Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сапраўды, а хто? Савецкі «інтэрнацыяналіст» ужо нічога ня значыць (акрамя місіі ў Афганістане). Інтэлігенцкі «касмапаліт» таксама – адыграны тэрмін, бо пры ўсіх глябальных абстракцыях некім жа ты мусіш быць. Ці ты – ніхто?

Ну вось глядзіце. Усе літоўцы нацыяналісты, так? Так. Гэта правіла. Украінцы, якія рэальныя ўкраінцы, а не паводле прапіскі, – таксама нацыяналісты. А палякі? Калі на іх глядзець з тымі ж крытэрыямі, што і на літоўцаў, дык усе палякі адназначна нацыяналісты. І немцы, і французы, і швэды. І ўсе ўвогуле людзі – нацыяналісты. Ну, якія як-небудзь сябе нацыянальна называюць і гавораць на якіх-небудзь сваіх мовах. Усе нацыяналісты. Выходзіць, нацыяналістам быць – норма.

А расейцы? Чым яны ў гэтым сэнсе горшыя за літоўцаў і палякаў з французамі? Нічым. Усе расейцы нацыяналісты. Расея нічым ня менш нацыяналістычная краіна за Польшчу ці Літву. Нават крышку больш нацыяналістычная. Яна як бы наднацыяналістычная, бо слова «нацыяналіст» у Расеі лічыцца абразьлівым. Не як у Францыі ці Літве. Бо Францыя і Літва не прэтэндуюць быць вышэй за іншых. У іх і «жыд» – слова не абразьлівае, а проста назва народа – як беларус ці фін, так і жыд. Толькі ў Расеі словы «жыд» і «нацыяналіст» маюць нэгатыўную афарбоўку. Бо – не пра сябе.

Калісьці і ў Беларусі слова «жыд» ніколі не было абразьлівым. А жыдоўская мова ідыш нават нейкі час была адной з чатырох афіцыйных моваў. Тады і нацыяналістамі былі ўсе беларусы. Паводле першага ў Расейскай імпэрыі перапісу насельніцтва 1897 году шэсьць мільёнаў чалавек сказалі, што іх мова – беларуская, гэта значыць, у сёньняшнім літоўскім ці францускім ці там харвацкім сэнсе – запісаліся нацыяналістамі. Проста назваліся самі сабою і гаварылі па-свойму, таму і нацыяналісты. Нацыянальна афарбаваныя людзі – як бы людзі з флікерам на начной дарозе.

У прынцыпе нічога і не зьмянілася за 20 стагодзьдзе. І французы засталіся французамі, і літоўцы літоўцамі. Незалежна ад таго, якая ў іх цячэ кроў. Беларусы зьмяніліся. Магутнае прапагандысцкае дыханьне з Усходу нанесла да нас гэтых адмоўных канатацыяў. І ў дачыненьні да жыдоў і ў дачыненьні да нацыяналістаў. А паколькі нацыяналіст кепскі, дык і той, хто падкрэсьлена называе сябе беларусам, выглядае падазрона. Ня кажучы ўжо пра тых, хто гаворыць па-беларуску. А ён проста такі, як француз ці літовец, ці той жа расеец, ня больш за тое.

І зусім ня ў ім праблема, дружок. А ў табе. Бо калі ты не нацыяналіст, дык хто? Выходзіць, ніхто.




ДАВЕДКА

Нацыяналізм. Буржуазная і дробнабуржуазная ідэалогія і палітыка, якая зыходзіць з ідэй нацыянальнай перавагі пануючай нацыі і супрацьпастаўленьня яе іншым нацыям.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы. Мінск, «Беларуская энцыклапедыя» імя Петруся Броўкі, 1999.

Нацыяналізм (фр. Nationalisme) – ідэалёгія і кірунак палітыкі, галоўным прынцыпам якіх зьяўляецца тэзыс пра каштоўнасьць нацыі як вышэйшай формы грамадзкага адзінства і яе першаснасьці ў дзяржаватворным працэсе.

Расейская Википедия

Нацыяналізм:
1. Адданасьць інтарэсам і культуры свайго народа.
2. Перакананьне, што нацыі лепш разьвіваюцца найперш самі па сабе, калі аддаюць перавагу нацыянальным, а не міжнародным мэтам.
3. Імкненьне да нацыянальнай незалежнасьці ў краіне пад замежным панаваньнем.

The American Heritage® Dictionary of the English Language, Fourth Edition copyright ©2000 by Houghton Mifflin Company. Updated in 2009.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG