Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка: без расейскай нафты не загінем


Лукашэнка падчас інтэрвію Reuters
Лукашэнка падчас інтэрвію Reuters

Кіраўнік Беларусі даў працяглае інтэрвію брытанскаму інфармацыйнаму агенцтву Reuters. Пераклад на расейскую мову ўжо апублікаваны агенцтвамі БелТА і Інтэрфакс-Захад. Прапануем вашай увазе асноўныя заявы Аляксандра Лукашэнкі, якія ён выказаў падчас гэтай размовы.

Пра магчымасьць дэвальвацыі

Мы не плянуем (дэвальвацыі), у гэтым няма ніякай неабходнасьці. Гэта нават прызнаюць нашы не проста крытыкі, праціўнікі, але і ворагі нашы прызнаюць, што ў Беларусі няма неабходнасьці дэвальваваць нацыянальную валюту.

На працягу жніўня-верасьня назіраўся нейкі падвышаны попыт на замежную валюту. Але ніхто ня кажа пра тое, што на працягу сямі месяцаў да гэтага назіраўся зваротны працэс. Вядома, Нацыянальны банк імкнецца падтрымліваць нацыянальную валюту. Але мы дамовіліся, што чыста рынкавых шляхам павінны прайсьці ўсе гэтыя этапы і ні ў якім выпадку празьмерна ня ўдзельнічаць у інтэрвэнцыі на валютным рынку.

Як звычайна, у нас" сяброў «хапае, якія пачалі насельніцтва напружваць: маўляў, пасьля парлямэнцкіх выбараў будзе дэвальвацыя, нацыяналізацыя і г.д. Прайшоў час і людзі ўбачылі, што дэвальвацыі не здарылася.

За кастрычнік месяц мы цалкам стабілізаваліся ў гэтым пляне, зараз Нацыянальны банк, каб не было неабгрунтавана высокага курсу нацыянальнай валюты, скупляе валюту. У гэтым годзе мы не выкарыстоўвалі наогул золатавалютных рэзэрваў, ні грама, а наадварот, хоць і нязначна, але яны прырасьлі.

Пра перамовы з МВФ

Сёньня мы знаходзімся ў стадыі перамоваў з МВФ. Калі МВФ — гэта чыста фінансавая, эканамічная арганізацыя, то мы зь імі дамовімся Калі яны будуць гуляць у палітыку, то, вядома, мы з імі доўга будзем весьці перамовы. Як толькі МВФ пазбавіцца ад палітычных клішэ і нейкіх палітычных крытэраў пры падыходзе да Беларусі і нашай эканоміцы, то мы з імі дамовімся за суткі.

Усе нашы дамоўленасьці і ўмовы, пастаўленыя Міжнародным валютным фондам, выконваем, як ніводная іншая дзяржава. І яны нас ніколі не папракалі, і папракнуць не могуць.

Пра пагашэньне зьнешняй запазычанасьці

Маючы ВУП пад $60 мільярдаў і бюджэт з усіх крыніц пад $20 мільярдаў, вы разумееце, што $ 2,5 мільярды — гэта невялікая праблема. Таксама ў нас ёсьць дамоўленасьці. Калі ў нас не хопіць, напрыклад, мільярда, менш за мільярд, то мы можам перакрэдытавацца ці дамаўляцца пра адтэрміноўку Мы дамовіліся з нашымі крэдыторамі аб тым, што калі ў нас не будзе складвацца з прычыны крызісу, які нібыта будзе ці ўжо праходзіць, то мы зможам адтэрмінаваць пагашэньне крэдытаў

Пра крыніцы даходаў ад прыватызацыі

У нас на гэтую тэму катэгарычна забаронена размаўляць. Не таму што ў нас няма і не павінна быць прыватызацыі, а таму, што нельга жыць за тое, каб прадаваць нацыянальны здабытак.

Пра продаж Беларускалія

Пяць кампаній вядуць цяпер перамовы. З кітайцамі, індусамі, двума эўрапейцамі і, па-мойму, нехта з арабаў перамовы вядзем дзесьці з вясны, думаю, прагрэс ёсьць.

Індыя і Кітай вядуць гэтыя перамовы на ўзроўні дзяржаваў, іншыя перамоўнікі — прыватныя кампаніі, але яны падтрымліваюцца дзяржавай. Нам трэба поўная гарантыя наяўнасьці сродкаў для куплі. І расейскія кампаніі праяўляюць цікавасьць. Вы чулі, што нашай кампаніяй цікавіўся «Уралкалій».

Мы гатовыя і гэта прадпрыемства прыватызаваць, але трэба плаціць. Калісьці мы ўстанавілі цану на гэтае прадпрыемства — $ 30-32 мільярды. Тады толькі лянівы мяне не крытыкаваў, якія толькі цэтлікі на мяне не вешалі. Месяц назад ацанілі (на Захадзе ) у $30-32 мільярды і вымушаныя былі прызнаць, што «дыктатар» мае рацыю«.

Пра продаж дзяржаўнай долі ў кампаніі тэлефоннай сувязі МТС

МТС — вельмі прыбытковая кампанія, мы не сьпяшаемся яе прадаваць. Але былі настойлівыя просьбы да гэтага. Мы вымушаныя былі ацаніць гэтую кампанію: Сёньня кантрольны пакет акцый гэтай кампаніі каштуе больш за $1 мільярд.

Калі хто-небудзь прыйдзе, выкажа гатоўнасьць плаціць гэтыя грошы, то сядаем і заключаем дамову. Калі няма пакупніка, то мы проста працуем, мы не чакаем У нас няма праблемы з гэтай кампаніяй.

Пра імпарт нафты з Расеі

Па ўсіх пазыцыях з Расейскай Фэдэрацыяй мы дамовіліся, акрамя 4-5 мільёнаў тон нафты. Мы хацелі б у будучым годзе перапрацаваць не 21 мільён тон, а 23 мільёны тон, у нас дазваляюць магутнасьці, тым больш, што мы мадэрнізавалі свае прадпрыемствы, глыбіня перапрацоўкі нафты ў нас значна вышэйшая, чым у Расеі.

Расейцы проста настойліва просяць нас, каб мы паставілі парадку 2-3 мільёны тон бэнзіну на іх рынак. Калі ласка, мы дамовіліся і гатовыя паставіць на рынкавых умовах. І зараз мы вядзем перамовы, каб пад гэтыя аб’ёмы мы яшчэ атрымалі гэтыя дадатковыя 4-5 мільёнаў тон нафты Думаю, што мы дамовімся, у Расеі нафты хапае.

Пра альтэрнатыўны нафтавы імпарт

Калі не атрымаецца дамовіцца, то мы не загінем. У сьвеце нафты хапае. Быў выпадак, калі Расея адмовілася пастаўляць у Беларусь нафту. Мы не зьніклі, не загінулі, мы прывезьлі гэтую нафту з Азэрбайджана і Вэнэсуэлы. Але расейскі напрамак — эканамічна выгадна, мы б не хацелі яго губляць, і мы яго не страцім.

Пра беларускі экспарт растваральнікаў

Вядома, аб’ёмы тут былі прыстойныя. Гэта насьцярожыла расейцаў, на што я ім сказаў: «Калі вы лічыце гэта няправільным, то я з вамі не згодны. Калі вы лічыце, што гэта для вас зьяўляецца недасканалым, то мы не будзем вырабляць гэты тавар». Мы ўжо месяц яго не вырабляем, ці вырабляем у мінімальнай колькасьці гэты тавар.

Мы запрасілі сюды расейскіх спэцыялістаў, яны прыехалі сюды, мы ім паказалі, што яны хацелі. Перад намі сёньня гэтых пытаньняў ніхто не ставіць. Мы нічога не парушалі, гэта звычайны працэс. Больш ніхто на мяне ні з якімі пытаньнямі не выходзіў.

Пра пэрспэктыву рэвалюцыі ў Беларусі

Не дачакаецеся, Беларусь — не Блізкі Усход, палітыка беларускага кіраўніцтва і палітыка блізкаўсходніх кіраўнікоў — кардынальна адрозьніваюцца. Тут некаторыя паспрабавалі "ўзарваць"сытуацыю, але нічога не атрымалася. Такога ніколі не будзе, абяцаю.

Калі нехта думае, што тут адбудуцца рэвалюцыйныя зьмены, гэтага не будзе. Ліміт рэвалюцый для Беларусі вычарпаны, таму трэба набрацца цярпеньня і спакойна гэтыя перамены да лепшага ажыцьцяўляць. Эвалюцыйныя перамены мы вітаем, рэвалюцый тут не будзе.

Пра нармалізацыю адносінаў з Эўразьвязам

Мы ўжо, па патрабаваньні Эўразьвязу і асобных палітычных дзеячаў ЭЗ, зрабілі столькі крокаў, што можна было б прабегчы або прайсьці 10 кілямэтраў. Але абяцаных насустрач крокаў мы не атрымалі. Рабіце высновы. Мы гатовыя, але не трэба да нас прыяжджаць на перамовы і ставіць перад намі ўмовы. Мы ўжо гэтых умоў выканалі не адзін дзясятак, перада мной іх ставілі, і я іх выконваў. У адказ мы атрымалі ўзмацненьне санкцый.

За што санкцыі? Кажуць, у нас ёсьць нейкія палітвязьні. Добра, прыяжджайце і пакажыце хоць аднаго палітвязьня, але прыяжджайце як спэцыялісты, а не як журналісты.

Ты павінен зьвярнуцца да прэзыдэнта, каб цябе памілавалі. Па ўсіх, хто зьвярнуўся, хоць яны і не былі вартыя вызваленьня, я прыняў рашэньне аб памілаваньні. Адзін ці два не зьвярнуліся, яны кажуць, што ў турме ім лепш, яны тады героямі будуць. Добра, будзьце ў турме.

Хто б мог падумаць, што Эўропа залежная ад Беларусі? Вы пачалі ўводзіць санкцыі, тады я адкрыта і сумленна сказаў, што будзем адказваць не сымэтрычна, а асымэтрычна. Вас хвалюе сёньня нелегальная міграцыя? Вельмі хвалюе. А хто змагаўся супраць яе? Беларусь. У нас 120 тысяч на тэрыторыі Беларусі было, і яшчэ шмат застаецца аўганцаў, з усіх азіяцкіх дзяржаваў, з Каўказу людзей, якія імкнуліся патрапіць у ЭЗ. Мы іх тут, на мяжы, адлоўлівалі, кармілі, абаранялі Эўропу.

Скажыце, нам гэта трэба? Няма. Вы нам за гэта плацілі? Не.

За што вы мяне папракаеце? Вам не падабаецца той курс, які ажыцьцяўляе Беларусь, вы хацелі б, каб тут было ўсё распрададзена, не дай Бог, не ў інтарэсах Расеі, а ў інтарэсах заходніх кампаній. Вам не падабаецца мой курс на незалежнасьць нашай краіны, вам не падабаецца , што мы ў добрых адносінах з Расеяй.

Празь Беларусь вы атрымліваеце 80% нафты і будзеце атрымліваць да паловы прыроднага газу. Вы маеце праблемы з пастаўкамі газу і нафты з усходу на захад, праз нашу краіну? Ніякіх праблемаў.

Эўразьвяз мае з намі нейкія праблемы? Ня мае. А мы — маем. Вы нядаўна нам падкінулі самалёцік, нібыта з нейкімі жартоўнымі рэчамі. А гэта было парушэньне. А калі б нашы вайскоўцы ляснулі па гэтаму самалёту і загінулі б людзі? Але вайскоўцы даравалі. То бок, мы нармальныя, цывілізаваныя людзі, такія ж, як і вы. Але вы чамусьці зрабілі нас ворагамі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG