Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зь дзіцячага прытулку на Алімпійскі п'едэстал


Элізабэт Стоўн
Элізабэт Стоўн

Элізабэт Стоўн — зорная плыўчыха параалімпійскай зборнай ЗША, срэбная і бронзавая мэдалістка Параалімпійскіх гульняў у Пэкіне і Лёндане. Неўзабаве Элізабэт мяркуе ўпершыню пабачыцца са сваімі роднымі — у Грузіі.


Элізабэт Стоўн нарадзілася ў 1990 годзе ў беднай вясковай сям’і ў глухім закутку Грузіі. Дзяўчынку назвалі Кэтэван. Кэтэван, у якой правая нага была напалову карацейшая за левую, бацькі аддалі ў дзіцячы прытулак у Кутаісі. Адтуль яе ва ўзросьце 4 гадоў забрала Лінда Стоўн, фізіятэрапэўт зь Мічыгану (ЗША).

Элізабэт Стоўн і яе маці Лінда
Элізабэт Стоўн і яе маці Лінда


Спадарыня Стоўн, як і хацела, удачарыла дзяўчынку, якая патрабавала адмысловай апекі. Яна зь любоўю і цярплівасьцю выхавала з грузінскай дзяўчынкі спартовую зорку.

«Элізабэт, верагодна, нават ня ведае гэтага, але кожны год у яе дзень нараджэньня, 11 чэрвеня — я зноў зараз заплачу — я думала пра маму, якая яе нарадзіла, і пыталася ў сябе, ці думала гэтая мама пра дзяўчынку ў гэты дзень. Я малілася за гэтую жанчыну» — Лінда Стоўн падзялілася сваімі перажываньнямі з Радыё Свабода.

Біялягічную маці дзяўчынкі завуць Ліяна Хурцыдзе, ёй цяпер 73 гады. Разам зь ёю ў вёсцы Дзіхашхо пражываюць яе сын і дачка, двайняты Лаша і Тэона, якія старэйшыя за Кэтэван, то бок Элізабэт, на пяць гадоў. Тэона вельмі падобная на Элізабэт-Кэтэван.



«Мы працавалі на зямлі і, як маглі, гадавалі блізьнят. Мы ня мелі іншых сродкаў для жыцьця, ні прыбытку. Толькі пазьней мой муж пачаў атрымліваць пэнсію, якая нам дапамагла. Потым мой муж памёр. Паміраючы, ён прасіў мяне дбаць пра блізьнят. Кэтэван таксама была ў ягоным сэрцы з часу, як яе прынялі ў дзіцячы прытулак. Я маліла Бога, каб ён мне дазволіў пабачыць маю дзяўчынку яшчэ хоць раз у жыцьці. Я хацела пабачыць ўсіх маіх траіх дзяцей разам» — кажа Ліяна Хурцыдзе.

Элізабэт Стоўн вырашыла паехаць у Грузію, каб пабачыцца са сваёй біялягічнай маці ды братам і сястрой.

«Я заўсёды хацела вярнуцца ў Грузію, хоць бы таму, каб дазнацца пра краіну, зь якой я паходжу, пра яе культуру. Але я насамрэч ня ведаю, чаго чакаць ад гэтай сустрэчы. Я ведаю, што яны не гавораць па-ангельску, а я не гавару па-грузінску, так што гэта ня будзе самая сардэчная сустрэча на сьвеце. Але я гляджу на ўсё гэта станоўча».





Дом, дзе жыве Ліана Хурцыдзе зь дзецьмі

Ці адчувае Элізабэт Стоўн крыўду да сваёй біялягічнай маці?

«Я ня ведаю фармальнай прычыны, чаму мяне аддалі ў дзіцячы прытулак, але я заўсёды думала і верыла, што яны зрабілі гэта, каб даць мне лепшае жыцьцё, ведаючы, што потым мне будзе патрэбнае лячэньне, вельмі дарагое, і што яны ня будуць у змозе гэтага лячэньня забясьпечыць. Я з гэтым ужо зьмірылася».

Элізабэт таксама сказала нашаму радыё, што яна заўсёды хацела мець брата і сястру, а таму вельмі ўзрушаная сваёй будучай сустрэчай з Лашам і Тэонай.

Амэрыканская прыўчыха і яе грузінская сям'я
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:08:17 0:00
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG