Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праз восем гадоў пасьля Алімпійскіх гульняў-2004, якія праходзілі ў Атэнах, забаронены прэпарат знайшлі ў беларускай кідальніцы дыску Ірыны Ятчанкі.

Паводле правілаў Міжнароднага алімпійскага камітэту, у яе забяруць бронзавы мэдаль і анулююць ейны вынік.

Станоўчыя вынікі таксама далі допінг-пробы, узятыя ў украінскага штурхальніка ядра Юрыя Беланога, які ў Грэцыі стаў алімпійскім чэмпіёнам. Яшчэ раней забаронены анабалічны стэроід аксандралон быў знойдзены ў арганізмах расейскіх спартоўцаў — штурхальніцы ядра Сьвятланы Крывялёвай і штангіста Алега Перапечанава.

Варта нагадаць, што па выніках паўторных аналізаў сёлета ня быў дапушчаны да выступаў на Алімпіядзе ў Лёндане беларускі малатабоец Іван Ціхан, на ўдалы выступ якога небеспадстаўна разьлічвалі спартовыя функцыянэры.

А празь некалькі дзён пасьля завяршэньня Гульняў-2012 ва ўжываньні допінгу абвінавацілі штурхальніцу ядра Надзею Астапчук. Яна страціла залатую ўзнагароду і тытул алімпійскай чэмпіёнкі. Канчатковы лёс атлеткі мусіць вырашыць Міжнародая фэдэрацыя лёгкай атлетыкі.

Экспэрт у спартовай мэдыцыне Аляксандар Правальскі лічыць, што шматлікія допінгавыя скандалы з удзелам беларускіх спартоўцаў яскрава адлюстроўваюць ня толькі сытуацыю з адсталасьцю мясцовай фармакалёгіі, але і ступень уплыву Беларусі на міжнароднай спартовай арэне. Зь ягоных слоў, да Беларусі ставяцца як да «аўтсайдэра», які нават у выпадку спрэчнасьці высноў Усясьветнага антыдопінгавага агенцтва ня здолее нічога даказаць:
Cлабых — караюць, моцных — папросту «не заўважаюць»

«На маё перакананьне, уся сытуацыя ў алімпійскім спорце і вакол яго вельмі зьмянілася з прыходам на пасаду прэзыдэнта МАК Жака Роге. Яна зьмянілася ў тым сэнсе, што стала яшчэ больш выбарачна арыентаванай супраць такіх краін, як наша. Як на маю думку, гэта, вядома, не ідзе на карысьць разьвіцьця алімпійскага руху. А дзейнасьць прыватнай арганізацыі пад назвай «Усясьветнае антыдопінгавае агенцтва», якая аднаасобна ўзяла на сябе ролю, скажам так, флягмана ісьціны ў апошняй інстанцыі, яна стала абсалютна мэтанакіраванай. Гэта адназначна. Сама структура яе працы на гэта сьведчыць. Увогуле гэта ашаламляльна: прыватную арганізацыю дапускаюць займацца такімі справамі! І вось, калі ласка, такія рэчы атрымліваюцца: слабых — караюць, моцных — папросту «не заўважаюць».

Міжнародны алімпійскі камітэт абвясьціў сапраўдную вайну «бруднаму спорту». Найперш дзеля гэтага павялічылі тэрміны захоўваньня допінг-пробаў, што ўсё часьцей даюць станоўчыя вынікі падчас пераправерак — праз шмат гадоў пасьля таго, як былі раздадзеныя алімпійскія ўзнагароды. Цяпер жа мэдалі давядзецца вяртаць.
Зарослае поле алімпійскага стадыёну ў Атэнах

Зарослае поле алімпійскага стадыёну ў Атэнах

XS
SM
MD
LG