Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пазьняк пра «трэці аспэкт» «Бульбаш-холу»


Будаўніцтва ў Курапатах

Будаўніцтва ў Курапатах

Адкрывальнік Курапатаў Зянон Пазьняк патрабуе ад пракуратуры высьветліць дэталі будаўніцтва ў ахоўнай зоне.

Распавядаючы ў інтэрнэт-выданьні «Салідарнасць» пра захады КХП-БНФ, грамадзкага аб’яднаньня «Хрысьціянская злучнасьць Курапаты» і Таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры ў справе спыненьня будаўніцтва так званага «Бульбаш-холу», Зянон Пазьняк падкрэсьліў, што ахоўная зона месцамі парушана на 70 адсоткаў тэрыторыі.

«Пабудова сумнеўнага аб’екту ля Курапатаў можа застацца (як кажуць расейцы, „назло врагам“), калі пракуратура ня стане разьбірацца ў трэцім аспэкце гэтага дзіўнага будаўніцтва, — лічыць Пазьняк. — . Мы займаемся гэтым „аспэктам“ ужо пэўны час, каб падрыхтаваць матэрыял у пракуратуру, але адчуваем, што без удзелу самой пракуратуры (і, дарэчы, журналістаў) падняць яго даволі цяжка.

Калі коратка, то справа вось у чым. Удалечыні ад ахоўнай зоны (бліжэй да вёскі Цна) у 2007 годзе быў прададзены праз аўкцыён участак зямлі пад будаўніцтва сэрвіснага цэнтру ля бэнзінавай аўтазапраўкі. Празь нейкі час гэты ўчастак беларускім уласьнікам быў прададзены маскоўскаму пакупніку, які пачаў будаваць тут свой сумнеўны рэстаранны аб’ект, але на тэрыторыі шматкроць перавышаючай плошчу купленай пляцоўкі. Будаўніцтва заняло ня толькі зону рэгуляванай забудовы, але й палову ахоўнай зоны Народнага Мэмарыялу Курапаты.

Узьнікае шмат пытаньняў. Якім чынам была набытая дадатковая зямля ў зоне рэгуляваньня забудовы (ці законна, за якую суму і ці ўвогуле яна была прададзена і куплена, і г. д.)? Якая была першапачатковая дакумэнтацыя праекту, узгодненая некаторымі ўстановамі? Якое было тэхніка-эканамічнае абгрунтаваньне першапачатковага праекта і г. д.?» — пытаецца Пазьняк.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG