Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Адэкватнай дапамогі ахвярам хатняга гвалту ў нас няма»


Пяты год запар з 25 лістапада па 10 сьнежня ў Беларусі праводзіцца «Інфармацыйная кампанія супраць хатняга гвалту».

Сацыялягічныя дасьледаваньні ў Беларусі сьведчаць, што псыхалягічны гвалт у сям’і зазнаюць 4 з 5 жанчын, фізычны гвалт — кожная чацьвёртая, эканамічны — 22,4%, сэксуальны — 13%.

Перажыўшы фізычны і сэксуальны гвалт, толькі 46% жанчын зьвяртаюцца па дапамогу. Пры гэтым гаворка ідзе ня толькі пра прафэсійную дапамогу псыхолягаў, супрацоўнікаў міліцыі, мэдыкаў — лічыцца і зварот па падтрымку і параду да сяброў, сваякоў і суседзяў. Каб пазьбегнуць хатняга гвалту, 40% жанчын мусілі сысьці з дому, больш за 10% зьвярталіся да мэдыкаў. 9,5% з прычыны хатняга гвалту страчвалі працаздольнасьць.

Старшыня грамадзкага аб’яднаньня «Жаночы незалежны дэмакратычны рух» Людміла Пеціна кажа, што праблемай хатняга гвалту ў Беларусі займаюцца ў асноўным жаночыя грамадзкія арганізацыі, актывісткі жаночых рухаў:

«Таму што сапраўды амаль нічога ня робіцца дзяржавай па гэтай праблеме. У Беларусі дагэтуль няма закону аб прадухіленьні хатняга гвалту. Па-другое, у нас няма адэкватнай дапамогі ахвярам гвалту. Міністэрствам працы і сацыяльнай абароны пры тэрытарыяльных цэнтрах адкрыты пакоі для ахвяраў, але яны не працуюць як крызісныя цэнтры. На практыцы пакоі гэтыя ёсьць, але амаль ніхто туды не зьвяртаецца. Таму што, па-першае, амаль няма інфармацыі пра гэтыя месцы. Па-другое, там не аказваюць адэкватнай дапамогі. Зараз ідзе вялікі праект ААН, які дапамагае ў стварэньні гэтых пакояў. Трэба ствараць крызісныя цэнтры, якія б мелі самых розных спэцыялістаў — юрыстаў, псыхолягаў, мэдыкаў, каб там жанчыны мелі магчымасьць атрымаць сталы начлег, прычым інкогніта, ананімна, што вельмі важна.

Праблема гэтая ўздымаецца грамадзкімі арганізацыямі ўжо шмат гадоў, Зараз ужо і дзяржава прызнае, што такая праблема існуе (раней не прызнавала). Але тыя захады, якія робяцца дзяржавай, — яны неадэкватныя».
У такіх сем’ях дзеці часьцей будуць вырастаць няўпэўненымі ў сабе


Хатні гвалт зазнаюць у сем’ях ня толькі жанчыны. Усё гэта дзеецца на вачах дзяцей. Як адбіваецца гэта на іх, разважае дзіцячы псыхоляг Сьвятлана Дзядова:

«Калі існуе гвалт у сям’і, усё гэта дзіця бачыць. І гэта ў пэўнай ступені адбіваецца на ўпэўненасьці ў сабе. Хутчэй за ўсё, у дзіцяці будзе заніжаная самаацэнка. Амаль усе дзеці бяруць мадэль сямейную з уласнай сям’і. І калі бачаць гвалт у сваёй сям’і, ёсьць вялікая верагоднасьць, што дзіця, калі вырасьце, альбо становіцца ахвярай, альбо становіцца тым агрэсіўным тыранам. Але часьцей за ўсё яно будзе ахвярай, калі гэтым не займацца, мэтанакіравана не імкнуцца выйсьці з той схемы сям’і, дзе чыняць і церпяць гвалт. У такіх сем’ях дзеці часьцей будуць вырастаць няўпэўненымі ў сабе, больш палахлівымі, у іх унутраных абмежаваньняў будзе больш».

Падчас «Інфармацыйнай кампаніі супраць хатняга гвалту» ў Беларусі пройдзе сэрыя канцэртаў «Больш ні гуку!» Удзельнічаюць папулярныя беларускія выканаўцы The Toobes, Open Space, ReliktS’n’D, «Твой город», ATOM’s, WIND, BEZ.NOT, «Эйхельстрат», «Дзядзя Ваня».
XS
SM
MD
LG