Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У Віцебску адмянілі выставу Алеся Марачкіна


Аляксей Марачкін

Аляксей Марачкін

Экспазыцыя мелася адчыніцца 30 лістапада ў выставачнай залі мастацка-графічнага факультэту ВДУ. Але адміністрацыя перадала праз куратарку выставы, што ва ўнівэрсытэце цягам тыдня будзе праходзіць пераатэстацыя і заля будзе занятая.

Куратарка выставы Кацярына Мясьнікова кажа, што ўсе тэрміны ўзгадняліся загадзя:

«Адкрыцьцё выставы Аляксея Марачкіна „Вяртаньне“ было заплянаванае належным чынам, мы ўжо далі абвесткі ў мясцовыя газэты. Але патэлефанаваў дэкан мастацка-графічнага факультэту ВДУ Дзьмітрый Сянько і паведаміў, што выстава адмяняецца. Прычына — занятасьць залі. Пра перанос тэрмінаў гаворкі не было, так што трэба разумець, што адмова — катэгарычная. Хоць яшчэ ў мінулую пятніцу загадчык катэдры Генадзь Ісакаў запэўніваў, што ўсё ідзе як мае быць».

Карціны для экспазыцыі павінны былі прыбыць у Віцебск раніцай 26 лістапада. Даведаўшыся пра адмену выставы, Аляксей Марачкін пасьпеў у апошні момант выгрузіць іх з машыны, якую даў Саюз мастакоў.

Прабачэньня за раптоўную адмену выставы ніхто не папрасіў. З ВДУ нават не патэлефанавалі, каб папярэдзіць, апавядае Аляксей Марачкін:

«Таму і прыкра, што я сканчаў віцебскі „худграф“, быў у першым выпуску. І калі ўвесну мы зьехаліся на 50-гадовы юбілей факультэту і прагучала прапанова арганізаваць такую выставу, я быў вельмі ўсьцешаны. А цяпер разумею, што ўсё заканамерна: я знаходжуся ў „чорным сьпісе“. Два гады таму я падаваў заяўку на выставу ў менскім Музэі сучаснага мастацтва. Мне адмовілі — знайшлася прычына. Потым падаў заяўку ў мастацкі музэй. Таксама адмовілі — дырэктар Уладзімер Пракапцоў сказаў, што „музэйная палітыка“ зьмянілася, больш пэрсанальных выставаў ня будзе, а толькі выставы з фондаў. Гэта хлусьня, пэрсанальныя выставы былі і пасьля таго... Цяпер у Віцебску тэрміны былі ўзгодненыя, і мае высновы такія: можна прыдумаць любыя прычыны, але нехта, відаць, патэлефанаваў! У савецкія часы ідэолягі прапаноўвалі нам фальшывыя ідэі пабудовы камунізму, то цяпер ідэалёгія іншая — каб толькі захаваць сваю пасаду, на каленях поўзаць перад сваім гаспадаром!»

Аляксей Марачкін кажа, што не зьбіраўся выстаўляць нейкія творы правакацыйнага зьместу. Што адмыслова падабраў работы, каб там не было нонканфармізму, узяў раньнія працы зь віцебскага пэрыяду. А таксама — этуд выкладчыка Аляксандра Гаўрушкі, падараваны тады яшчэ маладому мастаку...

Куратарка выставы Кацярына Мясьнікова паспрабавала зрабіць усё, каб творы Аляксея Марачкіна ў Віцебску ўсё ж пабачылі. Патэлефанавала ў мастацкі музэй, і ёй нібыта паабяцалі арганізаваць выставу, але — калі толькі знойдзецца нейкая «дзірка» ў графіку музэйных экспазыцый.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG