Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Да гадавіны з дня нараджэньня выдатнага польскага пісьменьніка і пэдагога Януша Корчака ў выдавецтве «Логвінаў» пры падтрымцы амбасады Польшчы ў Беларусі выйшаў 3-томнік ягоных твораў для дзяцей.

Гэтае выданьне — абноўленыя пераклады кніг «Кароль Мацюсь Першы» і «Кароль Мацюсь на бязьлюдным востраве», а таксама першае беларускае выданьне кнігі «Кайтусь-чарадзей». 24 лістапада ў Менску распачаўся фэстываль, прысьвечаны Янушу Корчаку.



Сёньня ў галерэю «Ў» прыйшлі дзеткі з бацькамі — прэзэнтацыя ладзілася менавіта для дзетак. Таму сур’ёзных прамоваў амаль не было. Весела і дасьціпна літаратар Андрэй Хадановіч расказаў пра пісьменьніка, было шмат слайдаў, забаўных ілюстрацыяў, дзеткі глядзелі мульцікі, слухалі ўрыўкі з твораў Януша Корчака.

На думку Андрэя Хадановіча, у нас катастрафічны недахоп дзіцячых кніжак па-беларуску, да таго ж цікава і сучасна напісаных. Таму й вырашылі выдаць па-беларуску менавіта трохтомнік Корчака. Дзьве з прэзэнтаваных кніжак — гэта перавыданьне яшчэ з савецкага часу «Караля Мацюся Першага» і "Караля Мацюся на бязьлюдным востраве» ў перакладах Ядзьвігі Бяганскай і Ўладзімера Васілевіча, але падрэдагаваных — тое, што калісьці выкідала савецкая цэнзура, рэдактар пастараўся знайсьці і захаваць. А кніжка «Кайтусь-чарадзей» адмыслова перакладзеная на беларускую мову Марынай Шодай:

Марына Шода

Марына Шода

«Усе любяць чытаць пра Гары Потэра, а мала хто ведае, што за 80 гадоў да Джаан Роўлінг гісторыю нічым ня горшую, а, магчыма, цікавейшую прыдумаў Януш Корчак. Гэта гісторыя пра варшаўскага хлопчыка, які ператвараецца ў мага і чарадзея. Для дзетак тут цэлая галівудзкая спэцэфэктаўская бутафорыя цудаў, дзівосаў, фантастыкі, а для бацькоў, якія любяць падумаць — цэлы комплекс пэдагагічных праблемаў: што рабіць і як выхоўваць дзетак, захоўваючы іх правы і павагу для іх. Усё гэта ёсьць у кожнай з гэтых трох кніжак Януша Корчака».

Януш Корчак быў пэдагогам-наватарам, пачынальнікам дзейнасьці па абароне правоў дзяцей. Будучы дырэктарам дзіцячага дому, ён стварыў дзіцячы сяброўскі суд, у якім дзеці самі разглядалі свае справы і маглі таксама прыцягваць да суду сваіх выхавальнікаў.

Аташэ па культуры амбасады Польшчы ў Беларусі Эльжбета Шчапанска-Даброўска апавяла:

Эльжбета Шчапанска-Даброўска

Эльжбета Шчапанска-Даброўска

«У Януша Корчака не было сваіх дзяцей, але ўсё сваё жыцьцё ён прысьвяціў менавіта дзецям. Ён першы пачаў казаць аб правох дзяцей, стараўся ўсіх пераканаць, што няма дзяцей, а ёсьць людзі, што дзеці — гэта не прадмет выхаваўчых тэорыяў дарослых, а раўнапраўны партнэр, у якога проста няма яшчэ такога досьведу, як у дарослых».

Перакладчыца «Кайтуся-чарадзея» Марыя Шода кажа:

«Я перакладаю кніжку. Мая дачка Алена паралельна з гэтым пачынае мне расказваць, як яна марыць стаць чарадзеем. Хаця насамрэч я ёй не чытала ні кавалачка і не расказвала, бо лічыла, што яна замалая для гэтай кніжкі. Тут ёсьць эпізоды, якія супадаюць з Аленчынымі марамі адзін у адзін. Таму, я думаю, гэтая кніжка будзе цікавая ўсім дзеткам, гэтаксама як і Аленцы».

З захапленьнем і шчырым сьмехам слухалі дзеткі ўрыўкі з кніг Януша Корчака.

Гутару з акторамі Купалаўскага тэатру Ганнай Хітрык і Паўлам Харланчуком, якія вельмі эмацыйна і забаўна чыталі ўрыўкі з твораў Януша Корчака.

Ганна Хітрык і Павел Харланчук

Ганна Хітрык і Павел Харланчук



Карэспандэнтка: «А вы самі ў дзяцінстве чыталі Корчака?»

Ганна: «Я не чытала».

Павел: «І я не чытаў»

Карэспандэнтка: «А ў дарослым узросьце, калі прачыталі, што ўразіла?»

Павел: «Вельмі жывая мова. Жывыя, дынамічныя і актуальныя тэмы. Ня нешта такое фантастычнае, а вельмі простае, чаго нашым дзецям, мне здаецца, не хапае».

Ганна: «Мне падаецца, адразу працуе фантазія, адразу хочацца нешта прыдумаць... Абавязкова набуду кніжку. Свайму дзіцяці буду чытаць».

Павел: «Я таксама буду сваім чытаць. Калі Хадановіч ня зробіць такога падарунка нашым дзецям, то самі набудзем» (сьмяюцца).

Ганна Хітрык і Павел Харланчук

Ганна Хітрык і Павел Харланчук



Гутару пасьля прэзэнтацыі з маладымі бацькамі з прыгожай аднагадовай дачушкай:

«Вось у вас зусім маленечкая дзяўчынка, думаю, ня ўмее яшчэ чытаць, але кніжкі вы ўжо набылі...»

«Таму што мы лічым, што гэта вельмі добрыя кніжкі. Спачатку малая будзе разглядаць малюнкі, потым мы будзем ёй гэтыя кніжкі чытаць, а потым раскажам ёй, як яна ў год і месяц была на прэзэнтацыі гэтай кніжкі, глядзела спэктакль, і як ёй гэта падабалася. Я лічу, што гэта будзе добрая памяць».

Карэспандэнтка: «А самі вы раней чыталі Корчака?»

«Не, не чыталі, таму мы вельмі зацікавіліся гэтай прэзэнтацыяй, прыйшлі, паслухалі, нам вельмі спадабалася, набылі кніжкі і цяпер будзем іх чытаць».



Пяцігадовая Марылька ў захапленьні ад прэзэнтацыі. Прымусіла бабулю набыць ўсе тры кніжкі:

«Тут сёньня было вельмі файна. Мне вельмі спадабалася. Самае цікавае было — мульцік, там каралева вельмі прыгожа грала на дудачцы. Вельмі спадабаліся казкі».

27 і 29 лістапада адбудуцца адкрытыя лекцыі па гісторыі пэдагогікі і дзейнасьці Януша Корчака з удзелам прафэсара Анджэя Яноўскага. А 28 лістапада — прэзэнтацыя твораў Януша Корчака для студэнтаў пэдунівэрсытэту.



-------------------------------
Януш Корчак (Janusz Korczak), сапраўднае імя Гэнрык Гольдшміт, вядомы таксама як Стары Доктар ці Спадар Доктар (22 ліпеня 1878 ці 1879 году, Варшава — 5 ці 6 жніўня 1942 году, закатаваны ў нямецкім лягеры сьмерці ў Трэблінцы) — доктар, пэдагог, пісьменьнік, публіцыст, грамадзкі дзяяч, афіцэр Войска Польскага.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG