Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як стаць нацыянальным лідэрам


Віктар Марціновіч
Віктар Марціновіч

На мінулым тыдні асноўным героем палітызаванай часткі Сеціва стаў філёзаф і мэтадоляг Уладзімер Мацкевіч.

Пасьля канфэрэнцыі Нацыянальнай плятформы ён даў некалькі інтэрвію, у якіх паўставаў нацыянальным лідэрам. Удакладнім: «лідэрызацыя» Мацкевіча была хутчэй мэдыйнай, чым тэхналягічнай ці структурнай зьявай, менавіта ў мэдыях ён агучваў тэзы, якія кулялі на вушы ўвесь Інтэрнэт. Сеціва паставілася да новага лідэра агрэсіўна. Пры тым, што тэзы і камэнтары Мацкевіча аб асобных дзейных палітыках і сытуацыі гучаць цалкам разумна і сугучна, так бы мовіць, рэаліям. Аднак і рэдактары, і карыстальнікі «Фэйсбуку», і камэнтатары на форумах пачалі Мацкевіча апантана троліць. Згадваецца прыўкрасны загаловак, пастаўлены «Партызанам» да мацкевічавага інтэрвію: «Я – твар лідзіруючай групы». «У наступным інтэрвію буду пазьбягаць словаў «твар», «лідэр» – зрабіў выснову ў сваім «Фэйсбуку» Мацкевіч. Анатоль Лябедзька тым часам зазначаў: «Хартыю і АГП стварыў Мацкевіч. Бацюшкі! І ланцугі амапаўскія ён ірваў! І партыю некуды спрабаваў накіроўваць. Столькі новага і цікавага!» Андрэй Дзьмітрыеў сустрэў гэтую сытуацыю ляканічнай (аднак вычарпальнай) фразай: «усе гатовыя аб'ядноўваць і толькі некаторыя гатовыя аб'яднацца».

Паспрабуем прааналізаваць вылучэньне Мацкевіча ў лідэры і зразумець, што справакавала такую агрэсіўную рэакцыю значнай часткі палітычных гульцоў.

1. Беларусь – адзіная краіна, дзе каб стаць лідэрам, трэба сябе ім абвесьціць. У іншых краінах лідэр таму і лідэр, што прымаецца ўсімі за лідэра без усялякіх абвяшчэньняў. На такі статус беларускіх лідэраў уплывае некалькі фактараў. Па-першае, адсутнасьць пляцовак для агучваньня сваіх поглядаў, для «выхаду да мас». Чалавек можа мець слушныя думкі ў галаве, але выказваць іх ён можа толькі ва ўласным офісе ці на канфэрэнцыях, куды ўсе звычайна зьбіраюцца не для абмену думкамі, а каб паказаць сябе донарам і паспрачацца.

У гэтым сэнсе я цалкам разумею, чаму Мацкевіч зьявіўся на «Белсаце». Але, каб стаць сапраўдным маргінальным лідэрам, трэба зьяўляцца не на «Белсаце», а на дзяржаўных каналах. А там месца лідэра занятае з 1994 году. Таму застаюцца паўмеры: выхад да 200 тысяч, якія глядзяць «Белсат», і спроба мабілізаваць яшчэ мільён, які пасьвіцца ў палітызаванай частцы Сеціва.

2. Ёсьць яшчэ шлях да лідэрства не праз мэдыйную пазнавальнасьць, не праз статус поп-зоркі, а «праз структуры». Але гэта – прынцыпова іншы шлях. І адбудоўваць уласную рэпутацыю, агрэгіраваць «сацыяльны капітал», трэба іншым чынам.

3. З назіраньняў за ляндшафтам апошніх дзесяці гадоў можна вылучыць два тыпы беларускіх лідэраў. Першы – «Анёл», другі – «Bad Guy». «Анёл» – гэта Аляксандар Мілінкевіч у 2006 годзе (прыклад абраны выпадкова, можа, хто згадае што іншае). Ён зьяўляецца і пачынае ўсіх «эльфіць» і з усімі сябраваць. Яму закідаюць, што ён нацыяналіст, ён пасьміхаецца ў бараду: які ж я нацыяналіст, я ж і за сяброўства з Расеяй. Яму закідаюць, што ён працуе на ўладу, а ён на тых, хто яго бэсьціць, глядзіць сваімі добрымі вачыма з такімі, ведаеце, зморшчынкамі на скронях, і тролям робіцца сорамна. Ён зьбірае ўсіх вакол сябе не таму, што ён вельмі пазнавальны, а таму, што ён ні з кім ня сварыцца. Нават зь відавочнымі казламі, нават з уродамі і тымі, хто публічна яго абражае. Праз паўгады такой кампаніі ён моцны – не таму, што яго пазнаюць у Сеціве (бо Сеціва любіць тых, што «пячэ ў камэнтах», абражае і бэсьціць іншых), а таму, што ён сабраў вакол сябе ўсё, што рушыцца. Ну, акрамя Аляксандра Казуліна. Які, дарэчы, падчас кампаніі таксама пра Мілінкевіча нічога дрэннага не казаў.

4. Другі шлях – шлях якраз таго, хто «пячэ ў камэнтах», шлях Bad Guy. Найбольш відавочны прыклад – вяртаньне Зянона Пазьняка цягам апошняга месяца. Чалавек зьяўляецца і пачынае моўным напалмам заліваць усіх, каго бачыць. Ты супраць? – шарах і па табе! Ён выкарыстоўвае ўсё, што можа, ён агучвае нават сапраўдныя лічбы з допытаў КДБ, ён бэсьціць левых, правых, лібэралаў, нацыяналістаў (бо яны не сапраўдныя нацыяналісты). У выніку ён атрымліваецца вельмі пазнавальнай зоркай Сеціва зь вельмі адмоўным патэнцыялам зьяднаньня. Адзіны ягоны актыў – ягоная партыя і тыя прыхільнікі, якіх ён абудзіў уласнай «праўдай».

5. У вылучэньні Мацкевіча спачатку мы як быццам бы бачым першы шлях, шлях «Анёла». Ён стварае плятформу, ён зьбірае прыхільнікаў, ён палемізуе, ён ні зь кім ня сварыцца. Але потым нешта здараецца. І ад схемы «анёл» Уладзімер раптам пераходзіць да схемы «Bad Guy» з такім гіпэртрафаваным зянонаўскім гучаньнем. «... Лябедзька і іншыя дэпутаты ад АГП ня выйшлі на дэманстрацыі пратэсту вясной 1996 году, матывуючы тым, што парлямэнцкая партыя ня можа блытацца з «вулічнай дэмакратыяй». Гэта пра АГП. «Для апазыцыі я вынайшаў тэрмін «арафатызацыя». Арафатызацыя азначае, што большасьць апазыцыйных структураў прызвычаіліся жыць на замежным фінансаваньні і фактычна ўтрымліваюцца донарамі» (прывітаньне, Зяноне!) – гэта пра апазыцыю.

Мацкевіч нават выказаўся пра самае сьвятое, пра Пазьняка, прычым зрабіў гэта на пляцоўцы, якая да Пазьняка ставіцца падкрэсьлена добра. «У нашай гісторыі Пазьняк займае вельмі ганаровае месца. У гісторыі. Нам трэба працягваць распачатае Зянонам Пазьняком. Але час і рэчаіснасьць патрабуе новых лідэраў, больш адпавядаючых выклікам часу», – сказаў Мацкевіч. І дадаў, што Зянон не зразумеў розьніцы паміж роляй палітыка і культуртрэгера.

6. Па выніках такога «лідэрызаваньня» мы маем сытуацыю, калі Ўладзімеру Мацкевічу вельмі складана будзе аб'ядноўвацца з АГП і КХП БНФ, болей за тое – за фразу пра «арафатызацыю» на яго (на роўным месцы!) пакрыўджаныя іншыя партыі. Пры гэтым пазьняковай мэдыйнай пазнавальнасьці таксама няма: большасьць юзэраў скандалаў не заўважыла.

«Выкрыцьці» былі занадта спэцыфічныя і вузкатэматычныя: іх хапала на тое, каб пакрыўдзіць Лябедзьку, але не хапала, каб фразы разышліся на мемы ў Сеціве.

7. Я ня ўпэўнены ў тым, што, рыхтуючы «вылучэньне ў лідэры», трэба абавязкова «чыста» трымацца адной з прапанаваных тут схемаў. Я ня ўпэўнены нават у тым, што тыя схемы вылучаныя і прапісаныя карэктна.

Але, калі б я кансультаваў палітыка (апярэджваючы ўсіх тых, хто пачне мяне ўпікаць у камэнтах: я – не палітык, я чалавек, які назірае за тым, што пішуць мэдыі аб дзеяньнях палітыкаў і робіць высновы пра мэдыі і палітыкаў), я б прапанаваў яму ў Беларусі трымацца схемы «Анёл». На буйныя мэдыі вас усё роўна не дапусьцяць, папулярнасьць у Сеціве – рэч зьменлівая і хісткая, у сувязі з шызафрэнічнай натурай Сеціва. Да таго ж, герой, які паводзіць сябе годна, нікога ня крыўдзіць і набірае вагу сяброўствам з усімі, проста лепей выглядае. А як даказалі нам браты Вачоўскі, перамога – гэта найперш вынік стылю.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG