Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці атрымаў Гайдукевіч грошы ў Маскве?


Калі Гайдукевіч сапраўды атрымаў грошы для сваёй партыі ў Маскве, то партыю могуць закрыць.

«Хлусьнёй і правакацыяй» назваў тое, што Лібэральна-дэмакратычная партыя Беларусі нібыта прасіла грошай у сваіх калегаў з аднатыпнай расейскай партыі, намесьнік старшыні беларускіх лібэрал-дэмакратаў Алег Гайдукевіч. Ён зьвязвае распаўсюд такіх зьвестак у інтэрнэце з рэакцыяй на «лёсавызначальную» дамову аб супрацоўніцтве лібэральна-дэмакратычных партыяў дзьвюх краін. Гэты дакумэнт быў падпісаны кіраўнікамі абедзьвюх партыяў днямі ў Маскве.

«Адназначнай хлусьнёй» назваў так званую «раздрукоўку» сваёй размовы з бацькам, старшынём Лібэральна-дэмакратычнай партыі, Сяргеем Гайдукевічам ягоны сын і партыйны намесьнік Алег Гайдукевіч. Гэты тэкст паступіў у партыйны офіс сёньня зь Нямеччыны ад Алега Алкаева. Былы начальнік СІЗА пытаецца, ці адпавядае рэчаіснасьці тэкст, у якім гаворка ідзе ў асноўным пра атрыманьне фінансавай дапамогі для Лібэральна-дэмакратычнай партыі Беларусі ў Маскве.

Алег Гайдукевіч сказаў, што гэта тапорна зробленая фальшыўка:

Алег Гайдукевіч
Алег Гайдукевіч
«Гэта адназначна хлусьня. Якім чынам яны маглі весьці запіс нашай размовы? Тое, што ёсьць у гэтай так званай раздрукоўцы, — хлусьня. Там напісана, што лідэр партыі размаўляе са мной з Масквы. А я знаходжуся ў гэты час у Менску. Мы езьдзілі разам у Маскву, калі ўжо на тое пайшло. Ужо — пракол».

Пытаньне аб фінансаваньні партыі надзвычай важнае ў Беларусі — тлумачыць «Свабодзе» юрыст Антаніна Кавалёва. Сродкі з-за мяжы — фундамэнтальная падстава для пакараньня любой зарэгістраванай палітычнай партыі:

«У законе Рэспублікі Беларусь „Аб палітычных партыях“ ёсьць артыкул 24, які завецца „Абмежаваньне ў фінансаваньні палітычных партыяў і саюзаў“. І там гаворыцца, што палітычным партыям і саюзам, а таксама створаным імі юрыдычным асобам забараняецца атрымліваць наўпрост альбо ўскосна грошы і іншую маёмасьць ад замежных краін, замежных арганізацыяў, міжнародных арганізацыяў, замежных грамадзян і асобаў без грамадзянства».

Ня мае ніякай розьніцы, адкуль прыйшлі грошы, напрыклад, з Масквы альбо Вашынгтона, — дадае юрыст. У законе няма ніякага выключэньня ля ніводнай замежнай краіны.

У Міністэрстве юстыцыі Беларусі «Свабодзе» паведамілі, што атрыманьне грошай з-за мяжы палітычнай партыяй — гэта сур’ёзнае парушэньне заканадаўства, якое можа выклікаць нават закрыцьцё такой партыі. Аднак зьвестак пра атрыманьне ЛДП Беларусі грошай з-за мяжы тут няма.

Лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька кажа, што ён зь цікавасьцю будзе сачыць за разгортваньнем падзеяў, паколькі АГП «заўжды вельмі шчыльна правяраюць на атрыманьне фінансаваньня з-за мяжы»:

Анатоль Лябедзька
Анатоль Лябедзька
«Міністэрства юстыцыі праводзіць рэгулярныя праверкі. І цікавіцца і гэтым пунктам. Існуе пастаянны кантроль за фінансавымі плынямі, якія ёсьць у партыі. Мы павінны пацьвярджаць усе свае выдаткі крыніцамі фінансаваньня. І мы гэта робім рэгулярна — нават у штомесячным рэжыме. І па выніках году нас яшчэ, як правіла, дадаткова правяраюць».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG