Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

«Лепш бы мяне катавалі мужыкі»


Рукі Васлія Сарочыка, зьбітага ў пастарунку

Рукі Васлія Сарочыка, зьбітага ў пастарунку

Галоўная тэма нашай сёньняшняй праграмы — «Катаваньні ў сыстэме МУС», а дакладней — нядаўні выпадак, які здарыўся ў Ленінскім РАУС беларускай сталіцы.


…Пасьля некалькіх гадзін прыніжэньня, зьбіцьця і пагрозаў ён пачуў ад яе на разьвітаньне: «Мы з табой яшчэ ўбачымся, і я закапаю цябе па поўнай праграме».

Яна — маладая, сымпатычная, спартовага выгляду опэрупаўнаважаная Ленінскага РУУС Менску — настойвала на яго чыстасардэчным прызнаньні. Ён, удвая старэйшы за яе чалавек пэнсійнага веку «бяз шкодных звычак», муж, бацька, дзядуля, на мове міліцэйскіх пратаколаў — не судзіўся ды не прыцягваўся, карацей, законапаслухмяны грамадзянін — не прызнаваўся, бо лічыў, што прызнавацца няма ў чым.

На прэсавай канфэрэнцыі, якую ініцыявалі праваабаронцы «Плятформы», вартаўнік адной зь менскіх аўтастаянак, што ў Серабранцы, былы кіроўца Васіль Сарочык сказаў нашай праграме: лепш бы яго катавалі мужыкі.

«Гэта так. Мужык з мужыком сёньня пілі гарэлку, а заўтра ня будуць. У іх нейкія іншыя разборкі. Але ж калі жанчына з матам дапытвае як зьвер… Яна натуральны зьвер… Надзела на мяне кайданкі, паставіла „ластаўкай“, пачала зьбіваць. Паабяцала: я цябе заб’ю, а калі застанесься жывы, то кіну ў калёнію, дзе цябе будуць гвалтаваць. Біла нагамі. У тым ліку па галаве. Калі ёй трэба было зрабіць перапынак, яе месца займаў іншы сьледчы, таксама ў цывільным, падобны да каўказца. Таксама біў па галаве. Мне стала празь нейкі час кепска, я нават страціў прытомнасьць. Я папрасіў выклікаць „хуткую“. Яна дала мне таблетку цытрамону…

Колькі я зь людзьмі гаварыў, яны ў мяне пытаюцца: а ў якім гэта было кабінэце? Адказваю: 235. Яны: ведаем яе!

Цяпер уся Серабранка гудзе. Сухары ёй зьбірае».

Дадамо, што сьляды пабояў і катаваньняў на целе Васіля Сарочыка засьведчаныя судмэдэкспэртамі, адпаведныя матэрыялы накіраваныя ў Генпракуратуру. Імя жанчыны-опэрупаўнаважанай мы не называем, пакуль вядзецца службовая праверка.



Прафэсар Бандажэўскі: «Прыёмы адпрацаваныя сама меней дзесяцігодзьдзямі»


З чым зьвязаная агрэсія тых, хто стаіць сёньня на варце беларускага закону? Чаму садызм становіцца жаночай рысай? Якім чынам гэтыя людзі трапляюць у праваахоўныя органы ды папраўчыя ўстановы? Гэтыя пытаньні ў нашай праграме будуць абмяркоўваць былы палітвязень, былыя асуджаныя ды былы сьледчы пракуратуры, праваабаронцы, псыхоляг…

У сваёй кнізе «Як выжыць у турме?» колішні палітвязень, доктар мэдыцыны Юры Бандажэўскі піша:

«Прыніжэньне чалавека як асобы працягвацца ў папраўчай установе ўвесь час яго ўтрыманьня за кратамі. Асабліва калі на тое ёсьць указаньне зьверху. Беларуская турма на тое і турма, каб ламаць чалавека. Як маральна, так і фізычна. Прыёмы гэтыя адпрацаваныя гадамі, дзесяцігодзьдзямі, а то і стагодзьдзямі. Нярэдка яны прыводзяць вязьня да адчаю…»

«Калі з пытаньнем, ці кожны ў Беларусі сёньня можа стаць ахвярай, для мяне больш-менш ясна, то пытаньне, ці кожны ў нас можа стаць турэмнікам, застаецца без адказу», — адзначае Юры Бандажэўскі.

«Агрэсія турэмнікаў залежыць ад генаў»


Зьміцер Каляда

Зьміцер Каляда

Так тлумачыць бескантрольную жорсткасьць міліцыянтаў былы зьняволены і наш сталы чытач Зьміцер Каляда.

«На ўласным досьведзе пераканаўся, што агрэсія турэмнікаў залежыць ад генэтыкі, жорсткага выхаваньня ды нейкіх кепскіх спраў у дзяцінстве. Калі чалавек трапляе ў адпаведнае асяродзьдзе, такія рысы праяўляюцца вельмі рэльефна. Дадам, што нават зьмены кантралёраў падбіраюцца па характарах. У адной зьбіраюцца, так бы мовіць, адны вырадкі, а другая — людзі як людзі. Асабліва гэта было бачна ў колішняй калёніі на Кальварыйскай, у якой утрымліваўся прафэсар і ў якой давялося сядзець і мне. Цяпер гэта існуе ва ўсіх папраўчых установах».

Што тычыцца выпадку са зьбіцьцём мужчыны сьледчай Ленінскага РАУС, то Зьміцер, чалавек, які пабачыў у сваім жыцьці шмат чаго, напачатку нават зьдзівіўся: «Каб жанчына катавала?! Няўжо такое магло здарыцца?»

Жаночы садызм


Навука псыхалёгія падае жанчыну як істоту больш эмацыйную за мужчыну. Гэта тычыцца перажываньня ня толькі пазытыўных, але і нэгатыўных эмоцыяў. Апошняе — гэта ня толькі плач ды сьлёзы, але і гнеў, фрустрацыя, жорсткасьць і нават садызм.

Прыкладаў таму нямала. Прычым ня толькі на постсавецкай прасторы. Так, за катаваньні вязьняў у ірацкай турме «Абу-Грэйб» 22-гадовая амэрыканская вайскоўка Ліндзі Інглэнд на тры гады трапіла за краты. Яна жорстка зьдзекавалася з арыштантаў-мужчынаў і да таго ж здымала гэтыя прыніжэньні на камэру.

Калі ўзяць савецкую гісторыю, то найвялікшым садызмам адзначаліся жанчыны-камісары часоў грамадзянскай вайны або вохраўкі ў сталінскіх лягерах. Маці Васіля Аксёнава Яўгенія Гінзбург у сваім «Крутым маршруце» пісала, што паводзіны жанчын-наглядчыц у турмах і на зонах у 1940–1950-х былі больш жорсткімі за паводзіны іх калегаў-мужчын. Асабліва страшным і агрэсіўным было іх стаўленьне да жанчын-арыштантак.

Сьвятлана Алексіевіч неяк расказала мне пра размову з былым вязьнем ГУЛАГу, які сьведчыў, што адна сьледчая, якая «славілася» сваімі зьдзекамі з мужчын, падчас тых катаваньняў нават прыгажэла на вачах.

Гэта былі сэксуальныя праявы працаўніц савецкай карнай сыстэмы, якія ў сваім жыцьці, па сутнасьці, ня ведалі каханьня і для якіх існаваў толькі абавязак і загад.

У сучаснай жа беларускай гісторыі да выпадку зь менчуком Васілём Сарочыкам фактаў жаночага садызму ў сыстэме МУС не назіралася, сьведчаць праваабаронцы. Кіраўнік грамадзянскай ініцыятывы «Прававая дапамога насельніцтву» Алег Воўчак, сам у мінулым сьледчы, падобнага за ўсё сваё жыцьцё ня бачыў:

Алег Воўчак

Алег Воўчак

«Гэта для мяне шок, паколькі я сам падобнага не сустракаў. Так, у 1990–2000-х жанчыны-сьледчыя маглі псыхалягічна ціснуць.Напрыклад, з уласнага досьведу, калі мяне ў 1999-м зьбівалі супрацоўнікі міліцыі, на мяне жанчына ў пагонах наяжджала толькі псыхалягічна. Потым, зыходзячы з 14-гадовай уласнай праваабарончай практыкі, я таксама такога ня памятаю. Гэта ніяк не ўкладаецца ў маёй галаве Лічу, што ў канкрэтным выпадку неабходна паставіць пытаньне адносна псыхіятрычнай экспэртызы супрацоўніцы МУС, бо гэта неадэкватныя паводзіны для жанчыны».

Прыватны выпадак?


Прадстаўніца «Плятформы» Алёна Красоўская-Касьпяровіч, якая таксама ўпершыню сутыкаецца з падобным фактам, вельмі спадзяецца, што гэта ўсё ж толькі прыватны выпадак:

Алёна Красоўская-Касьпяровіч

Алёна Красоўская-Касьпяровіч

«Я вельмі спадзяюся на гэта… Але тое, што ў сыстэме МУС стаў вядомы факт жаночага садызму, не выключае таго, што ў іншых структурах сыстэмы ня могуць працаваць жанчыны з такімі агрэсіўнымі паводзінамі. Больш за тое, нельга выключаць, што ў будучыні можна сутыкнуцца і з фактам гвалту над затрыманымі ці арыштаванымі жанчынамі, з тым, што пакуль у Беларусі яшчэ не назіралася. І гэта будзе сапраўднай катастрофай, бо калі ўспомніць гады НКВД, тады самымі страшнымі сьледчымі былі менавіта жанчыны, і трапіць да іх азначала страціць здароўе і нават жыцьцё. Вельмі б не хацелася, каб беларуская праваахоўная і пэнітэнцыярная сыстэма адпавядала ўзроўню 1937 году».

Алёна Красоўская-Касьпяровіч узгадвае жанчын — цяперашніх супрацоўніц беларускага МУС, зь якімі ёй даводзілася сутыкацца цягам апошніх шасьці гадоў, калі езьдзіла на спатканьні са сваім асуджаным мужам.
Аглядалі інтымныя месцы, і было бачна, што, зьневажаючы цябе, яны адчувалі нават нейкую асалоду


«Жанчын, якія прыяжджаюць на спатканьні ў калёнію, аглядаюць таксама жанчыны. Скажу, што гэта розныя псыхатыпы. Большасьць — адэкватныя. Яны рабілі сваю справу ветліва і карэктна. Але былі такія, якія агрэсіўна і па-хамску загадвалі распрануцца. Аглядалі інтымныя месцы, і было бачна, што, зьневажаючы цябе, яны адчувалі нават нейкую асалоду. На маю прыкідку, такіх жанчын на зоне — дзесьці прыкладна 20%. Астатнія ж цалкам адэкватныя», — кажа праваабаронца.

«Гэта тэндэнцыя»


Маці былога палітвязьня, псыхаляг Людміла Мірзаянава расказвае пра ўласны досьвед кантактаў з супрацоўніцамі СІЗА на вуліцы Валадарскага ў Менску.

Людміла Мірзаянава

Людміла Мірзаянава

«На „Валадарцы“ мне ды іншым маці або жонкам палітвязьняў пастаянна даводзілася перадаваць кнігі, абагравальнікі, вэнтылятары і г.д. праз тамтэйшых сацыяльных работніц. Найчасьцей у мяне прымала перадачы адна жанчына. Нейкіх вонкавых асаблівасьцяў жанчыны ў яе не было. Фігура, твар, жэсты, міміка — усё належала да маскуліннага, мужчынскага тыпу. Такое адчуваньне, што патрапiўшы ў мужчынскае асяродзьдзе, дзе патрабавалiся сiла, агрэсiя i дэманстрацыя ўлады, яна страціла жаночыя прыкметы. Або тыя ёй ніколі не былі уласьцівыя. Гэтая супрацоўніца не была выключэньнем. Акрамя бадай што адной, усім, хто сядзеў на перадачах, была ўласьцівая агрэсіўнасьць, імпульсіўнасьць, нянавісьць, нецярплівасьць, гнеў…»

Паводле Людмілы Міразаянавай, гэта якасьці, якія супярэчаць жаночай прыродзе, бо жанчыне, жаночай структуры асобы, як гэта вынікае з гендэрнай псыхалёгіі, уласьцівае іншае — тая ж эмпатыя, здольнасьць спачуваць іншым. Гэтага элемэнтарнага спачуваньня ў згаданых псыхолягам жанчынах, а таксама ў той опэрупаўнаважанай, якая катавала вартаўніка аўтастаянкі, няма, лічыць удзельніца нашай праграмы.

Мірзаянава: «Гэта ж нежаночая прафэсія — супрацоўніца сыстэмы праваахоўных органаў. Хоць цяпер жанчын там досыць шмат. Але ўсё ж гэта мужчынская прафэсія. Бо прафэсіі дзеляцца на мужчынскія і жаночыя. Тым ня менш, жанчына апынулася там. Чаму? Мы выходзім на праблему прафадбору. У гэтую галіну набіраюць жанчын, якія адпачатку павінны больш глыбока разумець стан людзей, быць больш эмпатычнымі згодна зь iх гендэрнай роляй. Але ж раптам перавага аддаецца жанчыне з наборам найгоршых мужчынскіх якасьцяў. Атрымліваецца так: беларуская сыстэма МУС знаходзіць такіх жанчын, такіх працаўніц, а тыя, у сваю чаргу, знаходзяць сабе прафэсію. Узаемна знайшлі адно аднаго».
У гэтую галіну набіраюць жанчын, якія адпачатку, гендэрна, павінны больш глыбока разумець стан людзей, быць больш эмпатычнымі... Але ж раптам перавага аддаецца жанчыне з наборам найгоршых мужчынскіх якасьцяў


Да гэтых словаў варта хіба дадаць, што прыкладна гадоў пяць таму ў беларускай сыстэме МУС зьявіўся новы «жаночы» напрамак — служба ў «Алмазе». Акрамя патрульна-паставой службы, жанчын-спэцназавак задзейнічаюць, напрыклад, у разгоне несанкцыянаваных акцыяў.

Пытаньне да Людмілы Мірзаянавай: як змагацца з праявамі садызму, як мужчынскага, так і жаночага, у сыстэме МУС?

Мірзаянава: «Я нічога ня ведаю пра тую жанчыну-міліцыянтку. Аднак, магчыма, яе паводзіны — вынік так званага „эмацыйнага выгараньня“. У нашай навуцы ёсьць зьвесткі, што гэты працэс характэрны для адной траціны супрацоўнікаў МУС. Калі браць сьледчых, то там сытуацыя яшчэ больш складаная. За гэтымі людзьмі трэба назіраць, іх трэба абсьледаваць…. Пэрыядычна, ведаючы пра самавыгараньне чалавека, дэфармацыю асобы ў сыстэме МУС, іх трэба тэставаць, ім патрэбная сталая псыхалягічная дапамога. І нават лячэньне. Калі ж яны трапляюць туды з акцэнтуацыяй характару, калі яшчэ падлеткамі ў кампаніях паводзілі сябе як дыктатары і былі жорсткімі, то, трапляючы ў органы правапарадку, яны ўвогуле адчуваюць сябе ў сваёй талерцы…Трэба таксама ўлічваць розныя дадзеныя псыхалягічных дасьледаваньняў. Згодна зь імі, напрыклад, жанчыны, якiя трапiлi пад апiсаньне мужчынскага тыпу, больш схiльныя перажываць гнеў i адыгрываць злосьць на навакольных»

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG