Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка на Reuters: Зьмены ў нас адбываюцца кожны дзень


Аляксандар Лукашэнка
Аляксандар Лукашэнка

Аляксандар Лукашэнка даў інтэрвію агенцтву Reuters --> http://www.reuters.com/article/2012/11/27/us-belarus-lukashenko-idUSBRE8AQ0FK20121127 .

Брытанскія журналісты Тымаці Гэрытадж і Рычард Балмфорс, якія бралі інтэрвію, адзначаюць, што Лукашэнка падчас гутаркі іранізаваў з вызначэньня «апошні дыктатар Эўропы»: «Я апошні і адзіны дыктатар у Эўропе. Сапраўды, няма больш такога нідзе ў сьвеце. Вось вы прыйшлі і паглядзелі на жыцьцё дыктатара. Дзе яшчэ вы бачылі такога. Як той казаў, нават кепская рэкляма ўсё роўна добрая».

Лукашэнка абяцае мадэрнізацыю эканомікі, якая ў значнай ступені знаходзіцца ў руках дзяржавы, і, магчыма, аднойчы створыць шматпартыйную палітычную сыстэму. Але цяпер ён зьдзекуецца з размоваў аб хуткіх пераменах ці аб магчымасьці перавароту кшталту «арабскай вясны»: «Няма сэнсу параўноўваць Беларусь і Блізкі Ўсход. Некалькі чалавек спрабавалі з дапамогай сацыяльных сетак зрабіць сытуацыю выбухованебясьпечнай», сказаў ён, маючы на ўвазе леташнія «маўклівыя пратэсты». «Але нічога ня выйшла, — працягваў Лукашэнка. — І ня выйдзе. Зьмены ў нас адбываюцца кожны дзень. У Беларусі няма магчымасьцяў для рэвалюцыі».

Падчас інтэрвію кіраўнік Беларусі рэзка крытыкаваў Захад: «Вам, Эўропе, не падабаецца тое, што робіцца ў Рэспубліцы Беларусь. Вам хацелася б, каб усё тут было прададзенае — у інтарэсах Расеі ці ў інтарэсах заходніх кампаній».

Журналісты адзначаюць, што кажучы гэта, Лукашэнка амаль крычаў і твар яго пачырванеў ад гневу: «Вам не падабаецца той факт, што ў нас добрыя адносіны з Расеяй. — казаў ён. — Гэта абумоўлена нашай гісторыяй. Падчас апошняй вайны мы разам ваявалі ў акопах супраць фашыстаў. Мы выратавалі вас, Эўропу, ад лёсу стаць рабамі вашага ўласнага фюрэра».

У завуаляванай пагрозе на адрас Эўропы ён нагадаў, што Эўразьвяз атрымлівае вялікую частку сваёй нафты і прыроднага газу з Расеі па трубаправодах, якія праходзяць празь Беларусь: «Каму патрэбныя гэтыя падвойныя стандарты? Каму патрэбная нестабільнасьць у самым сэрцы Эўропы? Ня вам, ня нам, і не Расеі. Давайце размаўляць, мы ж людзі».

Лукашэнка адхіліў заходнія абвінавачваньні ва ўтрыманьні за кратамі палітычных зьняволеных, заявіўшы, што выпадкі, пра якія гавораць на Захадзе, тычацца людзей, якія ўчынілі крымінальныя злачынствы.

Ён таксама выказаў сваё абурэньне нядаўнім палётам празь Беларусь швэцкіх піяршчыкаў, якія скінулі над краінай сотні плюшавых мядзьведзікаў: «Вы нядаўна адправілі на самалёце цацкі і парушылі паветраную прастору Беларусі. А што было б, калі б вайскоўцы адкрылі агонь і загінулі людзі?»

Прэзыдэнт, які мае двух дарослых сыноў і васьмігадовага Колю, які часта бярэ ўдзел у афіцыйных мерапрыемствах разам з бацькам. Аднак Лукашэнка адмаўляе, што рыхтуе сабе наступнікам аднаго з сыноў: «Мяне папракаюць нібыта ў падрыхтоўцы маіх дзяцей, старэйшага сына, у якасьці наступніка. Але я клянуся вам: мы ніколі нават не абмяркоўвалі гэтую ідэю з маёй сям’ёй або з маімі сынамі. Гэта ўсё прыдумала „пятая калёна“ ў нашай краіне».

«Я ня буду трымацца за гэтую працу ўсё жыцьцё. Як толькі ў людзей ня будзе патрэбы ў маіх паслугах, вазьму свой партфэль пад паху і пайду» — сказаў Лукашэнка ў інтэрвію Reuters.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG