязьняў у Беларусі, паводле ацэнак праваабарончых арганізацый, ўтрымліваецца за кратамі 13 палітзьняволеных, у тым ліку былы кандыдат у прэзыдэнты Мікола Статкевіч. Палітзьняволеныя ні наўпрост, ні праз сваіх родных не паведамлялі, што ў турме ім лепш. Тыя палітзьняволеныя, якія былі памілаваныя, не былі рэабілітаваныя і цалкам адноўленыя ў сваіх грамадзянскіх і палітычных правах.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG