Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Калегі Алеся Бяляцкага кажуць пра больш разнастайныя захады ўзьдзеяньня на палітвязьняў з боку адміністрацыі беларускіх турмаў.

Праваабаронца Валянцін Стэфановіч, калега палітвязьня Алеся Бяляцкага па «Вясьне», кажа, што ўжо даўно не атрымліваў ад Алеся лістоў: «Алесю не даюць ліставацца, як ён таго хоча».

Праваабаронца выказаў непакой, што і Алесь Бяляцкі можа апынуцца з прыдуманых прычын у карцэры, а потым у крытай турме. Такая лінія абраная адносна палітвязьняў, якія не пагаджаюцца пісаць прашэньне аб памілаваньні, мяркуе Стэфановіч.

Стэфановіч: «Нагадаю, фактычна ўжо была распачатая працэдура накіраваньня Алеся ў карцэр, ён нават быў агледжаны ў санчастцы, як патрабуе працэдура. Гэта было спынена, бо ў калёнію прыехаў папскі нунцый, каб на дзень народзінаў Алеся сустрэцца зь ім. Але калі глядзець на разьвіцьцё падзеяў зь іншымі палітвязьнямі, то тэндэнцыі вельмі непакояць. Улады выпрацоўваюць розныя новыя мэтады ўзьдзеяньня на палітвязьняў. Гэта і прыцягненьне да дадатковай крымінальнай адказнасьці паводле 411 артыкула, як было са Зьмітром Дашкевічам. Гэта і зьмена рэжыму на больш жорсткі. Зараз, напэўна, праз гэта пройдзе Мікалай Дзядок. Ён стане пятым палітвязьнем, які будзе знаходзіцца ва ўмовах турмы. Таму мы ня можам выключаць, што і ў дачыненьні да Алеся будзе выкананы адзін з такіх захадаў».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG