Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У палітычных турмах Беларусі – безь перамен


Зьміцер Дашкевіч

Зьміцер Дашкевіч

Вязьню гарадзенскай турмы Зьмітру Дашкевічу турэмнікі пагражалі складаньнем рапарту за парушэньне парадку ў камэры. Павал Севярынец атрымаў памочніка ў працы на складзе запчастак. Мікалай Аўтуховіч лічыць за лепшае сядзець у халоднай камэры, але там, дзе ня паляць.

Ад Зьмітра Дашкевіча прыйшоў ліст з гарадзенскай калёніі, у якім вязень напісаў пра небясьпеку атрымаць чарговае спагнаньне. Пра гэта "Свабодзе" расказаў "хімік" Павал Севярынец са спасылкай на зьвесткі ад Насты Палажанкі.

"Быццам на яго паабяцалі скласьці рапарт. Але пакуль яшчэ ня склалі. Нібыта за нейкія парушэньні. Што вісеў у камэры каляндар, які вісеў і да таго, як туды "засялілі" Дашкевіча. Ахоўнікі зайшлі ў камэру і сказалі, што парадку няма, трэба рапарт скласьці. А можа проста на нэрвы ўздзейнічаюць", — мяркуе Павал Севярынец.

Павал Севярынец

Павал Севярынец

Севярынец згадвае, што раней атрымліваў шмат лістоў ад Дашкевіча, асабліва з глыбоцкай калёніі, але з гарадзенскай турмы яшчэ не атрымаў ад сябра ніводнага ліста. Павал Севярынец на гэты конт мяркуе, што прычына — у турэмнай цэнзуры. Паводле зьвестак Насты Палажанкі, ліст, які яна атрымала ад Зьмітра, ішоў надзвычай доўга.

"Доўга ішоў ліст, чамусьці доўга. Наста кажа, што ліст завіс на 6 дзён, відаць, з-за цэнзуры".

Пра сябе Павал Севярынец паведаміў, што цяпер на склад запчастак ў вёсцы Куплін Пружанскага раёну, дзе ён робіць кладаўніком, узялі яшчэ аднаго кладаўніка і таму яму стала крыху лягчэй выконваць сваю працу.

Лідэр "Маладога фронту" Зьміцер Дашкевіч да першага прысуду на 2 гады зьняволеньня атрымаў яшчэ год турмы за непадпарадкаваньне. Палітвязень заявіў у размове з адвакатам, што справу супроць яго сфабрыкавалі.

Сустаршыня БХД Павал Севярынец адбывае 3 гады "хіміі" за падзеі 19 сьнежня 2010 году.

Мікалай Аўтуховіч: "Лепш камэра халодная, чым тая, дзе паляць"
Алена Аўтуховіч атрымала ад мужа ліст, у якім Мікалай Аўтуховіч просіць перадаць садавіны. "Пра сябе паведамляе мала. Разумею, што сумуе. Яму да заканчэньня тэрміну засталося яшчэ паўтара году. Вядома ж, хоча, каб яны прайшлі хутчэй. Але ён ня думае, што вызваляць раней. Піша, што настроены сядзець ад званка да званка", — кажа Алена Аўтуховіч.

На пытаньне, як Аўтуховіч трымаецца ў халоднай камэры, Алена адказала:

Мікалай Аўтуховіч

Мікалай Аўтуховіч

"Ягоная камэра больш яго задавальняе, бо там хоць ня паляць. Уявіце, што камэра была б большай, але і людзей больш, і калі кожны запаліць — гэта вытрымаць цяжка. Таму гэтая, відаць, яго больш задавальняе. А што камэра халодная, бо гэта паўпадвальнае памяшканьне, гэта праўда".

Прадпрымальнік з Ваўкавыску Мікалай Аўтуховіч другі раз асуджаны на 5 гадоў зьняволеньня паводле абвінавачаньня ў захоўваньні зброі. У Аўтуховіча знайшлі некалькі незарэгістраваных патронаў для стрэльбы. Прадпрымальнік завіў у судзе, што яму адпомсьцілі за спробу выкрыць карупцыянэраў сярод мясцовых і менскіх чыноўнікаў.

Мікалая Статкевіча ў турме зноў наведаў сьвятар
Мікола Статкевіч у апошнім лісьце жонцы паведаміў пра чарговую сустрэчу са сьвятаром.

Мікалай Статкевіч

Мікалай Статкевіч

"Паведаміў, што ўжо другі раз за месяц быў у сьвятара. Той даў яму пачытаць сьвятога Аўгустына. Яшчэ ў лісьце "праехаўся" па нашых апазыцыянэрах. Напісаў, што, "як заўсёды пасьля амэрыканскіх выбараў, у нашых геніяльных галовах узьнікае ідэя праймэрыз". А ў астатнім ўсё па-старому", — кажа Марына Адамовіч.

Некалькі дзён таму Міколу Статкевічу дазволі патэлефанаваць жонцы. Марына Адамовіч кажа, што голас мужа гучаў, як заўсёды, бадзёра і моцна.

Былы кандыдат у прэзыдэнты Мікола Статкевіч асуджаны за Плошчу на 6 гадоў зьняволеньня. Цяпер адбывае пакараньне ў магілёўскай турме, куды трапіў са шклоўскай калёніі як злосны парушальнік рэжыму. Статкевіч казаў пры сустрэчы жонцы, што ягоныя нібыта парушэньні сфабрыкаваныя адміністрацыяй.

"Прэмія Бяляцкаму — увага усім палітвязьням Беларусі"
Палітвязень Алесь Бяляцкі ўшанаваны нямецкай праваабарончай прэміяй імя Пэтры Кэлі. Пасьведчаньне аб прэміі атрымала ў Бэрліне жонка праваабаронцы Натальля Пінчук, а ад грашовай часткі прэміі Алесь Бяляцкі адмовіўся на карысьць справе дапамогі палітвязьням. Натальля Пінчук сказала па тэлефоне з Бэрліну:

Алесь Бяляцкі

Алесь Бяляцкі

"Прэмія — гэта найперш увага. Ня толькі да асобы Алеся, але і да Беларусі, да палітзьняволеных, да праблем з правамі чалавека".

Кіраўнік праваабарончага цэнтру "Вясна" Алесь Бяляцкі адбывае ў Бабруйскай калёніі 4,5 гады зьняволеньня нібыта за ўтойваньне вялікіх прыбыткаў. Праваабаронца кажа, што замежная дапамога ішла на падтрымку рэпрэсаваных з палітычных прычынаў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG