Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Айчынная вайна 1812 году ў Беларусі — гістарычная фікцыя»


«Маскоўская бітва 7 верасьня 1812», карціна Луі-Франсуа Лежона

«Маскоўская бітва 7 верасьня 1812», карціна Луі-Франсуа Лежона

У Беларусі адзначаецца 200-годзьдзе вайны 1812 году. З гэтай нагоды ў БДУ адбылася навуковая канфэрэнцыя пад назвай «Вайна 1812 году і Беларусь».

У ёй прымаюць удзел беларускія, польскія і расейскія навукоўцы. Навуковыя даклады да драбніц асьвятляюць падзеі той вайны, але галоўнай інтрыгай застаецца акадэмічная барацьба за тое, ці лічыць вайну 1812 году ў Беларусі айчыннай.

Андрэй Лукашэвіч, арганізатар канфэрэнцыі, кандыдат гістарычных навук і аўтар самай грунтоўнай манаграфіі пра тыя падзеі ў Беларусі, упэўнены, што вайна 1812 году — зьява супярэчлівая:

«Сёньня ўжо неаднаразова гучалі погляды розных гісторыкаў, прадстаўнікоў розных пакаленьняў, на гэтую вайну. Але тут трэба больш разважліва падыходзіць і расцэньваць не просталінейна — Айчынная яна ці не Айчынная. Трэба разглядаць гэтую вайну больш складана: як вайну ў адносінах да пэўнай нацыянальнай, этнаканфэсійнай і маёмаснай групы. Паколькі ўсім зразумела, што ў той час прадстаўнікі розных канфэсій, розных этнічных груп пражывалі на тэрыторыі Беларусі, то кожная з гэтых груп мела свае інтарэсы ў часе гэтай вайны. Напрыклад, магнаты і шляхта марылі найперш пра аднаўленьне дзяржаўнасьці. Ішла чарговая размова пра аднаўленьне Вялікага Княства Літоўскага ці Рэчы Паспалітай. Сяляне марылі зусім пра іншае. Для іх на першым месцы было пытаньне волі, пазбаўленьне ад прыгоннай залежнасьці. Адсюль, ізноў жа, усе спадзяваньні былі на баку Напалеона, бо ў суседнім княстве Варшаўскім ён скасаваў гэтае прыгоньніцтва. Чуткі пра гэта таксама даходзілі да беларускіх зямель.

Прадстаўнікі розных канфэсіяў, духавенства… Зразумела, што праваслаўныя арыентаваліся на Расею. Яны разам адступалі, калі пачалася вайна. У гэтым сэнсе праваслаўная царква пацярпела. Але ж большая частка ўніяцкага духавенства, каталіцкага падтрымалі Напалеона. І больш за тое — ёсьць жа прыклады, што магілёўскі праваслаўны архіяпіскап Варлаам Шышацкі таксама прынёс прысягу на вернасьць Напалеону. Фактычна ўсё духавенства на тэрыторыі Беларусі падтрымала Напалеона, у тым ліку і праваслаўнае».

«Нам трэба пазбавіцца савецкіх ідэалягічных стэрэатыпаў, — кажа Андрэй Лукашэвіч.

Андрэй Папоў

Андрэй Папоў

Адным з такіх стэрэатыпаў ёсьць уяўленьне, што падчас вайны 1812 году ў Беларусі быў партызанскі рух. З жорсткай крытыкай гэтага падыходу на канфэрэнцыі выступіў расейскі гісторык Андрэй Папоў. Ён зьвярнуў увагу, што паводле тагачасных уяўленьняў партызанскімі атрадамі называліся адмысловыя вайсковыя ўтварэньні.

«Мне стала зразумела, калі гэта прыдумалі. Выдумалі гэта ў 50–60-х гадах. Нават зразумеў, чаму. Бо да Вялікай Айчыннай вайны да гэтай вайны ставіліся пагардліва, нават не называлі ў літаратуры Айчыннай. А пасьля Вялікай Айчыннай, калі ў Беларусі сапраўды быў партызанскі рух (тут ужо іншая справа, які ён быў, бо ўсё гэта рабіла НКВД), некаторым „хворым на галаву“ людзям прыйшла ў галаву думка знайсьці такія ж зьявы і ў вайне 1812 году. І вось гэты Бычкоў, а за ім Карнейчык, прыдумалі, што ў 1812 годзе ў Беларусі быў народна-партызанскі рух. Я зараз паказаў, адмыслова разабраўшы па пунктах, што ўсё, што яны напісалі, гэта хлусьня і фальсыфікацыя. Насамрэч гэта былі проста праявы саслоўнай барацьбы».

Хоць у школьных падручніках гісторыі вайна 1812 году ўжо даўно не называецца Айчыннай, гістарычныя баталіі не сьціхаюць. Андрэй Лукашэвіч падкрэсьлівае:

«Ёсьць у Беларусі сілы, якія плянуюць дабіцца вяртаньня расейскіх падыходаў, заснаваных на савецкіх стэрэатыпах. Выступленьне амбасадара было недвухсэнсоўна на гэта накіраванае — выкарыстоўваць усе магчымыя ўплывы, каб вярнуць, навязаць Беларусі менавіта погляд, які пажаданы суседзям. Але ж мы павінны мець свой погляд».

Сапраўды, амбасадар Расеі ў Беларусі Аляксандар Сурыкаў выступіў на канфэрэнцыі зь вітальным словам.

Думку Андрэя Лукашэвіча цалкам падтрымлівае польскі прафэсар Дарыюш Наўрат:

Дарыюш Наўрат

Дарыюш Наўрат

«Гэта гістарычная фікцыя. З пункту гледжаньня Беларусі немагчыма зрабіць гэтую вайну „айчыннай“. Каб атрымаць доказы, дастаткова зьвярнуцца да крыніцы, так скажам, незалежнай. Ангельскі назіральнік пры войску Кутузава генэрал Вільсан, які суправаджае расейскі штаб праз усю кампанію, уяжджае на гэтыя землі ў лістападзе 1812 году, перасьледуючы напалеонаўскія атрады, якія проста ўцякаюць. Ён запісвае адну толькі рэч: тут усё насельніцтва на баку францускага імпэратара. Самі расейскія генэралы на ўсім працягу кампаніі зафіксавалі дзясяткі акцыяў і маніфэстацыяў на баку Напалеона — і ніводнай у падтрымку цара Аляксандра. Таму стварэньне вобразу народнай вайны для беларусаў у разуменьні расейскай Айчыннай вайны — гэта фікцыя».

Калі ж гэтыя гістарычныя дыскусіі дойдуць да беларускіх падручнікаў?

«Ніколі, — адказвае Андрэй Лукашэвіч. — Я сваім студэнтам кажу так: «Хочаце ведаць гісторыю — не чытайце падручнікі».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG