Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея пераправіла ў Сырыю 240 тон грошай


Расея дасылала ў Сырыю прынамсі 8 такіх самалётаў, гружаных грашыма

Расея дасылала ў Сырыю прынамсі 8 такіх самалётаў, гружаных грашыма

Паводле публікацыяў заходняга друку, Расея даставіла сырыйскаму рэжыму 240 тон банкнот, аддрукаваных на фабрыках «Гознака».

Гэтыя грошы перапраўляліся зь ліпеня па верасень на самалёце Іл-76 сырыйскіх ВПС, які дзеля захаванасьці грузу ляцеў з Масквы ў Дамаск не па кароткім шляху праз Турцыю, а агінаючы яе — праз Азэрбайджан, Іран і Ірак. Пра гэта паведамляе партал newsru.

Журналісцкая арганізацыя ProPublica здолела атрымаць авіяцыйную дакумэнтацыю на арабскай, ангельскай і пэрсыдзкай мовах . Зь іх вынікае, што паміж аэрапортам Дамаску і маскоўскім «Унукава» было зроблена 8 рэйсаў «туды-назад», і кожны раз на шляху ў Сырыю самалёт вёз 30 тон аддрукаваных купюр.

Пры гэтым тып валюты ў дакумэнтах не пазначаны, і, як адзначаюць журналісты арганізацыі, немагчыма вызначыць, ці было ў самалётах яшчэ нешта, акрамя афіцыйна задэкляраванага грузу. У кастрычніку сёлета быў перахоплены самалёт, які, паводле афіцыйных тлумачэньняў, вёз з Масквы ў Дамаск нейкае абсталяваньне для радыёлякацыйных станцый.

Па сьлядах публікацыі ProPublica сваё дасьледаваньне правёў карэспандэнт брытанскай The Independent. «Няясна, якія менавіта грошы транспартаваліся самалётамі — выключна аддрукаваныя сырыйскія альбо таксама фінансавая дапамога ў форме якой-небудзь» цьвёрдай «валюты», — напісаў журналіст.

Зрэшты, «Гознак» і не хавае, што друкуе грошы для Сырыі. У нядаўнім інтэрвію «Российской газете» дырэктар Фэдэральнага дзяржаўнага ўнітарнага прадпрыемства Аркадзь Трачук растлумачыў, што Сырыя некалькі гадоў заказвала выраб сваёй валюты ў Аўстрыі, але з-за абвешчанай Эўразьвязам блякады кампанія-вытворца адмовілася ад чарговай замовы. Таму Дамаск зьвярнуўся да Масквы. Замова была прынятая і ўжо выкананая.

Агенцтва Reuters яшчэ ў чэрвені паведаміла, што Расея, магчыма, друкуе грошы для Сырыі, прычым тады гаворка ішла аб банкнотах новага ўзору. Сырыйскі амбасадар у Маскве Рыяд Хадад тады не стаў прама пацьвярджаць гэта, аднак зрабіў недвухсэнсоўныя заявы, што «Расея дапамагае нам ва ўсіх галінах», і што «калі Расея дапамагае друкаваць грошы, то значыць, дапамагае».
XS
SM
MD
LG