Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эгіпет вырашае, ці пускаць беларускіх турыстаў


Курорт у Хургадзе

Курорт у Хургадзе

У амбасадзе Эгіпту ў Расейскай Фэдэрацыі пачаліся кансультацыі адносна магчымых зьменаў у афармленьні візавых дакумэнтаў для грамадзянаў Беларусі. Кардынальны перагляд стаўленьня да беларускіх турыстаў можа падвысіць кошт візы больш чым утрая — ад цяперашніх 15 даляраў у якасьці візавага збору да 50 даляраў. Тым часам Міністэрства замежных спраў Беларусі запэўнівае: зьмены парадку афармленьня ўязных дакумэнтаў для беларусаў не плянуюцца.

Эгіпет застаецца адным з самых запатрабаваных турыстычных кірункаў у беларусаў — прывабліваюць як танныя кошты на адпачынак у высокаклясных гатэлях, так і лёгкі парадак афармленьня ўязных візаў. Аднак расейскія турапэратары папярэдзілі беларускіх агентаў: ад 1 сьнежня грамадзянам Беларусі, якія плянуюць адлятаць у гэтую паўночнаафрыканскую краіну з Расеі, ня будуць клеіць марку-візу проста ў аэрапорце — давядзецца афармляць пакет дакумэнтаў загадзя. Расейцаў і ўкраінцаў такія пэрспэктывы нібыта ня тычацца.

Пры тым, што ў Беларусі няма дыпляматычнага прадстаўніцтва Эгіпту, візавая працэдура можа ўскладніцца шматкроць, а афармленьне неабходных дакумэнтаў у кансулятах Масквы ці Кіева расьцягнецца да двух тыдняў. Наяўнасьць папярэджаньня пацьвердзіла экспэрт у турыстычнай галіне, рэдактарка газэты «Туризм и отдых» Лілія Кобзік:

«Мы маем афіцыйны ліст саліднага расейскага апэратара „Корал Трэвэл“, які ўчора раніцай разаслаў усім сваім беларускім агентам паведамленьні, што беларусам больш нельга адкрываць візы ў аэрапортах Хургады і Шарм-эль-Шэйху. Узьнялася хваля, што відавочна. Потым пачалі паступаць пацьверджаньні ад агентаў, ад апэратараў, што ў эгіпецкай амбасадзе ў Маскве рыхтуюцца гэтыя перамены. З раніцы сёньня мы бачым, па сутнасьці, абвяржэньне — інфармацыю ад нашай амбасады ў Эгіпце і ад МЗС, што парадак застаецца ранейшы. Добра, быццам бы хвалі няма. Але там ёсьць пункт адносна таго, што беларусам патрэбная міграцыйная карта са штампам турапэратара. Гэта калі ён хоча таксама трапіць у складзе арганізаванай групы з чартэра ў Эгіпет. Што гэта за міграцыйная карта, адкуль будзе брацца той штамп — гэта навіна для турапэратараў».
Што гэта за міграцыйная карта, адкуль будзе брацца той штамп — гэта навіна для турапэратараў

У МЗС Беларусі запэўніваюць: зьменаў у парадку выдачы візаў для беларускіх грамадзянаў не плянуецца. Такая інфармацыя зьмешчаная на сайце беларускай амбасады ў Каіры. У адмысловым паведамленьні гаворыцца, што пры наяўнасьці туру і броні гатэля віза па-ранейшаму будзе выдавацца ў аэрапортах Хургады і Шарм-эль-Шэйху. Аднак каб пазьбегнуць непрадбачаных сытуацый у краіне «з напружанай унутрыпалітычнай абстаноўкай», МЗС усё ж раіць загадзя аформіць візу для ўезду ў Эгіпет у амбасадзе ў Маскве. Пры гэтым у афіцыйным тлумачэньні не ўдакладняецца: ці будуць візы ставіцца толькі тым беларускім турыстам, якія вылятаюць зь менскага лётнішча, ці гэтае правіла распаўсюджваецца на любы пункт адлёту? Кіраўнік Асацыяцыі турыстычных арганізацый Беларусі Валянцін Цэхмэйстар спадзяецца, што гарантыі зьнешнепалітычнага ведамства тычацца ўсіх грамадзянаў Беларусі, незалежна ад іх стартавага пункту:

«У прынцыпе, якая розьніца, калі на руках пашпарт грамадзяніна Беларусі? Пашпарт жа ў яго застаецца грамадзяніна Беларусі, незалежна ад таго, адкуль ён ляціць. Тут жа наўпрост напісана: зьмены парадку выдачы візаў грамадзянам Рэспублікі Беларусь, якія прыбываюць у Эгіпет, не плянуецца. Тут не напісана, адкуль яны прыбываюць — з Масквы ці яшчэ аднекуль. Гэта афіцыйнае тлумачэньне. Калі вы, як тут напісана, з партнэрам усё ўзгаднілі і забясьпечылі, і вас партнэр паводле дамовы сустракае і забясьпечвае турыстаў міграцыйнай картай, то няма ніякіх падставаў пакуль непакоіцца па іншых лініях. Я ўжо сам падрыхтаваў запыт у МЗС, каб яны адказалі нам афіцыйна на тле цяперашніх чутак. Але калі яны вывесілі на сайце такую інфармацыю, то мы яе расцэньваем як афіцыйную».

Чуткі пра ўвядзеньне эгіпецкім бокам паўнавартаснай візы для беларусаў ходзяць ужо ня першы год, таму турапэратары зьвяртаюцца да ўладаў Беларусі з просьбай ня кідаць сытуацыю на самацёк, бо ў іншым выпадку будзе страчаны сапраўды важны кірунак для адпачынку.
У пэрыяд так званага міжсэзоньня — гэта адзін з самых даступных напрамкаў, менавіта ў гэты час


Лілія Кобзік: «Эгіпет для беларусаў застаецца своеасаблівай „палачкай-выручалачкай“. У пэрыяд так званага міжсэзоньня — гэта адзін з самых даступных напрамкаў, менавіта ў гэты час. Беларусы маюць магчымасьць адпачываць на Чырвоным моры прыкладна за 800 даляраў на дваіх. Для нас гэта прымальная цана. Вялікія кошты, якія мы маем на іншыя напрамкі, для нас непад’ёмныя, таму што мы небагатыя людзі. Калі будзе ўведзена віза — а яна каштуе 50 даляраў, ды плюс яшчэ нешта за дастаўку, бо ў нас няма эгіпецкай амбасады, яна знаходзіцца ў расейскай сталіцы, — сярэдні дадатак у 150 даляраў на сям’ю з трох чалавек зробіць напрамак адчувальна даражэйшым. Шмат хто будзе вымушаны адмовіцца ад гэтага адпачынку. Гэта сапраўды адзін з самых танных адпачынкаў: нават калі параўнаць зь летам, з сэзонам, то гэта заўважна таньней, чым паехаць у сэзон у Турэччыну. Таму хацелася б, вядома, каб парадак заставаўся ранейшы. Але як будуць разьвівацца падзеі — паглядзім».

У 2011 годзе на эгіпецкіх курортах адпачылі больш за 30 тысяч беларусаў. Разам з Турэччынай гэты турыстычны кірунак ужо некалькі гадоў запар застаецца самым запатрабаваным у беларусаў, калі не лічыць чарнаморскіх узьбярэжжаў Расеі і Ўкраіны. Не паўплывалі на турыстычную актыўнасьць і леташнія хваляваньні, зьвязаныя з «арабскай вясной».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG