Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Жыхары Івацэвічаў пра візыт Лукашэнкі


Новы завод

Новы завод

У Івацэвічах на Берасьцейшчыне працягваюць абмяркоўваць прыезд Аляксандра Лукашэнкі і пасьледкі гэтага візыту.

Як выглядае, ці не ўпершыню кіраўнік краіны адхіліўся ад зацьверджанага загадзя графіку і наведаў ня тыя цэхі, якія яму рыхтавалі. Гэтае адхіленьне каштавала пасады гендырэктару «Івацэвічдрэва» Барысу Міхнюку.

Ля крамы непадалёк ад вакзалу ў Івацэвічах дзьве бабулькі абмяркоўваюць разнос, што ўчыніў 23 лістапада Аляксандар Лукашэнка на «Івацэвічдрэве». Адна кабета пагаджаецца падзяліцца думкай наконт звальненьня гендырэктара «Івацэвічдрэва» Барыса Міхнюка:

«Правільна, ён ужо сваё адрабіў, хай дасьць дарогу маладым. Хай лекуецца… Нагроб сабе, дый хопіць… Даўно пара так прабраць іх усіх. А што яны думалі, там абрасьлі брудам ды сядзяць, нібы ў крэпасьці…»

Бабулькі распавялі, што па Івацэвічах нават пачалі хадзіць чуткі, што былы гендырэктар зьлёг у лякарню.

Рабочы ААТ «Івацэвічдрэў» Васіль кажа, што на прадпрыемстве ня ўсё гладка:

«Стары завод запусьціў, усё кінуў на новы. На новым заводзе там увогуле людзі па 12 гадзін працуюць. Няма рабочых, ніхто не ідзе на той новы завод. Таму што там заробку ніякага няма. Кантора атрымлівае заробкі нармальныя — па 10 мільёнаў, а работнікі — па 2, па 3… Машын панакупляў… Сабе купіў дзяржмашыну — іншамарку, 110 тысяч эўра, кажуць…»
Стары завод

Стары завод


Івацэвіцкі апазыцыянэр Станіслаў Халадовіч лічыць, што Аляксандар Лукашэнка абышоўся з Барысам Міхнюком занадта жорстка:

«Трэба было Барысу Міхайлавічу таксама прагназаваць, што гэты чалавек непрадказальны, і своечасова сысьці… Якія б там мінусы і ні былі ў таго Міхнюка, але так пасьмешышчам выстаўляць на ўсю рэспубліку — гэтак таксама не выпадае…»

Станіслаў Халадовіч кажа, што бадай ці не ўпершыню Аляксандар Лукашэнка адхіліўся ад графіку візыту:

«Ён прывык, што яго возяць, дзе вылізана, выглянцавана… І ён жыцьцю радуецца… Ды на самой справе ў нас яшчэ горш ёсьць на прадпрыемствах».

Аляксандар Лукашэнка наведваў новы цэх ААТ «Івацэвічдрэў» 23 лістапада. Падчас візыту ён нечакана наведаў і старыя цэхі, дзе пабачыў брудныя памяшканьні. Пасьля гэтага кіраўнік краіны загадаў адхіліць ад пасады генэральнага дырэктара «Івацэвічдрэва» Барыса Міхнюка.

Больш як 70-гадовы Барыс Міхнюк — ганаровы жыхар Івацэвіцкага раёну. У 2006 годзе ён быў узнагароджаны мэдалём «За працоўныя заслугі» за асабісты ўклад у разьвіцьцё дрэваапрацоўчай прамысловасьці.

Рэпартаж на СТВ

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG