Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Судовы маратон у Сьвіслачы


Ушанаваньне памяці паўстанцаў 1863 году ў Сьвіслачы, 27 кастрычніка 2012

Ушанаваньне памяці паўстанцаў 1863 году ў Сьвіслачы, 27 кастрычніка 2012

Суд над дэмакратычным актывістам са Сьвіслачы Анатолем Валюком перанесены на 27 лістапада, паколькі Валюк запатрабаваў доказаў яго віны.

Заўтра ж у Сьвіслачы адбудуцца суды над актывістамі Юрыем Глебікам і Віктарам Дзясяцікам. Іх вінавацяць ва ўдзеле ў несанкцыянаванай акцыі, калі ў Сьвіслачы 27 кастрычніка ўшаноўвалі памяць паўстанцаў 1863 году.

У Анатоля Валюка склалася сёньня ўражаньне, што яго хацелі асудзіць за некалькі хвілін. Паколькі судзьдзя, зь яго слоў, адразу запытала — ці згодзен ён з пратаколам, які склалі на яго міліцыянты?

Валюк: «Я заявіў судзьдзі, што ня ўдзельнічаў у несанкцыянаванай акцыі, шэсьці. Запатрабаваў, каб паказалі відэа, на якім мяне відаць. Тады яна мне сказала, што суд пераносіцца на заўтра».

Валюк кажа, што ягоную справу хацелі скончыць сёньня, бо заўтра — суд над Віктарам Дзясяцікам і Юрыем Глебікам.

Дзясяцік, які прысутнічаў сёньня ў судзе, кажа: судзьдзя не спадзявалася, што Валюк запатрабуе доказаў сваёй віны, бо прысуд, відавочна, быў ужо падрыхтаваны.

Дзясяцік: «Ну, гэта ня суд, а судзілішча, бо Валюка выклікалі, каб проста адразу зачытаць прысуд, улупіць яму нешта, бо ў саміх, відаць, ня вельмі рукі гараць да гэтае справы. Але ёсьць загад, і трэба яго выконваць».
Гэта ня суд, а судзілішча, бо Валюка выклікалі, каб проста адразу зачытаць прысуд

Сёньня стала вядома, што яшчэ на аднаго дэмакратычнага актывіста зь Бярозаўкі Лідзкага раёну, Сяргея Трафімчыка, які таксама браў удзел ва ўшанаваньні памяці паўстанцаў, быў складзены пратакол. Яго выклікалі ў РАУС у Бярозаўцы, куды са Сьвіслачы прыйшоў рапарт, паводле якога Трафімчык 27 кастрычніка браў удзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве. У яго з гэтае нагоды міліцыянты ўзялі тлумачэньне.

Трафімчык кажа, што наагул ня зьдзіўлены гэтым і думае, што яму таксама трэба чакаць позвы зь Сьвіслацкага суду:

«Хутчэй за ўсё, сёлетнія суды зьвязаныя з тым, што ў наступным годзе плянуецца масава адзначыць 150-годзьдзе паўстаньня, у мерапрыемстве возьме ўдзел шмат народу. Дык вось яны гэтага баяцца і заранёў вырашылі правесьці застрашвальныя працэсы, каб пазьбегнуць у наступным годзе масавасьці».

На мінулым тыдні ў Горадні міліцыянты ўзялі тлумачэньні пра ўдзел у акцыі ўшанаваньня паўстанцаў Каліноўскага ў Алеся Кіркевіча. Тлумачэньні бралі таму, што ў Горадню са Сьвіслачы прыйшоў рапарт, паводле якога Кіркевіч 27 кастрычніка браў удзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве.

27 кастрычніка ў Сьвіслачы людзі з розных гарадоў Беларусі традыцыйна адзначалі памяць паўстанцаў Каліноўскага. З гэтае нагоды ўсклалі кветкі на магілу Віктара Каліноўскага, да помнікаў Кастусю Каліноўскаму і Рамуальду Траўгуту, наведалі радзіму Каліноўскіх — сядзібу Якушоўка.

У той дзень міліцыянты затрымалі ў Сьвіслачы 4-х маладых людзей, склалі пратаколы за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі і выкарыстаньні незарэгістраванай сымболікі, а пазьней усіх асудзілі: Станіслава Гусакова зь Віцебску, Алесь Крот зь Менску і Вітольд Ашурка зь Бярозаўкі атрымалі па 3 сутак арышту, гарадзенец Віталь Лопасаў — штраф у 3 мільёнаў рублёў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG